Лекцыя 7. Падагульненне і вынікі
Калі верыць Esquiere, то з пункту гледжання вядомага Ватыканскага экзарсіста існуе два віды апантанасці чалавека дэманам. Першы – ўздзеянне дэмана звонкі. Гэта самы распаўсюджаны від кантактаў, які забяспечаны вонкавым уздзеяннем дэмана і патрабуе непасрэднага ўдзелу чалавека. Другі – больш рэдкі, адбываецца тады, калі дэман усяляецца ў чалавека, выкарыстоўваючы яго для сваіх далейшых маніпуляцый. Як першае, так і другое ў большасці сваёй з'яўляецца наступствам асабістага выбару чалавека, альбо зніжаным бар'ерам абароны, звязаным са змяньшэннем веры, неправільным ладам жыцця ці іншымі фактарамі. Адно робіцца зразумелым дакладна, апантанасць дэманамі прапаноўвае альтэрнатыўную мажлівасць, якая прэзентуе доступ да пасьпяховасці, грошай, альбо ўлады. Іншымі словамі, як знешняя апантанасць дэманам, так і ўсяленне дэмана ўнутар чалавека дае мажлівасць уплываць на працэсы іншым шляхам, чым звычайна. Наўпростава кажучы, стасункі з дэманам дазваляюць дасягаць таго, што звычайным шляхам дасягнуць немагчыма.
Такія стасункі рэгламентуюць шэраг ілюзій, звязаных з асабістым выбарам чалавека. У гэты выбар трэба верыць, трэба верыць, што ён працуе і дае дэвідэнты. Усяленне актуальнага дэмана павінна матэрыяльна адбівацца на прыватным жыцці, яно павінна несці фізічныя змены, выяўленныя ў паводдзіных комплексах і іерархіі каштоўнасцей. Шырокія змяненні ў гэтых сферах могуць казаць пра асабісты выбар чалавека, то бок пра тое, на што спрабуюць забыцца сацыяльная філасофія і іншыя навукі па вывучэнню зачыненых грамадстваў.
Апроч згаданых ілюзій павінна існаваць грунтоўная ўпэўненасць у зніштажальнасці дэмана які ўсяляецца, упэўненасць у тым, што немагчыма супрацьстаяць яго ўсяленню. Такая ілюзія рэгламентуе тыя акалічнасці, якія дазваляюць забыцца пра ўласны выбар. Гэтакім чынам адбываецца маскаванне сітуацыі, сімвалічны прыход несвядомага, словам тое, што дазваляе вярнуцца свядомасці чыстай і незаплямленай пасля акрыяння ад дэмана.
Такі стан рэчаў шмат у чым тлумачыць неразбуральнасць ўлады на Беларусі. Улада з'яўляецца тут тым стабілізуючым фактарам, які сваёй пастаяннасцю рэгламентуе пачуцці, якія крытыкаваў А. Анціпенка ў цытаванай працы. Патрыярхальнасць, адсталасць, недапітая савецкасць – ілюзіі незніштажальнасці ўлады. Стабільнасць, якая мяжуе з застоем, а часта са стагнацыяй нішто іншае як грунтоўная ўпэўненасць улады ў сваёй непарушнасці. Такая непарушнасць можа толькі міграваць, перацякаць з адной стадыі ў іншую. Такое перацяканне – таксама ілюзія, ілюзія якая маскіруе адыход адных і прыход іншых.
Мы ўжо разбіралі прыклады асабістай каланізацыі, вонкавае і ўнутранае ўздзеянне дэманаў, а таксама матывы, якія грунтаваліся на набыцці доступу да закрытых ці абмежаваных рэсурсаў. Мы вярнуліся да цыркуляцыі ўлады і прыйшлі да заключэння ў дусе Мішэля Фуко, аб колавароце Мікітаў Зносакаў у прыродзе. Іншымі словамі, уладу можа змяніць толькі іншая ўлада, аднаго дэмана можа змяніць толькі іншы.
Апроч гэтага, мы не адзін раз падкрэслівалі, што тая апантанасць духамі, альбо ўвядзення новых гульцоў у поле ажыццяўлення ўлады адбываецца з перспектывы сімвалічнага забесьпячэння ўлады мінулай. Як праявы апантанасці дэманамі капіруюць насценныя ілюстрацыі храмаў і не адбываюцца без патрэбнай сацыялізацыі (іншымі словамі, азнаямлення будучага апантанага з гэтымі насценнымі малюнкамі), так і прыход беларускай улады на месца каланіяльнай, ажыццяўляўся праз імітацыю алгарытмаў прапанаваных мінулымі адміністрацыямі.
