Лекцыя 4. Фенаменалогія таямніцаў
Праблемы, з якімі мы сустрэліся пад час аналізу тэорыяў звязаных з кшталтам (у нашым выпадку памежнасці і вайны культураў) грамадства, заключаюцца ў тым, што чыннік уздзеянння сам апынуўся пераменнай, якая залежыць ад юрыдычных нормаў, палітычнай сітуацыі, эканамічных санкцый. Іншымі словамі, тое, што павінна было ўздзейнічаць відавочна, працягла і стабільна апынулася пераменным, адносна недаўгатэрміновым і штучна канструяваным. Тут маецца на ўвазе не звычайнае разаблачэнне, якое мае месца ў дзяржаўных гісторыкаў, якія любыя непатрэбныя ім у іхняй дзейнасці гістарычныя факты аб'яўляюць штучнымі і ненатуральнымі законам гісторыі, але ж проста выказваецца сумнеў у самім чынніку ўздзеяння. Нас у першую чаргу цікавяць змяненні і чыннікі іх стварэння як яны ёсць, а таму нас не могуць задаволіць чыннікі з двайным дном. Як было прадэманстравана ў мінулай главе нельга адмаўляць тое ўздзеянне на ідэнтычнасць, якое ажыццяўляе памежнасць. Але ж нельга адмаўляць і тое, што гэтае ўздзеянне рэгламентавана дзяржаўнымі законамі ды й сам яго кшталт – гістарычны, то бок характэрны на працягу пэўнага (абмежаванага) прамежка часу.
Такія пастаянныя кшталты на працягу апошніх пяці стагоддзяў выклікаюць найбольшую цікаўнасць у навуцы. Мяжуючы з метафізікай, вынаходніцтва такіх кшталтаў было найістотнейшай задачай, так як адкрыццё канстантаў адчыняла дарогу да разумення свету. Іншымі словамі, такія канстанты былі найвялікшаю таямніцай, наборам сакрэтаў, доступ да якіх адчыняе найвялікшы спектар інтэрпрэтацыяў.
Такім чынам мы апынуліся перад шэрагам сакрэтаў, якія трэба раскрыць. Сакрэты маюць як сацыяльны, так і прыродны характар, праз што нашая задача ўскладняецца. Перад намі як аб'ектыўныя абставіны прымушэння, адмысловыя формы дэтэрмінізму, так і формы сацыяльнага канструявання, дэтэрмінічны характар якіх толькі падаецца ці наўмысна фальсіфікуецца. Тут полем сакрэтаў з'яўляюцца як чалавечыя дзеянні, так і быццё тэрмінаў, рэчаў, словам усяго таго, што мы называем наяўным і што на першы погляд не мае ў сабе матываў.
Такім чынам, мы маем справу з двума формамі сакрэтаў: 1) тыя сакрэты, сакрэтнасць якіх палягае ў схаваных матывах, 2) тыя сакрэты, сакрэтнасць якіх палягае ў форме і механізме ўзаемадзеяння. Перад намі сакрэты як пастаўлення задачы, так і яе рэалізацыі.
Перад тым, як звярнуцца да саміх сакрэтаў, даследуема перш-наперш механізмы іх апазнавання. Высветлім, якім чынам можна вызначыць сакрэт, і калі магчыма, то якім чынам можна раскрыць ягоную таямніцу. Каротка пазнаёмімся з гістарычнымі формамі апазнавання сакрэтаў і разбярэмся якое месца мае апазнаванне ў эпістэмалагічнай сітуацыі асобных гістарычных эпох.
Што тычыцца XVI ст., то ў дачыненні да сакрэтаў нам можа дапамагчы толькі прыкмета. Менавіта прыкмета з'яўляецца тым знакам, тым апазнавальным маркерам, які дазваляе скарыстацца сакрэтам для сваіх патрэбаў. Сакрэтнасць, у дадзеным выпадку, заснавана на першапачатковай невідавочнасці сувязі паміж якасцямі і формамі ўзаемадзеяннеў разнастайных рэчаў. Магія выкарыстання прыродных сакрэтаў палягае на тым, каб апазнаваць па прыкметах схаваныя якасці прадметаў і выкарыстоўваць іх на свае патрэбы. Магія заключаецца ў фенаменальнай памяці падабенства, вялікай табліцы прыкметаў, знакаў, якія скіроўваюць да жаданых якасцей.
Для тэарытычнага забеспячэння такой тэорыі эпістэма XVI стагоддзя выкарыстоўвае сярэднявечнае ўяўлення пра падабенствы[i]. Гэтае ўяўленне генеалагічна паходзіць з Сярэднявечча, калі схаластычны розум ствараў шырокія тыпалогіі падабенстваў, што знайшло практычнае выкарыстанне ў спрошчанай і скарочанай форме ў XVI стагоддзі. Увесь велізарны шэраг падабенстваў XVI стагоддзе зводзіць да чатырох.
