Сем адкрытых лекцый па дэманалогіі і чараўніцтву: даследзіны вытокаў беларускай улады
Зміцер Смалякоў
Лекцыя 1
Лекцыя 2
Лекцыя 3
Лекцыя 4
Лекцыя 6
Лекцыя 7

Лекцыя 5.Глеба і перадпасылкі

На працягу ўсяго нашага даследавання мы спыняемся супраць адной і той жа праблемы, праблемы глебы і перадпасылак. Глеба і перадпасылкі – гэта тое, што засталося схаваным хоць і павінна было быць выкрыта. Але выкрыта ў тым сэнсе, што перш-наперш мы павінны ведаць, што менавіта разумець пад глебай і перадпасылкамі. Па-другое, нам трэба ведаць перадпасылкі і глебу чаго мы павінны выкрываць, ці гэта глеба і пердпасылкі інтэлектуальных традыцый, ці дзяржаўнага ладу Беларусі, ці псіхалагічна-ментальных акалічнасцяў душы беларускага народа. З іншага боку, варта было бы даць сабе рады ў тым, ці з'яўляецца глеба і перапасылкі універсальнымі для ўсіх гэтых пазначаных зрэзаў, ці маюць месца розныя і не звязаныя паміж сабой глеба і перапасылкі.

Па сутнасці ў мінулых главах мы паспрабавалі разабрацца з гэтым. Спачатку мы разгледзілі разрыў, інтэлектуальны і ментальны паміж эпохай Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі. Часта гэты разрыў пазначаецца, як глеба і перадпасылкі сучаснай беларускай сітуацыі. Гэты разрыў пазначае ментальны зрух, які адбываецца на пачатку ХІХ стагоддзя і пазначаны вялікімі рэпрэсіямі, рэлігійнымі і заканадаўчымі зменамі.

Затым мы даследавалі творчасць Францішка Багушэвіча, які па словах Валянціна Акудовіча, «напісаў» Беларусь. Апроч Акудовіча, даволі распаўсюджанай думка з'яўляецца меркаванне пра тое, што менавіта Багушэвіч з'яўляецца глебай і перадпасылкай не толькі беларускай нацыі, але і беларускай дзяржавы. Уласна мае спробы прэзэнтаваць працу Валера Булгакава заключалася ў элюстрацыі менавіта гэтай думкі.

Пасля аналізу творчасці Францішка Багушэвіча і павярхоўных параўнаўчых практык з Марксам мы перайшлі да шматнацыянальнага, шматмоўнага і шматканфесіянальнага беларускага насельніцтва. Іншымі словамі, мы разгледзілі глебу і перадпасылкі Беларускай дзяржавы і культуры якая заключаецца ў мульцікультуральнасці, альбо памежнасці беларускай сітуацыі. З пункту гледжання Ігара Бабкова менавіта «матэрыяльная» акалічнасць памежнасці беларускай сітуацыі абумоўлівае накладанне разнастайных культурных візій адну на адну, тым самым арганізуючы адзін ландшафт ідэнтычнасці. Іншымі словамі, такая візія тлумачыць чаму беларускае грамадства падаецца такім цывілізацыйна падзеленым ці нават, калі ўжыць тэрмін Хантынгтана, расколатым. У той жа час памежнасць ёсць той акалічнасцю, якая дазваляе з'явіцца новаму трываламу дзяржаўнаму ўтварэнню са своеасаблівай ідэнтычнасцю «дзе ёсць месца чужому свайму і свайму чужому».

На рэшце мы падыйшлі да інтэлектуальных беларускіх практык, якія падаваліся глебай і перадпасылкакамі беларускай духоўнай сітуацыі. Менавіта разнастайныя і незвязаныя традыяцыяй тэорыі, якія варагуюць паміж сабой, адказваюць за разнастайныя праекты, павінны былі быць той глебай і тымі перадпасылкамі якія арганізавалі сучасную беларускую (інтэлектуальную) сітуацыю з усімі наступствамі. Гэтыя наступствы зафікасаваны шматлікімі аналітычнымі справаздачамі для расійскага і заходняга чытача, мала чым падобныя, але тым не меньш салідарныя ў некаторых пунктах. Тэорыі казалі пра таямнічыя сакрэты, раскрыццё якіх павінна было праліць кроплі святла на заблытаную ў глыбіні часоў і мітаў, беларускую сітуацыю. Падавалася, што менавіта аналіз такіх тэорыяў, іх узаемадзеяння паміж сабой, аналіз інхных мэтаў і дасягненняў дасць адказ на той выклік, які мы называем беларускай сучаснасцю.

