Літаргічны сон ці Трыган Д
Зміцер Смалякоў

Размова ў гэтай рабоце пойдзе не пра канец Савецкага саюза, не пра тых, хто гэты саюз сканчаў. Размова пойдзе пра дзетак бадзёрага пакалення васьмідзесятых і пра іх лёгкія забаўкі.

У дзевяноста другім годзе я пайшоў у першы клас і гэты клас быў беларускамоўным. У дзевяноста другім годзе у нашай школе ўсе класы былі беларускамоўнымі. У дзевяноста трэцім годзе нам распавядалі пра Вялікае княства Літоўскае і яго гераічнае мінулае, пра якое мы з цікаўнасцю даведваліся разам з настаўнікамі школы. Мы прымалі блізка да сэрца гэтую сармацкую культуру і прасякаліся рамантызмам вялікіх зрухаў, войнаў і рэвалюцый. Вось толькі ты быў у садзіку, дзе ў кожнай групе вісеў незнаёмы дзядзька з барадой, які, па чутках, любіў дзетак, а вось ты ўжо ў школе слухаеш аповеды пра Вялікае княства і ўяўляеш міфічнага князя з падзёртай галавой, што абвязана белай анучай, на якой праступае чырвоная рыска крыві.

У наступным годзе ў нашай школе ўсяго заставаўся толькі адзін беларускамоўны клас і ў гэтым класе вучыўся я. З нядаўняга мінулага я даведаўся толькі пра гераічныя гады канца васьмідзесятых, пра ўсеагульную эйфарыю і пра крохкія надзеі, якія ніколі не спраўдзяцца. Пра гэта я даведваўся з вуснаў бацькоў і са старонак гістырчыных кніжак, усё што раптоўна з'явілася і так жа раптоўна знікла. Ад той дзіўнай эпохі перабудовы засталіся шматлюдныя мітынгі, пах свабоды ды пазнякоўская літаратура на каланіяльныя тэмы... але і гэта сыйшло ў хуткім часе. Тады эпоха знікала, забывалася нават удзельнікамі падзей. Яны зрэдчас яшчэ прыгадвалі сваю маладосць ды студэнцкія гады змагання за праўду, незалежнасць і амерыканскія падзёртыя джынсы, а пасля ўжо і ўспаміны зацёрліся побытам і смугой. Нібы нічога і не адбылося, а калі і адбылося, то нейкая недарэчнасць, словам тое, што і не павінна было адбыцца.

Зноў наноў перараблівалася тэлебачанне, наноў перапісвалася гісторыя, у кнігарнях змяняліся кнігі і ўсё гэта рабілася так, каб знішчыць, сцерці з памяці той прамежак часу свабоды і вагання, бражэння думак і надзей на лепшае. «Перабудова» знікала ў “сегах”, Чэйзах, амерыканскіх баявіках па МКТ, у чалночных вандроўках у Маскву і Польшчу, у бандыцкіх разброках, у бізнесовай празе малінавых піджмакоў, у голадзе і галоце між чэкаў і купонаў пустых крамаў, вулічнага гандлю, кіёскаў і крыві на асфальце. Дзяржава скрала перабудову, засталася толькі негатыўна-пазітыўная настальгія ў памяці нашых бацькоў і чароўныя спевы, якія мы спявалі ў вандроўках і на святы.

Я быў яшчэ вельмі малы, калі адбываліся рэферэндумы, калі ладзіліся першыя маршы свабоды з кіданнем камянёў і пераплываннем Свіслачы. Я быў надта малы, калі святкавалася заканчэнне прэзідэнцкага тэрміну. Я чуў пра ледзь не баявыя дзеянні на вуліцах Менска, але гэта ўсё здавалася падобным да байкі з вуснаў бацькоў ці са старонак падручніка па гісторыі Беларусі. Я мог толькі спрачацца са сваёй настаўніцай, адстойваючы права на вольныя сходы і мог чакаць будучыні, гераічнай, у Каліноўскім стылі будучыні. Я хадзіў, як і большасць з нас на Курапаты, і шлях нам гэты ўяўляўся не толькі як памяць пра вялікія ахвяры сталіншчыны, але як самае непасрэднае далучэнне да гераічнага быцця, таго быцця, якога нам заўсёды бракавала і да якога мы так імкнуліся ў сэрцы.

Калі я зрабіўся старэйшым ужо не ладзіліся шматлюдныя мітынгі. Носьбіты перабудовачнай свядомасці пачалі клапаціцца пра кар’еры, ці з’ехалі ў эміграцыю. Нават зараз ходзяць легенды пра тых дзіўных людзей, якія за змаганне з “рэжымам” патрапілі за мяжу і зараз жывуць там, жывуць вялікай колькасцю, жывуць, бо страцілі свае студэнцкія месцы і набылі нешта на Захадзе. Потым былі наступныя хвалі эміграцыі, былі чарговыя рэпрэсіі, але ўжо ніколі не было таго восеньскага настрою, той гераічнай самотнасці, якая прыходзіць у час раскладання старога і нараджэння новага.