Першая форма падабенства – гэта «прыгнанасць» (convententia). ««Прыгнанымі» з'яўляюцца такія рэчы, якія, набліжаючыся, апынаюцца ў суседстве паміж сабой»[ii]. Тут падобнасць зябяспечваецца суседствам, а ў сваю чаргу, суседства забяспечана падобнасцю. Такое прасторавае разуменне падобнасці абумоўлена ўяўленнем пра прыродную матывацыю. Нагода, з якой прырода змясціла ў адно месца розныя рэчы, з'яўляецца сама па сабе падставай для выяўлення хаця б невідавочнай падобнасці, а значыць і сувязі. Такое разуменне бярэ пад увагу агульнасць месца і глебы, якія даюць магчымасць для выяўлення сувязі паміж незвязанымі відавочна, рэчамі. М. Фуко прапаноўвае цытату з кнігі «Натуральная магія» Портэ: «В отношении своего произрастания растение сходно с диким зверем, а в отношении чувства грубое животное сходно с человеком, который благодаря своему уму соответствует в остальном небесным светилам. Эта взаимная и непрерывная связь действует столь четко, что кажется струной, протянутой от причины сущего до вещей низменных и самых незначительных; так что высшая добродетель, проливая свои лучи, дойдет до такой точки, что если тронуть один конец струны, то он задрожит и приведет в движение все прочее»[iii].
Суперніцтва (aemulatio) з'яўляецца другой формай падабенства. Такая форма падабества выходзіць за межы асяродкавага дэтэрмінізму. Суперніцтва дае падставу для вынаходніцтва схаванага ўзаемадзеяння паміж рэчамі, якія рассеяны ў свеце, то бок не могуць быць аб'яднаны агульнасцю месца. У «Вялікай гісторыі» Альдравані заўважаем наступныя заўвагі: «Издавна человеческое лицо соперничает с небом, и как ум человеческий несовершенным образом отражает божественную мудрость, так как глаза с их ограниченым сиянием отражают великий свет, распространяемый в небе солнцем и луной. Рот – это Венера, так как ртом передают поцелуи и слова любви; нос в миниатюре представляет собой скипетр Юпитера и жезл Меркурия»[iv]. У азначанай форме суперніцтва, супернікі не роўныя паміж сабой. Сувязь паміж аб'ектамі суперніцтва натуральная і цяжкая для тлумачэння. Аднак суперніцтва – гэта тое, што дае нам магчымасць вынаходніцтва ўзаемасувязі паміж далёкімі прасторава аб'ектамі. З аднаго боку, іхняе аднолькавае ўздзеянне сведчыць пра падабенства суперніцтва, з іншага боку, падабенства суперніцтва абумоўлівае такое аднолькавае ўздзеянне. «Звёзды – говорит Корнелиус, - это родончальницы всех трав, и каждая звезда на небе, есть не что иное как духовный прообраз именно той травы, которую она предстваляет, и как каждая былинка или растение – это земная звезда, глядящая в небо, точно так же каждая звезда есть небесное растение в духовном обличии, отличающееся от земных растенией лишь материей...»[v].
Трэцяй формай падабенства з'яўляецца аналогія. Гэтая форма аб'яднойвае падабенствы суперніцтва і прасторавасці. Дзякуючы аналогіі могуць набліжацца разнастайныя рэчы. Дзякуючы аналогіі можна эканомна выкарыстоўваць інтэлектульныя высілкі. Так, на падставе аналогіі існуе відавочнае падабенства паміж раслінамі і жывёламі. Расліны падобны да жывёлаў, з той толькі акалічнасцю, што галава расліны знаходзіцца ў нізе. «Отношение здесь обратное, но не противоречащее исходной аналогии, которая помещает «корень в нижнюю часть растения, стебель – в высшую, потому что у животных венозная сеть также начинается в нижней части живота, причем главная вена поднимается к сердцу и голове»[vi].
Чацьвертай формай падабенства ёсць – сімпатыя. У адрозненні ад папярэдніх формаў падабенства, у дачыненні да сімпатыі мы не можам выявіць аб'кетыўныя прычыны з наяўнага свету. Узаемадачыненні сімпатыі – вольныя. Сімпатыя – гэта тое, што прымушае карані раслінаў рухацца да вады, цяжкія рэчы прыцягвацца да зямлі, а лёгкія выводзіць у безважкі эфір. Сімпатыя – гэта тое што робіць не толькі колькасныя, але і якасныя змяненні. Так, вагонь імкнучыся ўверх траціць дачыненні з зямлёй. Але сімпатыя «не довольствуется тем, чтобы быть просто одной из форм сходства; симпатия обладает опасной способностью уподоблять, отождествляя их, лишать их индивидуальности, делая их, таким образом, чуждыми тем вещам, какими они были»[vii].
Іншымі словамі, сімпатыя – самы метафізічны чыннік падабенстваў. Сімпатыяй можна палтумачыць усё, што заўгодна ў залежнасці ад наступлення самой гэтай сімпатыі. Сімпатыя дазваляе лавіраваць, гуляць на інтарэсах іншых. Сімпатыя не пакупная, а значыць вольная ад маральных абавязкаў. Сімпатыі не загадаеш, а значыць гэта добры інструмент падабенства, які дазваляе бачыць так, як загадвае сама сімпатыя.