Такім чынам, у нас атрымаўся, можа і не дастаткова звязаны, але аналіз магчымых глебаў і перадпасылак. Мы адштурхнуліся ад цывілізацыйных разломаў, звязаных з разбурэннем Рэчы Паспалітай і пачаткам дамінавання Расійскай Імперыі на беларускіх абшарах і скончылі сучаснымі тэорыямі, адказнымі за візію сучаснай беларускай сітуацыі ў сучасным беларускім інтэлектуальным спектры. Мы аналізавалі ідэалістычныя мадэлі, адлюсраваныя ў дзейнасці Францішка Багушэвіча па «напісанні праекту» Беларусь і звярталіся да матэрэалістычнага фактару полікультурнасці і памежнасці беларускага грамадства.

У той жа час, наўрад ці гэты аналіз падцвердзіў нашае папярэдняе меркаванне адносна прыроды глебы і перадпасылак. Мы ўбачылі, што цывілізацыяныя разрывы, якія былі адказныя за з'яўлення «магаў», такіх як Мікіта Зносак, асесар Кручкоў і ідэолаг Самсон Самасуй, выявіліся ў татальнай дамінацыі выканаўчай улады над заканадаўчай. Менавіта новая дыспрапорцыя ўлады абумовіла права моцнага над слабейшым, права дзяржаўнага слова над словам народным, простым. Дамінаванне выканаўчай улады, татальнае пакланенне ёй аказалася адказным не толькі за дзяржаўнае, але і за цывілізацыйнае змяненне. Глебай і перадпасылкамі аказаўся не проста разрыў, але змена ўладнай сітуацыі, якая апынулася адказнай за з'яўлення людзей новага кшталту, людзей, якія «закліналі словамі».

Мы звярнуліся да творчасці Францішка Багушэвіча, мяркуючы, што Францішак Багушэвіч апынецца той самай глебай, і тымі, патрэбнымі, перадпасылкамі, але замест Францішка Багушэвіча мы ўбачылі юрыдычны калапс, судовую хаатызацыю грамадства, татальны разгром юрыспрудэнцыі. Мы звярнуліся да ягонай нацыятворчай дзейнасці, а натыкнуліся на судовыя фармуляры, незадаволеныя скаргі і нематываваныя прысуды.

Лічачы, што мультыкультуралізм з'яўляецца глебай і перадпасылкамі мы звярнуліся да шматнацыянальнага, шматмоўнага і шматканфесіянальнага беларускага насельніцтва. Мы аналізавалі шматлікія праекты, якія з'яўляліся апірышчам і атожылкамі моўных, этнічных і канфесіянальных груп. Мы меркавалі, што менавіта тут мы знойдзем тую патрэбную глебу і тыя патрэбныя перадпасылкі. Замест полікультурнасці, мы знайшлі абмежаванае поле дзяржавы. У выніку мы атрымалі нечаканы рэзультат, а менавіта тое, што полікультурнасць, шматмоўнасць і поліканфесіянальнасць з'яўляюцца меньш натуральнымі чыннікамі, колькі вытворнымі ад заканадаўча-нарматыўнай дзейнасці дзяржавы, а таксама ейнай волі скіраванай на полікультурнасць, шматмоўнасць і поліканфесіянальнасць. Гэтыя, на першыя погляд, натуральныя, нават матэрыяльныя акалічнасці апынуліся вытворнымі ад тых законаў і тых жаданняў улады, якія былі накіраваны на іх стварэнне. Налічнасць шматлікасці праектаў, залежыць збольшага не ад колькасці тых, хто можа іх прадукаваць (шматлікасці этнічных груп, канфесій, моў), а ад тых магчымасцяў, якія могуць дазволіць гэтым праектам праявіцца. Іншымі словамі, тое, што мы лічылі глебай і перадпасылкамі аказалася прадуктам волі і дзейнасці дзяржавы.

Нарэшце мы звярнуліся да шматлікіх сучасных і не вельмі сучасных тэорый. Гэтыя тэорыі адмаўлялі адна адну, слугавалі розным праектам, выяўлялі сутнасць беларускага духу, беларускай дзяржаўнасці (некаторыя нават прэтэндавалі на выпрацоўку беларускай дзяржаўнай ідэалогіі). Мы меркавалі, што менавіта такія тэорыі з'яўляюцца глебай і перадпасылкай сучаснай беларускай культуры, што з'явіўшыся на пачатку незалежнасці Беларускай дзяржавы яны аказаліся адказнымі за сучасную сітуацыю, у той час як сітуацыя збольшага апынулася адказнай за з'яўленне такіх тэорыяў. Мы апынуліся перад даўжэзным калідорам, распісаным фрэскамі, але асветленым толькі часткова. Перад намі з'явіліся не варожыя тэорыі, а тэорыі, які гуляюць за адну каманду, якія наўпрост прэзентуюць адна адну ў патрэбным святле. Мы апынуліся не перад прадукаваннем рэальнасці, а перад прадукаваннем святла, якое асвятляе толькі пэўную рэальнасць і ў пэўнай скіраванасці. Мы спадзяваліся вызнаць перадпасылкі і глебу, а вызналі зангажаваную гульную святла і ценяў, якая меньш прэзентавала крыніцу святла, колькі адводзіла ад яго, асляпляючы зрок.