Ня гледзячы на такую імітацыю, ці паўтарэнне сімвалічнага забеспячэння ўлады, новыя гульцы ствараюць сваё, спецыфічнае асяроддзе. Узнікаюць новыя элементы, якіх не было раней, рэструктуруецца як сімвалічны, так і матэрыяльны універсум лакалізванага асяроддзя. З'яўляецца новы дух, новыя ўмовы і новыя гульцы, якія забясьпечваюць новы парадак рэчаў. Не абавязкова такія гульцы падтрымліваюць відавочную ўладу, але як ужо было паказана вышэй на прыкладзе зменаў у палітычных партыях за апошнія 10-год, яны падтрымліваюць новы стан рэчаў, уладу у дусе Фуко, як яна ёсць уладай на дадзеным гістарычным этапе. Такія агенты новага асяроддзя з'яўляюцца вытворнымі такога асяроддзя і маюць повязі з мінуўшчынай хутчэй сімвалічныя, чым спадчынная. Напрыклад повязь КПБ цяперашняга ўзору з КПБ савецкага варыянту як і повязь БНФ сучаснага з тым, які быў у 1990-ых тая ж, што ў сучаснага чалавека з аўстралапітэкам. Іншымі словамі, генетычную повязь знайсці можна, але відавочна, што сучасны чалавек і аўстралапітэк усё ж зусім не адно і тое ж.
Апроч згаданага, варта зрабіць адно вельмі істотнае ўдакладненне. Новае асяроддзе, якое стварае новая ўлада, прэзентуе відавочную сістэму слабых і моцных бакоў. Уладныя апаненты будуць накіроўваць свае высілкі менавіта на слабыя бакі ўлады, аслабляючы іншае ўздзеянне. Іншымі словамі, апаненты будуць канцэнтраваць намаганні ў адным накірунку, тым самым вызваляючы ад рэсурсаў іншыя. Гэты крок дазваляе асяроддзю паглынаць аслабленыя бакі, тым самым рэпрэзентуючы апанентаў толькі ў пэўным святле. Робіцца магчымай палярызацыя існуючых праектаў. Канцэнтруючыся на пэўным накірунку, гэты накірунак пачынае рэпрэзентаваць апанента. Фарміруецца карціна, апісаная ў трэцяй главе, калі розныя праекты ў сваёй крытыцы адзін аднога рэпрэзентуюць сябе з пункту гледжання сістэмы наогул, а не з перспектывы ўласнага стаўлення. Так нацыянальны праект ператвараецца ў барацьбу за палітычную ўладу, Ліберальны – за эканамічныя выгоды, а Крэольскі – за адсутнасць шокавых зменаў. У той жа час, яны ёсць усяго толькі часткамі новага асяроддзя, іх скіраванасць на ўладу не разгойдвае яе, але наадварот яднае праз санкцыяваную рэгламенацыю асноўнага накірунку дзейнасці. Іншымі словамі, асяроддзе паглынае мову, рэлігію, працу, адукацыю і іншыя істотныя дзейнасці санкцыянаючы дыскурс у абмежаваным, лакалізаваным полі, полі ўзаемадачынення згаданых Іофе праектаў.
Такое паглынанне новым асяроддзем чалавечых дзейнасцей змяняе адаптацыйныя ўмовы, прывязваючы чалавека да новых умоваў асяроддзя. Гэтыя ўмовы могуць паўтараць, ці імітаваць папярэднія, але тым не меньш яны будуць прывязваць залежнасць не ад мінулай, але менавіта ад гэтай, канкрэтнай, цяперашняй улады. Так зменьшаны адаптацыйны парог дазваляе меньш звяртаць увагу на асяроддзе, пакінуўшы яму магчымасць самарэгуляцыі. Зменьшаныя адаптацыйныя магчымасці, самі па сабе, накіроўваюць удзельнікаў да захавання ці нават кансервавання ўмоваў. Такім чынам, робіцца магчымай аграрна-патрыярхальная алюзія сп. Алексіевіч, ці абвінавачванне ў недаразвітасці сп. Шарамета (Гл. Главу 6).