Адзінае, што дазваляе арыентавацца ў гэтых формах падабенства – з'яўляецца прыкмета. З іншага боку, уся тэорыя падабенстваў – накіравана на адно, патлумачыць і рацыяналізаваць прыкметы, забяспечыць сувязь паміж прыкметамі рэчаў і жадаемым вынікам іх прымянення. У такой сітуацыі невідавочна, што з'яўляецца першапачатковым, жаданне ўжываць прадмет, ці прыкмета, якая дае нам падставу для такога ўжывання. Аднак не выклікае сумневу тое, што прыкмета з'яўляецца той бачнай фігурай, якая дае магчымасць выявіць схаваную, невідавочную падобнасць. Так грэцкі арэх дапамагае ад галавы, корань мандрагоры захоўвае плод, а зоры спрычыняюць свае якасці розным травам.
Найвялікшы сакрэт эпістэмы XVI стагоддзя з'яўляецца не схаваная ўзаемасувязь рэчаў, заснаваная на тэорыі падабенства, але найвялікшая табліца прыкметаў, якая дае магчымасць апазнавання гэтых сувязей. Сакрэт ёсць не ў сувязі, але ў знаку, які робіць магчымасць адрозніваць шматлікія і надзвычай падобныя лікі свету. У гэтай сітуацыі няма іншай магчымасці адрознення сапраўдных прыкмет ад ўяўных як толькі досвед выкарыстання, які забяспечаны станоўчымі рэзультатамі вопытаў.
Такое стаўленне да невідавочных сувязяў прадугледжвае манаполію інтэрпрытацыі знакаў. Невідавочная сувязь з'яўляецца гарантам інтэрпрытацыі знакаў, а першапачатковая інтэрпрытацыя знака абумоўлівае невідавочную сувязь.
Апроч марфалагічных падабенстваў эпістэмы адраджэння з сучаснымі рэліктамі культуры варта зрабіць шэраг заўваг стасоўна самаго віду гэтай апістэмы. Першая заўвага датычыцца шматслоўнасці і мудрагелістасці тэксту. Развянчанне таямніцы заключаецца ў найвялікшай таемнасці свету, якая спалучаецца з агромністым корпусам заўваг стасоўна аўтара і напісанага ім. Адзінае не падлягае сумневу: аўтар выкладае менавіта заяўленае, а не лунае ў мудрагелістых спалучэннях слоў: «Няхай толькі чытач не сасляпляе сам сябе сваім бязвер'ем, тугім разуменнем, бо тут у мяне ўся прырода з усімі яе дзецьмі[viii]».
Па-другое, усё вышэйпералічанае выкарыстоўваецца адначасова, запраўленае найвялікшай упэўненасцю, прадстае ў выглядзе перамяшаных якасцей: «Зараз заўваж: па-першае ёсць церпкая якасць; яна няспынна нараджаецца шасцю трывалымі духамі: у сябе яна жорссткая, халодная, вострая як соль, і шчэ больш вострая; бо тварэнне не можа дастаткова ўцяміць яе вастрыню, так як у тварэнне яна не бывае адным і адзіным; але я ведаю якая яня па родзе выпаленай пакельнай якасці. Гэтая церпкая вострая якасць сцягвае ў адно і стрымлівае ў Боскім целе формы і ўтварэнні, і ссушае іх, так яна прыбывае[ix]».
Па-трэцяе: як аснаваннем заяўленых разважанняў, так і прадметам веры самаго аўтара, як і аб'ектам пашырэння чаго з'яўляецца напісаны тэкст з'яўляецца тое, дзеля чаго, хутчэй за ўсё і выкрываюцца заяўленыя сувязі. У Якава Бёме, напрыклад, такім аб'ектам з'яўляецца пантэізм: «Бо ня трэба табе пытацца: дзе Бог? Слухай, сляпы чалавек: ты жывеш у Боге і Бог прыбывае ў табе, і калі ты жывеш свята, то сам ты Бог; куды не зірнеш, паўсюль Бог»[x].
І у чацвертых, мудрагелістае разважанне, запраўленае жаданнем пашырэння сваёй веры накладаецца на звычайныя механізмы, тым самым ператвараючыся ў абавязковы алгарытм, які павінен палтумачыць феномен, але нічога не тлумачыць. Так, у Якава Бёмэ пры тлумачэнні «Вырастання Зямлі» знаходзім наступнае: « Якім быў саліцёр, які памёр смерцю пад час выпальвання гнева, і як ён тады астваваў ў прысутным тады сямі духам Божыім жыцці, такім жа ўзыйшоў ён і зноў пад час адраджэння ў маланцы вагня, і не адбылося нічога новага, як толькі іншы вобраз цела, які складаецца са спасціжэння ў смерці[xi]».
Такі таямнічы выклад, стасоўны таямніцаў узаемадзеянняў рэчаў базуецца на відавочнасці таго, што адбываецца. Пабудаванае на відавочным даследаванне вынаходзіць таямніцу ў невідавочнасці сувязі паміж відавочнымі прадметамі. Грунтуючыся на шырокай табліцы відавочных паказчыкаў, такіх як смак, колер, форма, адлегласць і інш. Вынаходзіліся таямнічыя сувязі асновай якіх, як і асновай вынаходніцтва якіх была відавочная якасць.