Мы блукалі ў полі таямнічых сакрэтаў. Мы ўбачылі як сакрэты паўстаюць і як сакрэты раскрываюцца. Мы ўбачылі падвоены свет, які дзеліцца на тое, што падаецца і тое што насамрэч дзейнічае. Але мы не змаглі дакладна сказаць, што больш рэальна: сапраўдныя дзеянні ці сімвалічнае падваенне. Мы толькі заўважылі, што раскрыццё сакрэтаў не дапамагае, але хутчэй зводзіць з тропу. Мы хацелі раскрыць віхлярства, схапіць злачынцу за руку, даведацца пра злыя намеры і прывесці да адказнасці таленавітых маніпулятараў, замест гэтага мы натыкнуліся на сцену аб'ектыўнай сітуацыі. Сакрэты аказаліся непатрэбнымі для навуковага вышуку і прыдатнымі толькі для іншага віхлярства, злачынства і маніпуляцыяў.

Надыйшоў час звярнуцца да адказнага па глебе і перадпасылках. Чым яны былі для Маркса і што Маркс разумеў пад імі?

Адказы знаходзім у Капітале, дзе Маркс не пакідае ніякіх двусэнсоўнасцяў стасоўна прыроды глебы і перадпасылак.

У сваім аналізе палітэкнаміі Маркс шукае глебу і перадпасылкі капіталістычнай вытворчасці. Маркс заўважае, што капіталістычная вытворчасць не можа адбывацца без значных мас капітала і вольнай працоўнай сілы. У той жа час, вялікія масы капітала і працоўнай сілы маюць на ўвазе назапашванне гэтага капіталу і працоўнай сілы, а значыць мы можам меркаваць, што назапашванню капіталістычнаму, якое адбываецца дзякуючы капіталістычнай вытворчасці, папярэднічала назапашванне «першапачатковае». Гэтае першапачатковае назапашванне абумовіла тую масу капітала і той аб'ём працоўнай сілы, якога апынулася дастаткова для капіталістычнай вытворчасці. Іншымі словамі, «першапачатковае назапашванне ёсць «не рэзультатам капіталістычнай вытворчасці, а яе сыходным пунктам»[i].

Такім чынам, мы апынуліся перад глебай і перадпасылкамі - «першапачатковым» назапашваннем капіталу. Стасоўна гэтай глебы і перадпасылак ў палітэканоміі выпрацавалася своеасаблівае меркаванне, меркаванне якое будавалася па-першае, на натуральнасці гэтага назапашвання, па-другое, на яго дагістарычнасці: « У старадаўнія часы існавалі, з аднаго боку, працалюбівыя, і, перадусім, беражлівыя разумныя выбраннікі, і з іншага боку, лянівыя абарванцы, якія прагулялі ўсё, і нават больш таго»[ii].

Такое тлумачэнне не задавальняе Маркса, больш таго, ён параўновае яго з тэалогіяй, якая меньш тлумачыць, колькі сакралізуе. На думку палітэканоміі, першапачатковае накапленне капіталу адбылося само сабой, натуральна і немінуча, падобна да таго, як Адам укусіў забаронены плод і ў чалавецтва пракраўся грэх. «З часоў гэтага грэхападзення вядзе сваю гісторыю беднасць шырокіх масаў, у якой, не гледзячы ні на што, усё яшчэ няма чаго прадаць, апроч сябе самой»[iii].

Маркс, як і мы, апынаецца перад цывілізацыйным разломам, які пазначае сітуацыю да (роўнасці і некапіталістычнасці) і пасля (беднасці адных і багацця іншых). Такая сітуацыя падаецца сапраўды адказнай за капіталістычны стыль вытворчасці. Магчыма, што менавіта тут знаходзіцца глеба і перадпасылкі, то бок у натуральным расслаенні грамадства: з'яўлення тых, хто можа набыць працу, і тых, каму няма што прадаць апроч сваіх працоўных рук.