Я быў з тых, каму хацелася пераменаў, рэвалюцыі, зменаў, словам таго, што хоць троху разварушыць гэтую бясконцую дрыгву з паўрасклаўшыміся трупамі. Мы чулі пра рэвалюцыю ад нашых бацькоў, нам распавядалі міфы пра Вялікае княства Літоўскае, і мы хадзілі на небясьпечныя мерапрыемствы ў пошуках пераменаў, патраплялі ў міліцыю, але ж назаўтра вярталіся ў школы, каб далей весці змаганне за мову, за гераічнае мінулае супраць завучаў ды іншых калабарантаў сістэмы.

Час ішоў. Мы паступова рабіліся дарослымі і больш дасканала разумелі тое, што нічога не змяняецца. Нашым бацькам справа ёсць да пошуку працы і сродкаў для сямейнага выжывання; дзяржава ператыварылася ў прыбытковае прадпрыемства аднаго чалавека, а нам заставался толькі панюхаць клей з палетэленавага пакету.

Мы шчыра напіваліся півам, спявалі Новае Неба, хадзілі ў вандроўкі, п’янелі і марылі пра гераічную будучыню. Мы думалі, што зробімся дарослымі і ўсё зменім, зменім дарэшты і змены гэтыя перапоўняцца намі, той бадзёрай сілаю, што засталася ў мінушчыне. Мы зробім тое, што не зрабілі нашыя бацькі, ад чаго яны адмовіліся, больш таго, чаму яны здрадзілі. Мы пілі піва, спявалі Уліс, Краму, чыталі Арлова і марылі, марылі вяртаючыся гайдаючыся да дому, мурлычачы сабе пад нос “Вось мая зямля” і абліваючыся слязьмі, прыгадваючы Агінскага, Ластоўскага, Высоцкага... сапраўдных змагароў, сапраўдных герояў, якія паўставалі на старонках айчыннай гісторыі, а затым знікалі зацёртыя агідным ластыкам цэнзараў і ідэолагаў. У нас была гераічная мінуўшчына з улюблёнымі персанажаміі і была жахлівая рэчаіснасць, якая кацілася не тое, што да рэвалюцыі, але хутчэй куды-небудзь на кірмаш ці чым там яшчэ бацькі мусілі зарабляць грошы ў галоднае дзесяцігоддзе.

Мы рабіліся дарослымі, збіраліся ў кватэрах, пілі гарэлку, размаўлялі пра мінуўшчыну, пра тое што ёсць, думалі, што трэба ўсё змяніць і мы зменім усё, як гэта рабілі Касцюшка і Каліноўскі. Мы абліваліся слязьмі, часам хадзілі на малалюдныя, несанкцыяваныя мітынгі, але ўсё больш ужывалі гарэлку, напіваліся да чорцікаў, валяліся на падлозе, корчачы рожы і думаючы пра тое, што варта ўсё змяніць, як тое рабілі нашыя продкі, нашыя бацькі, што там казаць, у тым ліку і Ленін, з кім не бывае.

Мы пачалі разумець, што змаганне нікому акрамя нас не патрэбна. Больш таго, нашым бацькам шчыра больш падабаецца крытыкаваць бацьку на кухні, а не на плошчы Якуба Коласа ці на дрыгвяной пляцоўцы з індыйскім назовам «Бангалор».

Нас ніхто не разумее. У нас няма саюзнікаў! Ёсць прэзідэнт, які нас не любіць, бо мы па-першае не любім яго, па-другое “адмарозкі”. Ёсць АМАП, які любіць нас “гумкамі” і “добрым”словам. Ёсць апазіцыйныя іерархі, якія любяць нас за замежныя ганарары. Ёсць НРМа, якая ператвараецца ў нешта незразумелае і не па кішэні. Ёсць нейкія містычна-сектанцкія сілы, якія любяць нас, калі мы прыносім ім грошы. Ёсць мастакі і літаратары, якім мы не любы, але для якіх мы перманента існуем ў форме фанатаў, чытачоў і аматараў. Ёсць Трыган Д, якім можна добра падхарчавацца дзе-небудзь на ўзбярэжжы Свіслачы ці ў закінутым доме з чырвонай цэглы. Ёсць бібусловая гарэлка, якая цешыць сяброў-выраджэнцаў цеплынёй расфасаванай па крыві. Ёсць тытунь танных цыгарэт для ўсеагульнага супакаення. Ёсць самагонка ў лясной вандроўцы. Ёсць дэмідрол з півам, які застаўся з нашага ж лячэння дактарамі. Ёсць галаўны боль назаўтра, смазлівыя слёзы і мроі пра гераізм, якія забываюцца, ці забіваюцца вуліцай і ўжо новым адкрыццём бутэлькі пладова-выгаднай вадкасці.