Эпістэма XVIII стагоддзя, актуальная і цяпер, перарастае вышэйпералічанае і характаразуецца якасным звужэннем даследчага поля. Перастаюць быць цікавымі такія істотныя элементы ўсталявання сувязі як: чуткі, пах, смак, словам тое, што можа быць няпэўным. З іншага боку, той жа пагляд і аналіз павінны быць відавочны ўсім. Усе няпэўныя падабенствы павінны быць адкінуты. Такім чынам, кожная адрозная частка мае істотнасць толькі ў той ступені, ў якой ёй можна надаць пэўнае значэнне. Адсюль устаноўка зводзіць «всё поле видимого к одной системе переменных, все значения которых могут быть установленны если и не количественно, то по крайней мере, совершенно ясного и всегда законченного описания»[xii].
Апроч таго, што можна паслядоўна апісываць і вычленяць шматлікую, але канечную колькасць элементаў, можна скарыстацца МЕТАДАМ. Для метада не трэба зводзіць усю шматлікасць элементаў у сістэму, сама задача, на якую накіраваны метад, стварае такую ўпарадкаванасць. З аднаго боку, пошук неабходных элементаў, вартых для значэння, з другога боку, выкарыстанне метада, для якога таксама набылі істотнасць знакі відавочнай адрознасці, прывяло да таго, што бачнае перастала адыгрываць значную ролю. Уся сістэма знакаў, элементаў і прыкметаў, словам ўсяго таго, што дазваляла неўзброеным вокам убачыць адрознасць, перастала быць гарантам такой адрознасці. Значэнне рэчаў пачалі шукаць у глыбіні і схаванасці саміх рэчаў. Так, сакрэты зрабіліся асновай пабудовы навуковых сістэмаў батанікі, дзе на аснове рэпрадуктыўнай функцыі былі пабудаваны тыпалогіі жывёльнага свету. Значэннем адрознасці зрабіліся не відавочныя элементы, якія мелі істотнасць раней, як то форма стэбля, колер кветкі, ці велічыня плода, але ж схаваны спосаб размнажэння. Істотнымі зрабіліся семяны, якія невідавочна на вока суглядальніка, з'яўляюцца адрозненнем паміж разнастайнымі відамі раслін.
Выкрыццё сакрэтаў – азначае вызначэнне сапраўднай лічыны феномена. Зрабілася істотным не бачнае, але схаванае. Так грошы, зрабіліся не самім багаццем, але ж толькі выяўляльнікам прадуктыўнай магчымасці. У аналізе механізмаў узаемадзеяння думка выпрацавала імператывы падзялення бачнага ад сапраўды дзейснага. Для пабудовы сістэмаў, а тым больш выкарыстання метада, зрабілася істотнай тэорыя выкрыцця сакрэтаў, іншымі словамі аддзялення істотнага ад неістотнага[1].
У дачыненні да тэорыі сакрэтаў можна падзяліць сакрэты на два віда: 1) сакрэты мікрасітуацыі, ці сакрэты паводзінаў, 2) сакрэты макрасітуацыі ці сакрэты сістэмы.
Ілюстрацыю першага віду сакрэтаў прапаноўвае Гофман у сваёй вызначальнай манаграфіі «Уяўленні сябе іншым», якая з'яўляецца метадалагічным дапаможнікам па тэорыі назірання.
У сваёй працы Гофман выкарыстоўвае такія паняткі як пярэдняя зона і закуліссе. Пад пярэдняй зонай Гофман разумее відавочнае выкананне, ці выкананне, якое мае за мэту стварэнне ў вачах аўдыторыі адэкватнага вобразу выкання таго, што насамрэч адбываецца ў закуліссі. Пад закуліссем Гофман разумее схаваную зону, дзе выкананне адбываецца насамрэч. Такім чынам, дзеянне па Гофману, падвоена. З аднаго боку ёсць адмысловая прастора, дзе адбываецца дзеянне насамрэч, а ёсць сімвалечная вобласць, дзе адбываецца сімвалічнае забеспячэнне дзеяння. Так, напрыклад, кожная карпарацыя мае адмысловыя аддзелы, якія адказваюць хутчэй за стасункі з кліентамі і фармаванне ў кліентаў адмысловага вобразу працы карпарацыі, чым ажыццяўляюць працу насамрэч.
Такі падзел абумоўлівае шэраг акалічнасцяў. Кожнае закуліссе мае свае сакрэты, якія варта было бы хаваць ад аўдыторыі. З іншага боку, кожная пярэдняя зона мае сакрэты выканання, то бок тыя прыёмы і метады, якія накіраваны на тое, каб афіцыянт, выглядаў як афіцыянт, слесар як слесар, а прадавец у краме, як прадавец. Гэта тыя малыя ўлоўкі, якія дапамагаюць у ажыццяўленні рутыны.
Дзякуючы веды пра гэтыя сакрэты і ўлоўкі фармуюцца шматлікія каманды, якія аб'яднаны гэтай ведаю. У якасці такіх камандаў можа выступаць цэх, гільдыя, сям'я, прафесіяналы адной сферы. Паміж гэтымі асобамі ўсталёўваюцца адмысловыя стасункі, што абумоўлена ведамі пра агульныя сакрэты закулісся і выканання.