З іншага боку, грошы, за якія можна наняць чужую працу і праца сама па сабе, як і жыццёвыя сродкі не з'яўляюцца капіталам самі па сабе. Першапачаткова, каб адбыўся пераход да капіталістычнай вытворчасці павінна адбыцца палярызацыя грамадства, працоўныя рукі павінны быць «вызвлены» ад сродкаў вытворчасці. Іншымі словамі, рабы, ці прыгонныя не могуць быць часткай капіталістычнай вытвочасці, так як яны з'яўляюцца альбо самі па сабе інструментам, альбо іхны існтрумент належыць ім самім. Каб пачалася капіталістычная вытворчасць інструменты павінны быць выняты, забраны, «экпрапрыяваны» з аднаго боку і з іншага боку павінна быць вялікая патрэба ў вытворчасці сярод працоўных рук, каб забяспечыць сябе і сваю сям'ю сродкамі да існавання. Іншымі словамі, каб з'явілася капіталістычная вытворчасць павінна быць вялікая запатрабаванасць у працы сярод працоўных і магчымасць даць гэтую працу на сваіх умовах сярод капіталістаў.

Такім чынам, Маркс апынуўся перад тэорыяй, якая зацемняе перадпасылкі і глебу, прэзентуючы хутчэй свайго роду тэалогію, чым навуку. З іншага боку, ён апынаецца перад разрывам, які фіксуе адыход ад адной вытворчай стадыі (феадальнай), да наступнай (капіталістычнай). Ён ведае, што гэтай глебай і гэтымі перадпасылкамі з'яўляецца першапачатковае накапленне, але ж прырода гэтага накаплення схавана. Ён глыбей аналізуе накапленне і бачыць замест накаплення жахлівую карціну прыгнёту, гвалту, экплуатацыі і крывавай юрыспрудэнцыі.

У XVI стагоддзі павялічваецца кошт на поўсць. Феадалы масава экпрэпрыююць землі ў сваіх сялянаў, шматлікія вёскі знесены, ворыўныя землі зменьшаны усё аддадзена на выган атараў авец. Апроч гэтага, феадальныя маёнткі з федальнай уласнсці пераходзцяь ува ўласнасць асабістую. Натуральныя падаткія, такія як паншчына і прадуктовы падатак замяняюцца падаткам грашовым. Знікла патрэба ў прадуктах дзейнасці прыгонных сялянаў, з'явілася патрэба ўва універсальным эквіваленце – грошах.

Маркс цытуе акт ад 1489 года выдадзены Генрыхам VII у якім заўважаецца наступнае:

«Значная колькасць арэндаваных зямель і вялікія статкі быдла, у асаблівасці авец, накопліваюцца ў нешматлікіх руках, у выніку чаго зямельныя рэнты вельмі падвысіліся, а апрацоўка ворыва прыйшла ў занядбанне, цэрквы і дамы знесены і на дзіва вялікія масы людзей пазбавіліся магчымасці ўтрымліваць сябе і свае сем'і[iv]».

У тым жа XVI стагоддзі рэфармацыя адбірае землі царквы. Самы вялікі феадал і ўладальнік зямлі знікае. Манастыры, якія былі аплотам тысяч сялянаў разбураны, іх насельнікі сагнаны з зямель. Дзяражаўная зямля альбо раздарана, альбо незаконна прысвоіна. Тысячы людзей, якія раней маглі пракарміць сябе за кошта апрацоўкі сваіх зямель застаюцца без сродкаў да існавання. Сотні тысяч сялянаў, зганаюцца з зямель і ператвараюцца ў галоту.

Першапачаткова юрыспрудэнцыя была на баку сялянства і прымала захады па абароне сялянскіх катэджаў. Заканадаўча было прадугледжана абавязковая прысутнасць агарода ля сялянскай сядзібы. Але на прыканцы стагоддзя закон ужо не спаўняўся. Тысячы сялян ператварыліся ў валацугаў. Яны апанавалі дарогі, масава перабраліся ў гарады і зараблялі сродкі на існавання толькі тым, што прасілі падаяння. Так як людзей пазбаўленых зямлі мануфактурная вытворчасць у поўнай ступені ўжыць не магла, то сотні тысяч людзей, якія апынуліся ў стане валацугаў, патраплялі пад дзеянне крывавага антывалацужнага заканадаўства.

Пачынаючы ад 1530 года, калі выходзіць антывалацужны акт Генрыха VIII адбываецца вялікі юрыдычны наступ супраць «вольна бадзяючагася» насельніцтва. Тых, сагнаных людзей, якія былі пазбаўлены сродкаў вытворчасці, юрыдычна абавязалі працаваць. У якасці пакарання за валацужніцтва прадугледжваліся дзеянні ад выпальвання таўра на твары, да смяротнага пакарання. Валацугаў пачалі саджаць у турмы, караць збіццём, выпальваннем таўра, продажам у рабства, у рэшце-рэшт смерцю.

