Песні журбы

Прыгожы сын

Ты прыйшоў, ты прыйшоў прыгожы сын.
Край твой спіць, край прыемна бачыць сны.
Хто б са злодзеяў ня йшоў,
За багаццем у лясы -
Край твой спіць, край прыемна бачыць сны.

Снег ідзе. Снег ідзе каторы год.
Смерць вакол.
Смерць ваюе гарады.
Памажы сваім сябрам, аднавіць у нас сады
Толькі спяць. Толькі спяць твае сябры.

Ты ідзеш! Ты ідзеш да нас праз сон!
Уратуй! Хай жа скончыцца зіма.
У руцэ тваёй страла,
У другой двуручны меч,
Толькі дзе? І каго ты будзеш сеч?

Вось і ты! Вось і ты прыгожы сын.
Край твой спіць, з ім і ты салодка спіш.
Хто б праз возера ня йшоў,
За багаццем у лясы -
Будзе спаць! Будзе бачыць нашы сны!

Ахвяра

Я ахвяра вакумнай працэдуры.
Мяне забілі ў раннім дзяцінстве.
Разбітае яйка няшчаснай натуры:
Мае вушы не чулі, а зубы не грызлі.

Мне не паставяць прапіску ў пашпарт,
І ўжо не папіць мне гарэлкі з сябрамі.
Не шанціць сасаць мне матуліну цыцку,
І глебу не есць, каб у войска не бралі.

Мяне не палюбіць матуля, і татка,
За ручку ў садзік адвесці не зможа.
Я знік. Мне не быць не сястрычкай, ні братам,
Ніхто не палюбіць і не дапаможа.

Велічны пан

Велічны пан!
Я сам!
Я сам, мне ня трэба ніхто!
Хто? Хто? Беларус?
Вядома.
Адразу на твары відно?

Быдла? Хай сабе быдла.
А што?
Дый нічога, я так.
Абрыдла мне гэта,
Агідна!
Дык як наша бульба на смак?

Што, спадабалася?
Пэўна ж!
Смачная бульбачка, што?
Чарку да шкваркі?
Прыемна!
Хіба непрыемна?
Няўжо?

Калі ж непрыемна, прабачце.
Бо болей нічога няма.
Знайсці?
Пашукаць?
Можа скрасці?
А гэта ўжо вы дарма!

Красці тут вельмі ня добра.
Хоць мы талерантныя пан.
Але паглядзі, вось вінтоўка,
А тут табе не рэстаран!

Бывай, наш Бог нам даруе.
Прабач, паспрабуй зразумець.
Што нам дабрыні не бракуе,
Проста ня трэба барзець!

Беларусушка

Як табе тут, беларусушка?
Чую песьні спяваеш някепскія,
Што бліжэй табе воіска прускае,
Як гучней табе мова расейская.

Даспяваў ужо, і маўчыш як слуп,
Вочы коламі, нецвярозыя.
Ляжаш вечарам, прасапіш пад нос:
Хоць і власць дзярмо - зато добрая!

Як ты быў аслом так і спіш аслом,
Відаць, быдла ў табе - неўмяручае.
Няхай свет гарыць, для цябе адно:
Чарка, шкварка, адзенне маднючае.

А вось я, хто я? Я твой лепшы сын,
Ты мой лепшы маць, мы жа родныя.
Каб ты дрынам мяне, каб бы проста дрын,
Дык былі б дасканала падобныя.

Сарматчына

На руках, на нагах раны ссушаны,
У душы не памерлі - напружаны.
Напаміны пра нашую спадчыну,
Зрабаванай рознаю навалаччу.

Мы як духі пастаўнем воіскам,
Кожны з дзідаю. Кожны з поясам.
Зямлю бацькаву, зямлю матчыну,
Нашу мілую сэрцу, Сарматчыну.

Атаб'ем у бандзюкаў і навалачы,
Нашы Свіцязі, Свіслачы, Нарачы.
Нашы пушчы, сады канапляныя,
Нашы сонцы святочныя, п'яныя.

На Брэшчыне
На Брэшчыне, першымі-лепшымі,
Ударнымі тэмпамі, вершамі.
Таварышы-прадвадзіцелі,
Даяркі, старшыні, вадзіцелі
Страдалі, станалі, работалі,
Каровамі, трактарам, вопытам,
Моднымі тэлерэкламамі,
Папамі, бабкамі, мамамі.
Плацілі зарплаты кароткімі
Мяскамі, яйкамі, водкаю.
Хто нашы богі ўлюблёныя?
Модныя, добрыя, родныя.
Мы бы за іх усё аддалі бы,
Далі бы сала, дасталі бы
Усё бы за іх і для іх бы мы,
Каб надалей былі мілымі.

