Золата
Золата

Вырваныя з кантэксту словы,
Ты паўтараеш, бы заклёны,
бы спеў, што лашчыць вуха масам,
І тым хто ў расах,
І тым што розняць расы.

Усім, хто любіць прыказкі і казкі,
Сугучнасць словаў,
Яркасць фарбаў масак!
Якія па падручніках вучылі,
Усё, што, думалі, навечна па-забылі,
А тут, нібы шматочкі сказаў,
Ірвуцца з грудзяў па адным і разам!

Ірвуцца парамі,
Праз зубы лезуць хеўрай,
Як промні сонца рэжуць цела цемры,
З маўклівасці няпэўных успамінаў,
Лятуць знянацку, але ж як імкліва!

І слова ў слова, рыфма рыхтык у рыфму!
Каб назаўжды, навечна: песняй, рытмам!
Каб толькі знак, лятуць ужо на вонкі,
З латуні - золата!
І з дроту іх пярсцёнкі!

вясельная

У гэтага саду, гаркавы водар!
У гэтага саду, палынавы твар.
Праз вочы мінаюць, ліхія нагоды,
І ў гэтых нагодах ты варты тавар!

У гэтых нагодах ты любае сонца,
У гэтых нагодах ты чыстае шкло.
Я цешуся вечна, надхнёна, бясконца,
Я цешуся шчыра і вельмі даўно!

Пажоўклыя травы п'яняць як атрута,
Маўклівыя дрэвы маўчаць нібы звер.
Які затаіўся, якога не чутна,
І так да ахвяры чыкае цяпер!

Сталмённы пейзаж адчыняецца воку,
І я на цябе ўсё грунтоўней гляджу.
І ў твар, і на спіну, і з кожнага боку,
Усё больш зразумела, што вельмі хачу.

Ніхто нам не крыкне гаркавых праклёнаў,
У садзе між нас аніводнай душы!
Ёсць зброя, ёсць шмат у кішэні патронаў!
Ёсць сад запусцелы і ў садзе ёсць ты!

Пустое паветра

Я буду глядзець у пустое паветра,
Як сонца ўздымаецца па-над гарой,
Як чэрці бягуць ад яркога прамення
І ты пазяхаеш, прыкрыўшы рукой.

Як хмары фарбуюцца кроўю чырвонай,
Як сонца іх рэжа нібыта нажом.
І з поўначы зграі бясконцай ракою,
Піць гэтую кроў будуць буйным каўшом.

Як з поўдня нястрымана цягнецца спёка,
І смага з ёй разам прыбудзе сюды.
Тады застанецца нам вельмі ня многа,
Каб выцягнуць зброю і сцерці сляды.

тады разумець пачынаю марудна,
Адкуль крочыць зграя і спёка куды.
Чые ў далечы сады дагараюць,
І хто ў далечы той паліць сады.

Чый конь пад сядлом і чый меч рубіць спраўна,
Куды чэрці роем бягуць ад святла.
Тады, у гэты час трыюмфату і славы,
Закончыцца ноч і пачнецца вайна.

Сварка

Выкрывай мяне! Грукай у дзверы гучна!
Толькі скутку мала з гэтага усяго!
Як жа гэта ўсё табе надзвычай зручна!
Як жа табе гэта да спадобы ўсё!

Ціхі вечар сапсаваны шалам!
Кроў і слёзы, слюні, пот, агонь!
Мы раней былі прыгожай парай,
Толькі зараз з пары - выцякае гной.

Вырвацца ці хочаш? Хочаш гвалту?
Біць і плакаць! Рваць у анучу плед?
Можа досыць гэткага азарту,
Сеч адзін аднога ў вінігрэд?

Гэта ўсё не скончыцца да рання!
Сёння не счакаць ужо канца!
Колькі можна крызы ды вагання!
Самцы не парваць свайго самца!

Нявечыць душу - то ўжо нам міла!
Хто б то падумаў! Хто б пра гэта дбаў!
Ператварыла любага ў дэбіла,
Калі той любы ту дэбілку пакахаў!

Адкуль і да чаго я ведаць хочу!
Ды што ўцямнага мне скажаш у адказ?
Дык можа хопіць вызвярацца ноччу?!
Давай пакінем на наступны раз.

Шэпат

Мне шэпча на вуха знясілены голас,
Стары і агідны, як скрэжэт замкоў.
- Выцягні зброю, выцягні мілы!
Пусці на свет Божы замкнёную кроў!

Я моўчкі гляджу ў вакно і ўздыхаю,
Мой подых марудны, мой твар што мука.
Я ведаю, цяжка бадзяцца па краю,
Каб край той не рыска, а з вірам рака.

Тады б я глядзеў у вакно дні і ночы,
Тады бы я моўчкі чакаў лепшых дзён.
А так, я адольваю тое, што хочу
Жадаю пажадна, і хочу здавён!

Ды моц мая цепліць напружану волю,
І вочы за гэтым нагляды вядуць!
І сілаў няма, і што нібы даволі,
Але адпусціць мне сябе не даюць!

І зноў, яшчэ раз я той голас губляю,
Хаваю пажаду, і зброю сваю.
Тады я наноў чакаць пачынаю,
Калі наплыве і нарэшце заб'ю.

Палон

Як нібы ў вежы!
На самай вяршыні!
За сценкай цаглянай!
У цеснае скрыні.
Як мніх старадаўні!
Саслеплены цемрай.
Глядзіць у сябе
А там - толькі вера!
Так я ў гэтых сценах,
Лунаю бы прывід,
Ад столі да крэсла,
Ад крэсла да кнігі,
Ад кнігі да форткі,
У фортцы маўкліва
Скразняк валасы казытае імкліва.
І сэрца грухоча,
І подых не роўны,
Навокал маўчанне,
Шуфляды, камоды.
Жаданні прыгнечаны,
Стамлённасць увагі.
Няма што пакласці
На гэтыя вагі.
Пустэльня ідэй,
Забітыя духі.
Я б кожнага ўзяў да сябе на парукі.
Ды кожны не хоча!
Жаданне нажывы.
І творчасць мяняюць
На говар ілжывы.
На рухі і жэсты,
Чужыя парады,
Так з іх нараджаюцца чэрці ды каты!
Сябе забываюць у бездані словаў,
Рутынай узброены
злодзей патронаў!
І кожны патрон
Адрывае кавалкі,
За свойны пасад,
За бутэлькі і шкваркі.
І плата за гэта
Учынкі злачынцаў,
Забруджаны говар,
Парсючыя рыльцы.
І крыкі з глыбіняў
Двудушнасці праўды,
Якую яны выдумляць вельмі рады!
І нібы нічога,
І нібы ўсё тое ж.
Ды душы ў мазуце ніяк не адмоеш!
І толькі як гук,
Як знак толькі ў вочы,
Адразу іх дзень абрываецца ноччу!
І крыкі, і жэсты,
І позірк іх строгі,
Тады з валасоў прадзіраюцца рогі!
І порткі ім хвост разрывае напругай,
Калі языком яны рэжуць бы пугай.
Падручнікі пішуць,
Малююць плакаты,
Газеты, журналы, загады ды мапы.
І толькі да кнігі няма ў іх страсці,
Бо ў кнігу сябе трэба думкаю класці!
А класці няма чаго,
Іх скарб - толькі словы,
Адное і тое ж,
Аднолькавасць мовы!
Як толькі: увага!
Сабакамі выюць.
Чытаць не чытаюць,
А сотнямі пішуць!

2002-2010 ©апіруйце і множце!
Зміцер Смалякоў