Тыя хто патрапляў у рабства рабіліся інструментам і рабочай сілай нараджаючыхся капіталістаў. Тыя, што вольна наймаліся на працу атрылівалі мізэрныя заробкі. У гэтую гістарычную эпоху юрыдычна ўсталёўваўся максімум зарабатнай платы, а не мінімум. Часта зарплаты хапала толькі на тое каб фізічна пражыць. Страйкі, лакаўты і хоць якая дамова працоўных для абароны сваіх інтарэсаў забаранялася. Першапачатковае накапленне адбывалася татальнай экпрэпрыяцыяй сродкаў вытворчасці, а затым юрыдычным прымушэнням да працы. Глеба і перадпасылкі па Марксу – гэта гвалт, крывавыя законы і відавочная экплуатацыя, словам усё тое, што ўздзейнічае не апасродкавана, а відавочна. Перад намі зноў паўстае Ленін, які ад слоў пераходзіць да захопу зброі, тэлеграфу і банкаў.

Стасоўна глебы і перадпасылак у Маркса няма пытання, глеба і перадпасылкі – гэта відавочныя, матэрыяльныя, механічныя ўмовы якія відавочна прымушаюць да пэўнага дзеяння. У сітуацыі адсутнасці зямлі, малой запатрабаванасці ў працоўных руках на мануфактурнай вытворчасці не было іншага выйсця апроч жабрацтва. Але і жабрацтва перастала быць такім выйсцем, калі за жабрацтва пачалі забіваць. З'явіўся такі клас якому было жыццёванеабходна працаваць, прычым слова жыццёванеабходна ўжываецца ў літаральным сэнсе. З іншага боку, у гэтага насельніцтва не было анічога апроч жадання працаваць, у іх не было не існтрумента, ні ведаў, ні маёмасці. Адзінае што яны маглі прапанаваць, дык толькі свае рукі. Пралетарыят з'явіўся не дзякуючы гістарычным разрывам, доўгага праядання сваёй маёмасці ці кепскай эканамічнай дзейнасці, пралетарыят, як неабходны чыннік капіталістычнай вытворчасці з'яўляецца праз гвалт, крывавае заканадаўства і голад. Іншымі словамі перад намі набор відавочных механізмаў пераходу ад феадалізму да капіталізму.

Гэты пераход, альбо, калі заўгодна, нават цывілізацыйны пералом немінуча звязаны з заняпадам адной эпохі і надыходам другой. Калі б мы былі гісторыкамі, то абавязкова зазначылі, што надыходу капіталізма спрыяў распад феадальнага ладу, знішчэнне і раскладанне феадальных форм гаспадарання, мыслення, кіравання. Але ж з пункту гледжання філасофіі, якая знаходзіцца на баку пункту гледжання Маркса, менавіта надыход капіталізма стаўся фактарам знішчэння феадалізму і менавіта капіталізм адказны за смерць феадалізму. Іншымі словамі, дзе для аднаго даследчыка заняпад, для другога – нараджэнне новай эпохі.

Так для І. Бабкова з'яўленне беларускай ідэнтычнасці прыпадае на канец XVIII стагоддзя. Той жа час для Адама Мальдзіса[v] ёсць анархіяй, віхлярствам, рэлігйным фанатызмам і дамінаваннем псеўдарылігійных забабонаў. Іезуіцкія калегіюмы, якія былі адказныя за масавую адукацыю, апынаюцца адказнымі за масавы алкагалізм. Шляхта – абарона дзяржавы, ператвараецца ў бязлітасцівага тэрарыста, якая ў баляванні і паляванні на маладых сялянак не здатна абараніць не толькі дзяржаву, але нават саму сябе. Сялянства – будучы сэнс і аплот ідэнтычнасці выяўляецца натоўпам манкуртаў, зганьбаваных, спустошаных, прыгнечаных, якія шукаюць збавення ад шляхецкага тэрору і пастаянных войнах у казацкіх атрадах, спусташаючых краіну[1].

Нешта падобнае адбываецца з раскладаннем Савецкага Саюзу і Расійскай Імперыі. Менавіта ў гэтым раскладанні шукаюць тыя пачаткі і тыя акалічнасці з'яўлення новых ідэнтычнасцяў, мітаў і ідэалаў. Іншымі словамі, у такім раскладанні дзяржавы і яе грамадзянаў, шукаюць адказы на тое, якім чынам з аднолькавых камсамольцаў атрымліваюцца апалагеты розных ідэалагічных груповак; як з аднолькавых расійскіх абыватэляў выходзяць супрацьлеглыя героі грамадзянскіх войнаў.