Варта зрабіць істотны вынік: адсталасць выяўляецца не праз тэхналагічную неадэкватнасць дадзенай эпосе, але працэсамі кансервацыі і захавання. Гэта тое несупадзенне, на якое звяртае ўвагу сп. Анціпенка ў цытаваным артыкуле. Але праблема сп. Шарамета і сп. Алексіевіч, як і праблема самаго сп. Анціпенкі ў тым, што такі парадак спраў з'яўляецца ў меньшай ступені наступствам, колькі прычынай. Па сутнасці, можна згадзіцца як з першым, так і з другім бокам. «Беларуская сітуацыя» сапраўды валодае тэндэнцыяй адсталасці і такая адсталасць ёсць у пэўнай ступені вытворнай ад дзейнасці каланізатараў. У той жа час, не гледзячы на гэта, тая адсталасць ёсць не чым іншым як кансервацыяй ўмоваў асяроддзя ў выніку змяньшэння адаптацыйнага парога, і з'яўляецца ў меньшай ступені вытворнай ад дзейнасці каланізатара, колькі новага асяроддзя беларускай улады. З той толькі розніцай, што каланізатарам для сп. Анціпенкі з'яўляецца не ўлада сама па сабе, але толькі пэўная ўлада, улада вонкавых дзяржаў.
Мы апынаемся ў своеасаблівым свеце, створаным самімі намі. З аднаго боку жаданне ўлады прывязаць нас да пэўных умоў, з іншага боку наша жаданне выжыць, якое дае магчымасць такой прывязкі. Новае асяроддзе складаецца з незлічонага шэрагу імітацый, паўтарэнняў, сімуляцый, новаўвядзенняў і іншых асаблівасцей, якія заблытваюць сітуацыю. Практычна, мы апынаемся ўва ўжо згаданым шэпце разнастайных заклёнаў і загавораў, дзе немагчыма вылучыць ні перадпасылкі, ні глебу. У такім разблытванні ўмоваў, перадпсылак і глебы мы не можам заставацца з Марксам, бо разблытаць клубок не ўяўляецца магчымым без разрывання вузлоў. Любыя ўзнаўленні парваных ніцяў будуць не чым іншым, як імітацыяй аўтэнтыкі дзеля вырашэння сваіх пастаўленых мэтаў (Дэканструкцыя). Адзінае, што мы можам сказаць стасоўна гэтага асяроддзя, якое нагадвае заблытаны клубок – дык толькі паўтарыць Фуко, у гэтай блытаніне паўсюль рука ўлады. І так будзе да таго часу, пакуль за рукамі ўлады мы не пачнем бачыць свае, ўласныя рукі, свае незразумелыя нам словы, і свае, не санкцыянаваныя намі рухі[1].
У гэтай сітуацыі надзвычай карысным апынуўся бы прагматызм і шмат якія праблемы ўдалося бы вырашыць. Шмат якія праблемы адпалі бы самі сабой. Свет прадстаў бы перад намі ў суцэльнай празрыстасці, такім, якім ён ёсць у каштоўнасным варыянце, без навуковых абстркацыяў кшталту розных візій сучаснасці. Але засталася бы адна, тая ж праблема, якая прымушае адмовіцца ад Марксізму і ад таго пагляда, які прапануе Фуко. Праблема сацыялізацыі і прыгнёт чалавечых дзейнасцей. Іншымі словамі, як павысіць свой адаптацыйны парог і застацца чалавекам?
Цяпер робіцца відавочна, што ў паразах нацыянальнага, у спусташэнні беларускай адукацыі, літаратуры, мовы, гуманітарных навук як істотнай дысцыплінарнасці, а таксама разбурэнне гістарычных помнікаў і хамскае стаўленне да гісторыі ёсць не толькі праблема гвалту ўлады і яе дэпрэсіўных практык, але і банальная палітызацыя гэтых культурных сфераў. Апроч палітызацыі, якая сталася закладнікам скіраванасці ўсіх рэсурсаў (людскіх, інтэлектуальных, матэрыяльных) на палітычнае, варта згадаць банальную адсутнасць таленту сярод педагогаў і літаратараў. Ня гледзячы, што і ў гэтым працэсе можна вылучыць уздзеянне каланізатара на выпрацаўку гэткага кшталту людзей, усё ж хутчэй праблема не ў мінуўшчыне, але непасрэдна ў будучыні. У адваротным выпадку не было б гэткай масавай іміграцыі ў заходнія краіны, якая ахапіла Беларусь з 1998 года. Напэўна, самі пенсіянеры не хочуць, каб у Беларусі засталіся адныя пенсіянеры, але ў тым і моц магіі, што яна запускае такія працэсы, якія дзейнічаюць незалежна ад нашых агульных жаданняў, канцэнтруючыся на лакальнай, надзвычай канкрэтнай патрэбе.