Яны жывуць сваім уласным, варожым нам светам. Яны друкуюць свае Планеты, АРХЭ, Партызаны, Нашы Нівы, ЛіМы і Севецкія Беларусі, а мы тут ужываем глікадзін і бадзёрыя дэкстраметарфанныя касманаўты ходзім на бясплатныя кінасеансы і фіерычныя перформенсы Бум-Бам-Літу альбо якіх іншых мастадонтаў выраджэня. Мы глядзім на вусатага чалавека, які ў нас не выклікае аніякіх пачуццяў, але на якога плюем па ўмоўнаму, відаць, генетычна закладзенаму рэфлексу. Мы харчуемся бромгілетынам і слухаем перманентную шызафрэнію моднага Хадановіча, якая выліваецца ў незразумелыя нашым перажыванням вершы. Мы чытаем прасякнутую незразумеласцю незразумеласць вядомага эратамана Глёбуса, запіваем баклафен віном і адчуваем сябе адзінокімі. Нам падаюцца варожымі гэтыя чырвона-зялёныя сцягі, гэтыя святочныя тоўстыя чыноўнікі, гэтыя вечна багемныя прывіды, што ладзяць банкет на чарговай імпрэзе за чарговы грант. Мы запіваем вадаправоднай вадзічкай у бутэлечцы з-пад амерыканскай мінералцы Тармадол, Кетанол і так далей па анальгетыкавым радзе прэпараты ў сумесі з аспірынам. Мы размаўляем пра тое, што варта ўсё змяніць, што ёсць у нас гераічная мінуўшчына, што мы новыя героі нашай сучаснасці, што нам патрэбна рэвалюцыя, што рэвалюцыя хутка прыйдзе, але прыходзіць толькі прыход і здатнасць да мыслення, як і да маўлення выпараецца разам з астаткам шэрага рэчава ў загніваючым мазгу дзіцёнка гераічнай спадчыны. Мы губляем прытомнасць у фіерычным адчуванні сваёй датычнасці да культурасофскага ДКдэнсу, да памерлых герояў старажытных войнаў, якія харчаваліся голым сняданкам, запіваючы ўласнымі ванітамі опіўмныя супазіторыі. Недзе там, далёка ў глыбіні свядомасці яшчэ спявае ці то мужчынскі, ці то прапалены голас Касі Камоцкай, яшчэ ляцяць камяні ў бок дыктатуры, яшчэ напаўняецца гераічнасцю нашая будучыня, якая ўжо ніяк не ўяўяляецца па прычыне таго, што мы не абралі здароўе, машыну, медыцынскую страхоўку і ўсё такое астатняе за што змагаліся нашыя бацькі напрыканцы васьмідзесятых.

Ёсць выраджэнне замест іхняга, бацькоўскага адраджэння. Яны ўсё аднаўлялі для сябе і для нас, але ім ужо нецікава тое аднаўленне, як яно робіцца нецікавым і нам. Нам цікавы кубік пармідолу, калі робіцца сумна, а па тэлевізіі бязважка чаргуюцца партыі, серыялы, рэкламы існуючых парадкаў, прыхаваныя ў забароненых законам лішкавых кадрах.

Мы можам чытаць іх: паэтаў, пісьменнікаў, філосафаў; мы можам абмяркоўваць іх, крытыкаваць, разумець, але насамрэч, мы проста чакаем калі прынясуць баначку эфіру для эфімернага пералёта праз касмічны вакум амбівалентнага асяродка сталіцы. Што там сталіцы! Уся Беларусь для нас ёсць Менскам. Наш амфітаМенск, і амфітаМенск гэта наша Беларусь, што прынамсі не мае ўжо аніякага значэння, калі саспела трава і можна наварыць малачко. Паснедаць грыбамі і ў жывым эфіры наглядаць як Брэжнеў цалуецца з Хойнекерам, як паўстае з магілы Сыс, як напаўняюцца лёгкія лёгкім і мяккім дымам суцэльна з канабінолу і расліннай смалы.

Для нас вельмі істотна мова. Для нас вельмі істотна спадычна. Для нас вельмі істотна свядомая культура, але ж мы п’ем гарэлку, бацькі працуюць, а педагогі спрабуюць абнаружыць нас дзе-небудзь далёка-далёка ў сферы статычных зорак, перачытваючых Пталамея на свой новы, са змененай свядомасцю лад.