Але гэта толькі з аднаго боку. З іншага боку мы не можам дакладна сцвердзіць, што раскладанне аднаго ладу наўпростава вядзе да з'яўлення людзей новага кшталту. Мы не можам палтумачыць сувязь паміж алкагалізмам, рэлігійнымі забабонамі, шляхецкім тэрорам і з'яўленнем беларускай ідэнтычнасці. Раскладанне само па сабе не можа быць чыннікам стварэння. Ніякія тэндэнцыі дэградацыі не могуць сведчыць пра хоць якія крэатыўныя элементы. Адзінае, што мы можам сказаць, дык толькі тое, што заняпад можа быць знакам, прыкметай, сярэднявечным метафізічным маяком зараджэння новага. Заняпад кажа нам толькі пра змяненне, але ж не кажа анічога пра ягоны прадмет.

Што тычыцца глебы і перадпасылак у нашым дачыненні, то не з'яўляецца сакрэтам, што і мы маем справу з заканадаўствам, уладай, прымушэннем і масавым тэрорам. Як і Маркс мы апынаемся перад свавольствам выканаўчай улады, крывавымі законамі, масавымі растрэламі і пажыццёвай рабскай працай. Мы апынаемся перад гэтай глебай і перад гэтымі перадпасылкамі, але чуем какафонію разнастайных тэорыяў, якія то апраўдываюць, то выкрываюць сітуацыю. У некаторыя гістарычныя моманты какафонія знікае, запаноўвае адзін трывалы голас і гэты голас ап'яняе, ён магічна заварожвае, усыпляючы пралетарыят, прымушаючы працаваць за поліўку, а то нават за працадні, чэкі ці лозунгі. Калі да бясплатнай працы вядзе бізун і растрэльны артыкул, то голас хутчэй улагоджвае, падтрымлівае, аргументуе. Словы не наўпрост прымушаюць да працы, але хутчэй скараюць да апалагетыкі несправядлівасці.

У іншыя гістарычныя моманты сама какафонія з'яўляецца такой апалагетыкай. Невідавочнай робіцца глеба і перадпасылкі, на першы план выходзіць патрыятызм, рэлігійная барацьба, вызваленчая інтэрнацыянальная вайна, выкрыванне пятай калонны, словам усяго таго, што пачынае мроіцца ў гэтай какафоніі тэорыяў. Какафонія не тлумачыць і не выбудоўвае апалагетыку, яна прыхоўвае, маскіруе, камуфлюе глебу і перадпасылкі нібы і няма іх. На пярэдні план выходзіць раскладанне эпохі, хаваючы і маскуючы адказных за раскладанне. Тых, хто стварае аб'ектыўныя фактары для новай рэчаіснасці.

З іншага боку, для нас у меньшай ступені цікавы глеба і перадпасылкі як такія (бо яны дакладна вызначаны Марксам, і адшукаць іх на рэальным гістарычным матэрыяле не зойме шмат часу), колькі тыя магічныя сілы, якія адлюстроўваюць іх у інвертаваных фарбах. Гвалт і кроў ператвараюцца ў абарону праваслаўнага насельніцтва, крывавыя рэпрэсіі – у барацьбу за светлую будучыню, а рабская праца – у фонд будучых пакаленняў. Падаецца, што мы маем справу са своеасаблівым канструяваннем сацыяльнай рэчаіснасці, нібы нехта адмыслова стварае пэўныя візіі, ідэялагічныя пастулаты, апранаючы паранджу з лозунгаў на вочы грамадству, каб тое не бачыла глебы і перадпасылак. Іншымі словамі мы апынаемся перад фантастычнасцю апісання рэчаіснасці. Фантастычнасць палягае ў тым, што не аддаецца аніякай увагі глебе і перадпасылкам, яны альбо фальсіфікуюцца, альбо ўпрыгожваюцца, і ўжо у газетах мы не можам пазнаць той брутальны свет у якім мы жывем.

Такая фантастычнасць сімвалічна пазначаецца ў метафары народа «які спіць». Яго сон глыбокі, ён не ўсведамляе яшчэ сябе, ён яшчэ гегелеўскі дух у сабе, якому трэба абудзіцца і ўбачыць сваю адрознасць ад таго, што адбываецца. Народ спіць і яму сніцца замест крывавых разораў, цяжкай працы і спрадвечнага голаду дзіўная рэчаіснасць з добрым царом, прыязнымі чыноўнікамі і бойкім паліцыянтам накшталт асесара Кручкова.