Беларуская

Жонка ў мяне,
Б'е мяне і п'е.
Дома не знайсці,
Тыднямі яе.

Конь мой удалы,
Як Кашчэй худы.
Ён сябе не цягне,
Што ж мяне тады.

Цёшчынька мая,
Та яшчэ змяя.
Хоча маёй смерці,
Злобная штодня.

Пан мой гуманіст,
Дужа любіць хлыст.
На маіх плячах,
Іспісаны ліст.

А мае сябры,
Як адзін браты.
П'юць у карчме гарэлку,
Й пысы б'юць тады.

Толькі я адзін,
Самы лепшы сын.
Жонку б'ю і цёшчу
А сяброў і пана
стрэльбаю забіў.

Востраў

Востраў. Дзіўны востраў.
Нікога няма, я адзін.
Хата мая, гаспадарка,
На месцы вясковых хацін.

Жонка мая недзе ў полі,
Дзеткі гуляюць з катом.
Закінуты востраў на волі,
Магутных паўднёвых вятроў.

Востраў і толькі я ў сенцах,
Я толькі ў лесе адзін.
Рублю колькі дрэваў патрэбна,
І рву колькі трэба малін.

А ў дрыгве журавіны,
І болей нікога няма.
Для гэтай бяспечнай Радзімы,
Жыццё мне аддаць не шкада.

З ружжом я паўстану за востраў,
Дзе я буду сам сабе пан.
Як думаю - робіцца млосна,
Ад гукаў сапраўдных кайдан.

Тожа

Як жа я люблю свае кусты!
У кустах мне добра і прыемна.
У кустах і я, і ён, і ты,
У кустах мы моцненькая хеўра.

Я люблю глядзець на неба з-за кустоў,
І на сонца, і на месяц неўміручы.
Не хачу ні ў горад, ні дамоў,
Там амап, міліцыя, асфальт ванючы.

Я бы выпіў для суцешаньня душы,
Толькі ж выпью - забяруць напэўна.
Лепш кустоў выключна камышы,
Камышы ня куст, затое сена.

Мне ня трэба дзеці, жонка, сват,
Сам сабе татарын, госць і злодзей.
Дык спачувайце мне, палонныя з-за крат,
Вы і за кратамі жывеце ў свабодзе.

А я прыгнечаны, мне кепска тут сядзець,
Сьлязмі пакутую і плачу кожны ранак.
У вас і дзеткі, сем'і, сэнс жыцця:
Насіць у Акрэсціна салаты на сняданак.

А я застрэлюся, ці патаплюся ўсё ж,
Заб'е мяне сумленне цёмнай ноччу.
Бывайце мілыя, я тожа патрыёт,
Я тожабеларус, я тожа хочу!

Нож

Хоча злодзей кровушкі маёй,
ён пад плотам з колышкам вартуе.
Я яму па цемечку нажом,
Прыпыню вандроўку залатую.

Я яму па самае жыццё,
Ляза вострае ўсаджу пад сэрца.
Я не злодзей, проста пытрыёт,
Хай крывёй сваёй бнадзюк уп'ецца.

А калі я раптам не пасьпею,
Ён, злачынца, апярэдзіць, што ж.
Адыйду да лепшага сусвета,
Не вазьму у руку болей нож.

Ён

Ён рады кожнаму, хто прыйдзе за парадай,
Яго парад вартая таго,
Каб перарэзаць ноччу шыю брата,
А потым піць у карчме без боязі віно.

Яго прыемнасці балюча бьюць па сэрцу,
Ён нож хавае пад спадніцаю жаны.
І кожны, хто паеў яго відэльцам,
Не змог дажыць да ранешняй вясны!

Спыні свае вандроўкі прынц-злачынца!
Ці чуеш грукат у ночы капытоў?
То за табой, тваёй крыві напіцца.
Вярнуць цябе ў пекла да сяброў.

І ціха будзе нашаму стварэнню.
Па сутарэннях пройдзе новы звон.
А гэты звон не будзе чуць збавення,
Няма тут незачыненых вакон!
2002-2011
Зміцер Смалякоў
Поделиться