З іншага боку, апроч палітычнага ўздзеяння нельга забывацца і на эканамічныя высілкі, што з часоў Савецкага саюзу ўяўляецца неабходым, а часта нават галоўным. Часы голаду і таварнага дыфіцыту прымусілі больш пільна сачыць за стымуламі матэрыяльнага багацця, за матывам узбагачэння. У такім стасунку зноў вяртаецца Маркс і марксізм з'яўляецца менавіта той самай крытычнай тэорыяй, якая дазваляе канчаткова разабрацца з «Беларускай сітуацыяй». Марксізм вызначае цынізм і падман, шляхі забеспячэння кармушкі і навязванне ідэалогіі, заўсёды хлуслівай, бо тая прыкрывае эканамічныя выгоды паноўнага класу. Мы зноў расплюшчым вочы на класы і гамагенны, адзіны народ чарговы раз ператворыцца ў тых, хто прыгнятае і тых каго прыгнятаюць. Апроч гэтага, мы ўбачым ахвяры, зробленыя кімсьці і зноў жа такі зменім сваё ўласнае стаўленне да ахвяраў як такіх.
Такі падыход рэгламентуе ахвяры. Мы перастаем бачыць кроў і смурод паленага мяса, калі мёртвыя людзі ператвараюцца ў ахвяраў рэжыму, фашызму, сталінізму. Мы перастаем бачыць ахвяры, канцэнтруючыся на тым, хто гэтыя ахвяры прынёс. Смерць і забойствы ператвараюцца ў адмоўнае стасоўна канкрэтнай парадыгмы, з чаго не забойства само па сабе з'яўляецца негатыўным, а той хто гэта забойства здзяйсняе. Разблытванне клубкоў глебы і перадпасылак у гэтакім ключы наследуе традыцыю вяртання ўлады праз разбор ахвяраў. Мы пачынаем разрозніваць смяротнае пакаранне, масавыя рэпрэсіі і знікненне людзей, хоць часта паміж імі няма ні юрыдычнай, ні маральнай розніцы.
Падагульняючы, варта дадаць, што адзіны сродак, які вызваляе ад зачарованасці – гэта прарыў да рэальнасці. Прарыў не ў сэнсе ўбачанага гвалту, ублытвання ў экстрэмальную сітуацыю, але непасрэдная ўвага да акалічнасцей без сімвалічных дамешкаў. Нам крытычна перастаць бачыць будучыню феноменаў, у той час як варта бачыць феномены без крытычнага аналізу. Феномены ў тым выглядзе, як яны існуюць незалежна ад таго, дзеля чаго яны існуюць. Іншымі словамі, паспрабаваць адмовіцца ад дыялектыцы дзеля шырэйшай этычнай практыцы.
Такія пасылкі накіроўваюць да наступнага выніку: любы аналіз культуры і сацыяльнага прыводзіць да з'яўлення асаблівай філасофіі жыцця. Любы паліталагічны, эканамічны, сацыялагічны і нават культуралагічны аналіз прэзентуе ні што іншае як практычнае выкарыстанне філасофіі, па сродкам свайго цела выяўляе сябе ў практыцы людзей. У той жа час, нельга напісаць адзіную і нязменную філасофію жыцця, так як кожная сітуацыя прымушае ствараць філасофію жыцця наноў, кожны палітычны, эканамічны нават персанальны крызіс змушае да такіх зменаў. Філасофія жыцця заўсёды будзе існаваць у выглядзе draft'у філасофіі жыцця.
Адзінае, што павінна заставацца стабільным – найвялікшая прага да жыцця, тая ступень прыстасавання, якой можна скарыстацца ў дадзенай сітуацыі для рэалізацыі таго патэнцыялу, які быў закладзены ў нас тысячамі год эвалюцыі. Такая філасофія жыцця ёсць вытворнай не толькі ад зменлівых умоваў асяродка, але і тых інтэнцый, якія заклала ў нас прырода. Праблема Беларусі ў тым, што гэтыя інтэнцыі заўчасна прыгняталіся і працягваюць прыгнятацца ў імя культуры і ідэалагічна афарбаваных філасофій жыцця, тых філасофій, якія называюцца масавай ці звычайнай свядомасцю.