Туды ж кіруе метафара «цёмнага» народу. Народ не адукаваны, а значыць прыдатны для таго, каб яму вешалі «лапшу на вушы». Цёмны народ – урадлівая глеба для сацыяльных і палітычных тэхналогіяў, якія круцельствам і падманам кантралююць яго. Менавіта дзякуючы сваёй цямноце народ не бачыць рэальнасці, таго, што яго экплуатуюць, вынішчаюць яго мову, прадаюць ягоных сыноў у рабства ці ў «маскаля». Ён не хоча паўставаць, бо ён не бачыць падставаў для паўстання праз сваю неадукаванасць.

Нарэшце трэцяя метафара, прапанаваная Ігарам Бабковым, метафара «мёртвага» народу, якая з'яўляецца лагічным заканчэннем першых дзвюх. Сон быў такі моцны, а цямнота такой цёмнай, што згубілася надзея на тое, што ўвогуле можна нешта зрабіць з гэтай цемрай і гэтым сном. Народ фізічна не можа бачыць той жах, які дзейсніцца на ягонай зямлі. Ён проста не прыдатны для таго, каб супрацьстаяць махлярству і шэльмаванню прыгнёта, экплуатацыі і каланізацыі. Выглядае на тое, што і няма ніякага народу, што народ памёр, бо не бачыць відавочнай фантастычнасці апісання крывавай беларускай рэчаіснасці.

Гэтым метафарам супрацьпастаўляецца метафара «абуджальнікаў», тых, хто імкнецца паказаць разрыў паміж апісаннем і рэчаіснасцю. Гэта настаўнікі, якія замагаюцца з цямнотай, гэта агітатары, якія абуджаюць народ, гэта палітычныя рэаніматары, якія робяць «штучнае дыханне[2]» мёртвай краіне і вяртаюць такі яе да жыцця. Мы апынаемся перад паліттэхналогіямі і адраджэннем, - рухам які супрацьстаіць гэтым тэхналогіям у асобе Янкі Здольніка, настаўніка Лабановіча ці вучня агітатара.

Цяпер мы маглі бы заняцца намерамі ўлады, тэорыямі якія тлумачаць канструяванне сацыяльнай рэальнасці, звярнуліся бы да паліттэхналогіяў і да таго падобнага. Мы бы звярнуліся да тэорыяў каланіялізму, працавалі бы ў дусе Алеся Анціпенка, шукаючы механізмы зараджэння комплексу непаўнавартасці і іншых механізмаў кантролю. Але больш праўдападобна, што фантастычнасць апісання ідзе не з фальсіфікацыі сапраўднадсці апісаннем, а з самой фантастычнасці рэальнасці. Высвечванне, гульня за адну каманду, бражэнне ў галавах і нежаданне нешта змяніць, фантастычнасць духоўнага свету ідзе наўпрост з фантастычнасці зарабатнай платы і ўмоваў працы, наяўнасці грамядзянскіх свабодаў, і налічнасці нематываных масавых рэпрэсій. Фантастычная рэчаіснасць: праца за працадні, мізэрны заробак, кепскія ўмовы найму і працы, татальная экплуатацыя насельніцтва дзяржавай, масавы гвалт і здзек адлюстроўваюцца ў фантастычных формах духоўнага свету, у формах радасці і барацьбы за прагрэс. Кожная форма рэчаіснасці, арганізуе сваю ўласную форму падваення.

Вызваленне – гэта спроба расплюшчыць вочы, прарвацца да фантастычнасці рэчаіснасці. Праблема не ў тым, што вызваленне выкарыстоўвае кепскія метады, ці мае сапсаваныя ідэалы, а ў тым, што фантастычнасць сітуацыі натуральным чынам прадукуе фантастычнае падваенне. Шчаслівыя карціны сталінскага кіно ёсць не чым іншым як праўдзівае адлюстраванне голаду і тысяч ахвараў паскоранай індустрыялізацыі. Семантычная фантастычнасць плакатаў «За Беларусь» і «Беларусь для народа» ёсць не чым іншым як праўдзівае адлюстраванне прывіднасці інтарэсаў Беларусі перад інтарэсамі Расіі і Беларусі, якая працуе для маленькай купы людзей, здымаючых палітычныя і матэрыяльныя вяршкі.