Іншымі словамі, як каманды, якія турбуюцца пра захаванне сакрэтаў, так і асобныя чальцы грамадства імкнуцца стварыць адмысловую бачнасць рэальнасці ў вачах аўдыторыі для сімвалічнага забеспячэння фактаў сапраўднай рэальнасці. З аднаго боку, такія паводзіны накіраваны на схаванне фактаў, якія дысануюць з вобразам сімвалічнай рэальнасці (напрыклад, брудная кухня ў дарагім рэстаране[2]), з іншага боку, на тое, каб запэўніць аўдыторыю, што яна мае справу менавіта з тым, што ёй бачыцца. Іншымі словамі, усе гэтыя сімвалічныя высілкі накіраваны на тое, каб афіцыянт у вачах аўдыторыі быў афіцыянтам, брокер – брокерам, а прэзідэнт – прэзідэнтам[3].
У той жа час ёсць адмысловыя людзі, якія толькі ўяўляюцца тымі, за каго сябе выдаюць. Гэта могуць быць як правяраючыя, якія прыкідваюцца тымі, кім яны не ёсць, дзеля праверкі адпаведнасці пярэдняй зоны і закулісся ў правяраемых установах, а таксама махляры, якія прыкідваюцца, дзеля нажывы. Як першыя так і другія знаёмыя з сакрэтамі тых, кімі яны прыкідваюцца, але ў той жа момант, яны толькі імітуюць рэальнасць, для якіх яна рэальнай не з'яўляецца.
Вынаходніцтва дэсанансу паміж фактамі рэальнасці і сімвалічным вобразам, які складаецца пярэдняй зонай можа прывесці да разаблачэння тых, хто не спраўляецца з пастаўленай задачай. Такім чынам, выкрываюцца махлярства, непрафесіяналізм, халатнасць, іншымі словамі любая несуадноснасць паміж займаемай пасадай і сапраўднымі дзеяннямі.
Такая несуадноснасць можа быць у несуадноснасці статусаў. Такую несуадноснасць прапаноўвае М. Чаргінец[4], які не можа заўважыць паэтычны талент класіка беларускай паэзі Наталлі Арсеньевай, бо тая супрацоўнічала з нямецкімі акупантамі праз што не магла быць цудоўнай паэткай. Тое ж пытанне статуса падымае В. Акудовіч, калі заўважае, што «Беларускі нацыянальны рух быў сфармаваны аўтсайдэрамі з іншых нацыянальна-уладных дыскурсаў»[xiii]. Іншымі словамі, элітай беларускага нацыянальнага дыскурсу сталіся людзі, якія па свайму статусу ў іншых дыскурсах не маглі здзейсніць гэтага. Тут жа і вядомая тэоря пра тое, што Кастусь Каліноўскі не быў беларускім патрыётам, бо быў польскім шпіёнам, які карыстаўся беларускай мовай для падману народных мас[xiv]. Іншымі словамі, для Чаргінца, Акудовіча і інш. праблемы, звязаныя з занядбаннем, нерэалізацыі ці кепскай рэалізацыі праектаў звязаны з тым, што гэтымі праектамі займаліся людзі, якія ў іншых дыскурсах не мелі права імі займацца. Выкрыццё сакрэта статусу, тлумачыць несупадзенне жаданняў і рэалізацыі. З іншага боку, сакрэт статусу, ёсць тым сакрэтам, які забяспечывае сацыяльную кампетэнцыю асобы на дзеянні ў пэўнай прасторы, то бок дзяржаву могуць ствараць тыя, хто мае статус для кіраўніцтва дзяржавай, кніжкі пісаць, хто мае статус пісьменніка, а элітай быць можа той, хто з'яўляецца элітай па статусе.
Іншая несуадноснасць палягае ў несуадноснасці матываў. У гэтым варыянце сакрэт палягае не ў статусе, не ў прыхаванасці дзеяння і не ў адмысловасці выканання ў закуліссі. Тут несупадзенне палягае ў тым, што выкананне падаецца аўдыторыі накіраваным на адно, у той час як насамрэч выкананне накіравана выключна на іншае. Так, А. Гапава заўважае, што заклапочанасць беларускіх інтэлектуалаў мовай і гісторыяй накіраваны не на падтрымку самой мовы ці гісторыі саміх па сабе, а на тое, каб большая аўдыторыя чытала іхныя кнігі[5]. У тым жа рэчашчы дзейнічаюць скаргі на дзяржаву, якая кажа, што новы закон аб мове яна стварае дзеля падтрымкі самой мовы, у той час як, насамрэч, яе намер палягае ў абмежаванні недзяржаўных СМІ[6]. Трэба зазначыць, што гэта самая частая форма несупадзення і самая небясьпечная для выкрыцця.
І нарэшце, апошні від несуадноснасці – гэта сакрэт несуадноснасці статусу і матываў з тым, што выканальнікі робяць насамрэч. Разаблэчэнне дадзенага тыпу несуадноснасці хутчэй звязана з прапагандай, калі гаворка ідзе пра «кепскія» ці «недастойныя» дзеянні людзей, чый статус і намеры не падлягаюць сумневу. Іншымі словамі, рассакрэчванне такіх сакрэтаў звязана з дыскрыдытацыяй выканальніка. Выканальнік не можа выконваць свае абавязкі, альбо выконвае іх кепска не таму, што не мае патрэбнага сацыяльнага статусу, альбо мае іншыя намеры, але таму, што маральна непрыдатны для гэтага. Гэта ўсе тыя абвінавачванні ўлады альбо апазіцыі ў тым, што апаненты вядуць немаральнае жыццё, набываюць дарагія рэчы ці цэлыя вёскі, ездзяць на шыкоўных аўтамабілях, ці жывуць на незразумелыя даходы. Іншымі словамі, іх прыватныя маральныя ўчынкі не стасуюцца з іх прызнаным статусам і намерамі.