Мы згубленае пакаленне. Гэта іншым дзеткам патрэбна ўлада. Гэта іншым патрэбны грошы. Гэта іншых цісне прага з’еахаць за мяжу. Але нам хочацца іншага, хочацца кетанолу ўжыць, ці мескаліну на вечар пятніцы, каб забыцца на тыдзень уласнымі снамі эсхаталагічнага ужывання ісіхазму, праз тлум і сон чытаючы Багушэвіча, слухаючы НРМ, хутчэй з прынцыпу, бо інакш слухалі бы Нервану. Роўна праз дзесяць год дагнівання СССР, на прыканцы дзевяностых, мы згубілі ці забылі сваё прызначэнне. Мы бачым маладых людзей з гэтым дзіўным надпісам на майцы, самі часам апранаем вопрадку з выявай дзядзькі Чэ і крочым забівацца вясёлай кашкай куды-небудзь у цёмны куток, слухаючы дэпрэсіўны гурт, хутчэй за ўсё ўжо на расейскай мове, бо музыке заўсёды патрэбны грошы, а грошы сёння зарабляюць па-расейску.

Мы выдалены з рэчаіснасці і самае дзіўае, што нам пляваць. У нас усё ёсць. У нас ёсць кватэры нашых бацькоў. Ёсць стыпендыі і спонсарская падтрымка родных. У нас ёсць інтэрнет і вольная камунікацыя. Мы можам, калі толькі захочам, вучыцца ва універсітэце. Нам даволі лёгка дастаць рарытэтны, рэдкі ці нават забаронены дзяржавай фільм. Нам непраблематычна знайсці рэдкую кніжку, каб пачытаць забаронены раман. У нас ёсць дзяўчынкі-хлопчыкі, калі толькі гэта нам трэба. У нас ёсць наш мілы, цудоўны блок-пост – аптэчны кіёск у якім акрамя кантрацэпцыі супраць ідэалагічнага, палітычнага і эканамічнага ўздзеяння можна знайсці шмат чаго цікавага, што можна засунуць сабе куды-небудзь далёка-далёка на поўдзень, каб выправіцца ў экзістэнцыяльнае падарожжа ўнутар сябе. У нас ёсць усё, акрамя прызначэння, якое мы згубілі паміж эпічнымі апавяданнямі і эсхаталагічным ўжываннем ўсялякай дрэні.

Паміж пустыні бяздумнай цемры, у нашага пакалення, калі толькі яно перажыве небясьпечныя для здароўя фізічнага і душэўнага практыкі, ёсць дакладная роля, без якой айчынная культура не тое што загнецца, але знікне ў графаманскіх тэкстах і кар’ерным росце. Наш чорны, нават троху заплеснявелы дух добра аздабляе праўдзівасцю і сапраўднасцю абстаноўку гульні і падробкавага пафасу іншых маладых людзей сучаснасці. Яны пішуць, друкуюцца, працуюць у кансалтынгавых фірмах, шукаюць кватэру, зарабляюць грошы рэкламай капіталістычных тавараў, мараць пра славу і багацце, вандруюць па свеце з ідыёцкай усмешкай на вуснах у трыццаць два зубы, ганарацца сваёй незалежнасцю, засыпаюць на парах ва універсітэце, эмігруюць спачатку ў Менск, а потым далей у больш дасканалую сталіцу, ходзяць у клюбы, на дыскатэкі, апранаюць дарагую і стылёвую адзежу, таўсцеюць, фанфароняць сваімі эканамічнымі дасягненнямі, але гэта ўсё падробкавае, гэта ўсё штучнае, гэта ўсё значна больш гнілое, чым нашыя самыя жахлівыя ваніты ад сябе саміх. Яны – дзеці варожай нам культуры. Яны не-сапраўдныя. Яны палітэленавыя. Яны не могуць адчуваць тое, што адчуваем мы, бо ў іх на тое няма ні часу, ні жадання. На нашым баку праўда і доўгатэрміновае экзістэнцыяльнае перажыванне, якім мы мусім выратаваць, больш гнілое пакаленне новапаўсталых беларускіх яппі ў тым ліку і літаратурна-культурніцкай багемы падробкавага пафаса і капіталістычных (у сэнсе спажывецкага мыслення) поглядаў. Мы можам унесці хоць троху жыцця і праўды ў гэты селеконавы сінтэтычны свет пошука інвестыцый і грантаў, супрацьстаўляючы яму наш, прыватны пошук гераічнай будучыні праз прызму гераічнай мінуўшчыны, нават не гледзячы на тое, што ўсё гэта адбываецца ў вузкаабмежаваным топасе дрыгвы, якую так па-расейску трапна называюць «колхоз».

Пакінуць каментар

2006

2002-2011
Зміцер Смалякоў
Поделиться