Праблема Беларусі не ў тым, што дакладна не вызначаны кім лічыць Беларуса, што лічыць Беларуссю, і што з гэтым усім рабіць. Праблема Беларусі ў прыгнятанні чалавечага, тых сфераў унутранага і сацыяльнага жыцця, якія робяць чалавека не беларусам, але ж непасрэдна чалавекам: прыгнятаюць яго мову, міжчалавечыя стасункі, незаконна скрадаюць гады жыцця ці пазбаўляюць дзяцінства. Як было ўжо паказана вышэй, вонкавы аналіз паліталогіі, сацыялогіі, філасофіі ці іншай якой дысцыплінарнасці не вызваляе чалавечыя якасці, але наадварот прывязвае да канкрэтных цяперашніх умоваў. Нават крытыка вонкавага прыгнятання ёсць увасабленнем яго панавання, ёсць выпрацоўкай спецыфічнай філасофіі жыцця, заснаванай на гэтых вонкавых, відавочных формах праяўлення гвалту.
Такім чынам, зноў думка засяроджваецца на гвалце і на руцэ ўлады, хоць і за спіной улады варта было бы ўбачыць сваё персанальнае прыгнятанне, сваю персанальную дэградацыю і свой персанальны ўдзел у гэтым. Мы зноў вяртаемся да волі і яе апасродкаванага ўздзеяння на наваколле. Атрымліваем, што такі ўдзел ёсць свядомым калі заснаваны на ўласным намаганні волі. Дэградацыя рэфлекторных кульурных рэакцый і рэвізія шаблонных схем рэакцый на культурныя заклікі адчыняюць браму да рэвізіі ўлады як часткі чалавечай асобы. Паўтараючы Маркса засяроджваемся на тым, што няма аніводнага культурнага феномену, у тым ліку ўлады і гвалту, без удзелу ў ім і здзяйснення яго чалавека. Калі мы ўбачым на каго сапраўды мы працуем калі пішам артыкул, прамаўляем сваё меркаванне, агітуем за кагосьці, калі мы правядзем рэвізію ўласных дзеяннеў і ў гэтых дзеяннях пабачым прыгнёт сябе як чалавека і падмешаныя ў пітво чароўныя напоі, то менавіта тады мы будзем здатны бачыць тое, што дзеіцца, а не тое, што падаецца. Нарэшце мы знойдзем сваё месца ў шэрагу пасьпяховых учынкаў і нарэшце зробімся гаспадарамі ўласных словаў, а не дапаможнай арміяй прыстасавання таленавітых магаў і чароўных чалавечых сілаў, нашай жа свядомасцю адарваных ад нас.
Для Еўропы такое асяроддзе, падаецца, павінна быць надзвычай цікавым, і дзіва, што дагэтуль няма вялікага навуковага руху даследаванняў Беларусі. Беларусь – ёсць чыстым узорам гісторыі прыгнятання чалавека, якім ён ёсць чалавекам для еўрапейцаў. Адрозненне Беларусі ад іншых краінаў свету, дзе чалавек прыгнятаецца ў тым, што Беларусь ёсць еўрапейскай краінай, ёсць альтэрнатыўнай Еўропай, ёсць тым, чым Ёўропа магла быць, але не стала. У той жа час, Беларусь ёсць узорам таго, чым Еўропа можа стаць і як посьпех адных: пасля Маркса, Фуко і Хабермаса, можа стацца чыннікам прыгнятання іншых, як людзей.
У гэтым сэнсе, Беларусь ёсць чыстай еўрапейскай марай пра прыгнёт, схаваны і самавыяўляльны ў людзях. Дыктатура, прыхаваная ў народзе, гвалт, сканцэнтраваны ўнутры грамадства, вольны сацыялізм, той від сацыялізму пра які марыў Шпэнглер і што спрабавала намацваць рэвалюцыя 1968 года.
Супрацьстаяць гэтаму можа толькі вяртанне здаровага сэнсу чалавечым дзейнасцям. Нішто не можа супрацьстаяць магутным чарам так, як адкрыты дыялог людзей з іншымі людзьмі, з самімі сабой і з прыродай. Нішто не дае той крыніцы жыцця, як рэалізацыя і ўдасканальванне адаптыўных здольнасцей, якія сталіся яго цяперашняга прычынай. Любыя дыструктыўныя ілюзіі, любыя чароўныя маніпуляцыі знікаюць тады, калі мы нарэшце вяртаем сабе здольнасць свядома рабіць выбар у выгоду жыцця, а не ў выгоду перавагам.