Трэба заўважыць, што амаль усе філасофскія і сацыялагічныя даследаванні у беларускай інтэлектуальнай прасторы, якія маюць за мэту выкрыццё сакрэтаў звязаныя менавіта з вобласцю мікрасітуацый. Апазнаванне і асэнсаванне падзей адбываецца на гэтым узроўні. Гэты ж узровень даследзінаў аб'ядноўвае ўсіх інтэлектуалаў Беларусі, незалежна ад іх ідэалагічных, адукацыйных ці асабістых скіраванасцей. Іншымі словамі, прастора сацыяльных, гістарычных, нават ідэалагічных вышукаў у Беларусі знаходзілася і знаходзіцца ў полі сакрэтаў паводзінаў. Можна сказаць, што даследзіны Беларусі -- гэта даследзіны дзеяннеў, гэта пастаяннае выкрыццё хібаў дзеяння і асэнсавання тых механізмаў, чаму дзеянне не мела станоўчага рэзультату.
Не гледзячы на папулярнасць такога падыходу, пошук несуадноснасці паміж вобразам і сапраўднасцю звязаны з адной праблемай. Гофман заўважае, што «хоць магчыма і надалей прытрымлівацца здаровай думкі, што насаджэнне бачнасці можа быць выкрыта дысануючай рэальнасцю, часта няма прычынаў меркаваць, нібы факты, якія разыходзяцца з насаджаемым уяўленнем, з'яўляюцца большай рэальнай рэальнасцю, чым тая рэальнасць, якую яны ставяць пад сумнеў»[xv]. Іншымі словамі, мы не можам дакладна сказаць, што выкрыццё сакрэту выкрывае больш сапраўдную рэальнасць, за тую рэальнасць, на якую працаваў сакрэт. Цалкам верагодна, што сакрэт з'яўляўся прадуктам пярэдняй зоны выкрыўніка, у той час як насамрэч ніякага сакрэту не было. Мы зноў апынаемся перад магіяй атамарных фактаў і манаполіяй інтэрпрэтацыі знакаў. Мы аддаляемся ад глебы для таго, каб намі авалодалі прыкметы. Менавіта прыкметы выходзяць на пярэдні план, інакш немагчыма патлумачыць логіку апазнавання і выкрыцця сакрэтаў. Напрыклад, чаму ў вачах адных тыя сакрэты раскрываюцца ў той час, як іншыя героі не зважаюцца? Што ёсць крытэрам выбара асоб дэмістыфікацыі, як не прыкмета, па якой ён ці яна апазнаецца?
Уся слабасць такой пазіцыі робіцца больш зразумелай, калі мы звяртаемся да Гофманаўскага апісання ўлады. «Агульнавядома, што выканальнікі, якія па тытуле займаюць пазіціі лідэраў, часта проста падстаўныя фігуры, абраныя ці то ў рэзультаце кампраміса, ці то для нейтралізацыі патэнцыйна небясьпечнага партнёра, ці то для стратэгічнага прыкрыцця сапраўднай улады за яе паказным фасадам, то бок сапраўднай улады за фасаднай уладай»[xvi]. Калі больш каротка, то мы маем справу са шматслойнай рэальнасцю, дзе выкрыццё сакрэту ёсць прыкрыццём іншых сакрэтаў. Апеляванне да шматлікіх несупадзенняў, містыфікацыяў і махлярства толькі хаваюць больш небясьпечныя несупадзенні, больш значныя містыфікацыі і больш прадуманыя махлярствы. Выкрыццё такіх сакрэтаў меньш тлумачыць, колькі зацямняе сапраўдныя інструменты і формы ўзаемадзеяння. Галоўнае, што ад нас губляецца ў такіх выкрыццях, дык гэта тое, пра што Гофман піша стасоўна канкуруючых каманд: «Увогуле, людзі, якія ўдзельнічаюць у дзейнасці, якая працякае унутры нейкай сацыяльнай установы, робяцца членамі адной каманды, калі яны супрацоўнічаюць, каб сумесна прэзентаваць іншым сваю дзейнасць у пэўным святле»[xvii].