Мы апынаемся не перад снамі прыгнятальніка, ягоным каланіялізмам, які працуе толькі для яго самаго і ў ягоных снах, але перад сытай сталінскай кінапрадукцыяй, якая праўдзіва адлюстроўвала голад і знямогласць; перад гераічнай барацьбой за ўраджай, якая прапанавана бяднотай і мізэрнымі заробкамі тых, хто ў гэтай барацьбе ўдзельнічае; перад шчаслівымі пенсіянерамі, нашчадкамі масавых рэпрэсій, раскулачвання і дзесяцігоддзяў бясплатнай турэмнай працы. Мы апынаемся перад немагчымасцю стварыць дзяржаўную ідэалогію, што ёсць вытворным не ад знямогласці дзяржаўных ідэолагаў, а ад таго, што пастаянныя аплачаныя спробы стварэння такой ідэалогіі ёсць аб'ектыўным адлюстраваннем беларускай глебы і перадпасылак. Фантастычная какафонія разнастайных варожых тэорыяў, якія тым часам гуляюць за адну каманду ёсць следствам фантастычнасці беларускіх заробкаў, умоваў працы і занядбання грамадзянскіх свабод.

Беларускае адраджэнне – гэта праект аналізу люстры. Мы з лёгкіх намёкаў  пазнаем постаці Яна Станеківа, Міколы Ермаловіча, Зянона Пазяняка. Мы пазнаем і какафонію галасоў, якая абвінавачвае, аспрэчвае, наводзіць паклёпы, словам супрацьстаіць разаблачэнню адлюстравання, нівілюе выкрыты разрыў паміж рэчаіснасцю і яе апісаннем.

Мы апынемся перад барацьбой за рэчаіснасць, калі заўгодна, крызісам рэчаіснасці, што на спраўдзе не з'яўляецца такой ужо навуковай праблемай у Кантаўскім сэнсе рэчы-у-сабе. Праблема не ў тым, што сучасныя пенсіянеры, нажыўшыя свае мізэрныя пенсіі працай тысяч памерлых і, растраляных, не бачаць сапраўднай рэчаінсасці сваіх пенсій; праблема ў тым, што любая фантастычнасць рэчаіснасці нараджае фантастычнасць яе апісання.

Беларускае адраджэнне мае доўгую гісторыю барацьбы за праўду (гістрычную, палітычную, нацыянальную), праблема ў тым, што ў такой сітуацыі такая праўда не ўспрымаецца ды й не з'яўляецца сама па сабе праўдай. Барацьба, якая вядзецца за праўду павінна весціся не за праўду адлюстравання, а за праўду дзеяння. Толькі тады, калі будзе вернуты сапраўдны сэнс розным грамадскім дзейнасцям, толькі тады можа весціся гаворка пра сапраўднае вызваленне. Адраджэнне ёсць не ў разаблачэнні непрыхаванай хлусні, а ў вяртанні чалавечым зганьбаваным стасункам іх сапраўднага сэнсу, калі заўгодна ў зняцці чараў з гэтых стасункаў. Мы павінны адыйсці ад глебы і перадпасылак і вярнуць сабе наша сапраўднае багацце – тыя незгвалачаныя і несфальсіфікаваныя стасункі скрадзеныя у нас.

Кожная фантастычная несправядлівасць стварае сваё фантастычнае падваенне, якое тым часам, з'яўляецца натуральным адлюстраваннем. Праблема не ў тым, што такія сервільныя тэорыі фальсіфікуюць рэчаіснасць, а ў тым, што як рэчаіснасць так і сервільныя тэорыі з'яўляюцца фантастычнымі. Справа не ўтым, што савецкая ідэалогія несправядліва адлюстроўвала савецкую рэчаіснасць, а ў тым, што як сама гэтая рэчаінасць так і ідэальнае забеспячэнне гэтай рэчаіснасці з'яўляліся зганьбаваннем чалавечых стасункаў. Да таго часу, пакуль мы звяртаемся да Марксавага люстра (словаў, вобразаў, эканамічных стасункаў), да той пары мы не будзем бачыць саму фантастычнасць. Фантастычнасць ёць не ўва адлюстраванні, якое насамрэч з'яўляецца праўдзівым, а ў тым, што самі чалавечыя стасункі апынуліся зганьбаванымі.

[1]Доля беларускага насельніцтва у казацкіх атрадах дасягала 20%, у той час як іншыя нацыянальнасці мелі да 17% і меньш. Гл. Плохій С. Налівайкова Віра. - К.:Критика, 2005. - 496 с. (с. 32-52)

[2]Штучнасць беларускай дзяржавы не толькі папулярная тэорыя сярод расейскіх правых даследчыкаў, але і сярод часткі беларускай апазіцыі. З апошніх выказванняў варта прывесці словы главы беларускіх камуністаў Калякіна, які заўважае «нечаканасць абставінаў з'яўлення беларускай дзяржавы».

[i]Маркс, К. Капитал Т1 с. 725

[ii]Тамсама 725

[iii] Тамсама 725

[iv]Тамсама731

[v]Малдзіс, А. Як жылі нашыя продкі ў XVIII стагоддзі. – Мн.: Лінарыус, 2001. – 383 с.

2002-2010 ©апіруйце і множце!