Галоўнае пытанне, якое паўстае пры раскрыцці падобных сакрэтаў заключаецца ў адасабленні рэальнага ад уяўнага. Мы сустракаемся з майстэрскай ігрой, якая заўсёды слугуе стварэнню пэўнага вобразу. Незалежна ад таго, ці вобраз ствараецца для лепшай рэпрэзентацыі «сапраўдных дзеянняў», альбо для дуркавання і падмана аўдыторыі, вобраз ёсць часткай сацыяльнай рэальнасці, кодам і знакам які апазнаецца толькі ў ёй, што не выклікае сумневу. Пытанне рэальнасці, гэта пытанне адпаведнасці і супамернасці розных жаданых і сапраўдных зрэзаў сацыяльнай рэальнасці. У залежнасці ад намераў, жаданняў і выканяння выканальнікі дыскрыдытуюцца ці набіраюць сацыяльны капітал. Але ж так ці іначай, кожны створаны вобраз, раскрыты ці падцверджаны, з'яўляецца прэзентацыяй сваёй і чужой дзейнасці ў пэўным святле. Набор гэтых высветленых пазіцый, гэтых высвечаных дзелянак арганізуюць універсум дадзенай сацыяльнай рэальнасці. У рэальнасці (не істотна, рэальнай ці ўяўнай) застаецца толькі тое, што прапанавана ў пэўным святле, тое ж, што засталося ў цені не прымаецца пад увагу. Узаемавысвячэнне, калі заўгодна, узаемараскрыццё ёсць гульня ў адной камандзе, якая меньш тлумачыць, колькі стварае ўніверсальны вобраз соцыума як такога. У гэтай рэпрэзентацыі змешваецца як рэальнае так і ўяўнае, ствараючы ілюзію спрадвечнасці і натуральнасці такога парадку рэчаў. Створанае падаецца натуральным, натуральнае створаным. Перад намі паўстае своеасаблівы таварны фетышызм Маркса, і гэты сакрэт безумоўна варты таго, каб з ім разабрацца.
У сваім аналізе палітэканоміі Маркс прэзентуе другі від сакрэтаў. Ён звяртае ўвагу на дзіўную, нават «таямнічую» акалічнасць. Рэч, калі робіцца таварам, «ператвараецца ў пачуццёва-звышпачуццёвую рэч[xviii]», ці іншымі словамі: «прадукты чалавечага розуму ўяўляюцца самастойнымі істотамі, надзеленыя ўласным жыццём, якія знаходзяцца ў пэўных стасунках з людзьмі і паміж сабой[xix]». Рэч, калі робіцца таварам надзяляецца каштоўнасцю і тая каштоўнасць робіцца неад'емнай часткай гэтага тавару. У свядомасці людзей тавар пачынае ўяўляцца не як частка чалавечых стасункаў, а як самавартасны прадмет, надзелены адмысловай прыроднай сілай, каштоўны сам па сабе. Тавар як аберэг, ці як фетыш ўяўляецца крыніцай гэтай каштоўнасці, ён атрымлівае магічныя здольнасці дзейнічаць, уступаць у дачыненні з іншымі нежывымі аб'ектамі, пачынае жыць сваім, адасобленым ад чалавека, эканамічным жыццём.
Тавар ажывае, як нібыта дух усяліўся ў яго. У такой сітуацыі сакрэт палягае ў тым, што пры абмене аднаго тавара на другі, прапорцыі ўсталёўваюцца не дзякуючы эканамічным стасункам чалавека, а вартасцю самаго тавара. На першае месца выходзіць не патрэба, не рынак і не вытворчасць, на першае месца выходзіць каштоўнасць тавара як такога ў прапорцыі да каштоўнасці іншага тавару, «фізічнае дачыненне паміж фізічнымі рэчамі[xx]». Сакрэт у тым, што гэтае «прыроднае» дачыненне паміж таварамі ёсць «толькі пэўным грамадскім дачыненнем саміх людзей, якое ў іхніх вачах набывае фантастычную форму дачынення паміж рэчамі[xxi]».
Такое стаўленне да прадуктаў чалавечай дзейнасці, калі тавар з'яўляецца каштоўным сам па сабе, у працэсе большага павялічэння абмену таварамі, пачынае ўяўляць тавары не інакш як каштоўнасці. Фізічнае цела тавара ўступае месца прапорцыі, тавары ў свядомасці людзей пачынаюць цыркуляваць як каштоўнасці. Прыроўніваючы адзін тавар да іншага людзі прыроўніваюць іх як каштоўнасці, а значыць пачынаюць прыроўніваць сваю працу па вытворчасці гэтага тавару, то бок тое, што з'яўляецца выразам гэтага тавару. Кожны тавар ператвараецца ў «грамадскі іерогліф», які варта разгадаць, пранікнуць у таямніцу «асабістага грамадскага прадукту», раскрыць сакрэт каштоўнасці прадукту і ў сваю чаргу дыспрапорцыю колькасцей абмену.
З гэтага вынікае, што «таямнічасць таварнай формы складаецца наўпрост з таго, што яна ёсць люстрай, якая адлюстроўвае людзям грамадскі характар іх асабістай працы як рэчаўны характар саміх прадуктаў працы, як грамадскія якасці дадзеных рэчаў, належныя ім ад прыроды[xxii]». Мы зноў маем справу з падвоеным светам. На гэты раз падваенне адбываецца не дзякуючы падабенству і не разрываннем зонаў на пярэднюю і закуліссе, падваенне адбываецца наўпрост праз сімвалізацыю дзеяння, адлюстроўванне чалавечых стасункаў у рэчаўнай форме. Такое кадзіраванне стварае шэраг сакрэтаў, так як губляецца відавочная сувязь паміж сімвалічным выражэннем і рэальнымі дзеяннямі. Адчыняецца відавочная магчымасць аналізу гэтых сімвалічных выражэнняў, так як сімвалічныя выражэнні з'яўляюцца «грамадскімі іерогліфамі» сапраўдных, фізічных дачыненняў і дзеяннеў. Аналізуючы сімвалізацыю, мы мусім аналізаваць сапраўдныя дачыненні, бо гэтая сімвалізацыя ёсць грамадскі прадукт людзей, такі ж прадукт як разуменне тавараў як каштоўнасцей, і «не ў меньшай меры, чым, нават, мова[xxiii]».
Праблема ўлоўлівання гэтай сувязі, ды й увогуле навуковая разгадка падобных сакрэтаў палягае на тым, што даследчыкі абіраюць шлях супрацьлеглы першапачатковаму развіццю падзей. Даследаванне ажыццяўляецца постфактум, а значыць адбываецца з гатовых рэзультатаў развіцця. Гэта ёсць вынаходніцтвам падабенства з невідавочных сувязяў, ды й увогуле, выдумленне гэтай сувязі; гэта выкрыццё сакрэтаў закулісcя з малой надзеяй на хоць якое апраўданне ці відавочнае тлумачэнне прычынаў; гэта верхавенства сімпатыі, энергіі, магічнага прыцягнення, словам усяго таго, што апісвае пасля, а не тлумачыць механізм пачатку, гэта тлумачыць усё то, што «пасьпевае набыць трываласць натуральных форм грамадскага жыцця, перад тым як людзі зробяць першую спробу даць сабе рады не ў гістарычным характары гэтых формаў, а толькі ў іх змесце[xxiv]». Ды й не тлумачэнне тут робіцца істотным. Істотным робіцца сам факт патрэбы, жадання, памкнення да рэалізацыі задуманага з мінімальнай сімвалічнай фіксацыяй здзейсненага. Філасофскія выкрыцці статусаў, намераў, патрэбаў, разнабаковыя сімпатыі, антыпатыі, прыгнанасці і да таго падобныя сімвалічныя акты павінны кадыраваць адмысловую рэчаіснасць. Сакрэты такіх дачыненняў ёсць сакрэты люстры і люстры своеасаблівай, люстры, якая інвертуе наяўнае ўва ўяўнае, а сакрэты ўяўнага выступаюць ў ролі сакрэтаў глебы і перадпасылак.
Перад намі паўстае карціна тысячы сакрэтаў. Арыентавацца ў іх можна дзякуючы прыкметам. Дзякуючы прыкметам мы можам прымусіць дзейнічаць патрэбныя нам сілы, але гэтае прымушэнне праз прыкметы хутчэй тлумачэнне зробленага, чым вынаходніцтва матывацый і прычынаў таго, што прывяло да зробленага. Мы спрабуем раскрыць сакрэт, у той час як само раскрыццё гуляе за каманду таго, хто арганізаваў гэтыя сакрэты, хто склаў табліцы падабенства, хто закадзіраваў грамадскія дачыненні ў формах дачынняў рэчаўных. Мы так часта звяртаемся да люстры і яе сакрэтаў і так мала супастаўляем яе відарысы з механізмамі адлюстравання.
Іншымі словамі, у нас занадта рассеена ўвага, мы яшчэ занадта моцна залежым ад пахаў, стыляў, чутак, плётак і народных прыкметаў. Магія відавочна наўпрост залежыць ад магічнага апісання, якое хавае як перадпасылкі і глебу, так і люстру кадыфікацыі. Такія апісанні накіраваны не на тлумачэнне сувязі, а на яе фальсіфікацыю, зачыстку слядоў, словам на тую працу, якая высвечвае месцы, узгодненыя з універсальнай табліцай грамадскіх дачыненняў у пэўным грамадстве. Нас усё яшчэ цікавяць змены, але ўсё чым мы займаліся на папярэдніх старонках, дык толькі раскрывалі перадухіленні гэтых зменаў.
Што ёсць магія, як не адмысловыя словы, тэксты, ненатуральныя дачыненні паміж рэчамі і рэчавамі? Што ёсць магія, як не размалёўванне вудуісцкіх храмаў сюжэтамі адзержымасці і працэса выгнання духа? Магія зачаравання, традыцыі іерогліфаў, створаных іншымі і растлумачаныя іншымі. Што ёсць магія, як не роўная сцежка, якая кіруе ад перадпасылак і глебы, словам усяго таго, што можа «праліць святло» на прычыны дзейства, а не на храмавыя сюжэты, асветленыя нешматлікімі факеламі. Мы сустракаемся з магіяй яшчэ тады, калі пачынаем знаёміцца са светам. Калі на хвілінку пачынаем разумець, што свет змяніўся. Але толькі на хвілінку: пасля нам усё падаецца натуральным і гэта значыць, што магія ўжо пачала дзейнічаць.
[1]Гэта істотнае пытанне не толькі натуральных, але і гуманітарных навук. Праблема выбаркі ёсць праблемай гісторыі, сацыялогіі, псіхалогіі і шэрагу іншых навук. Сакрэтнасць знаку аддало перавагу сакрэтнасці ўзаемадзеяння. Выкрыццё сакрэта зрабілася падставай істотнасці, а значыць патрэбнасці ўключэння ў выбарку.
[2]У Часопісе «Караван историй», за 05.08.2005 года апісваецца кароткая размова паміж знакамітым амерыканскім поварам Энтані Бурдэнам, аўтарам кулінарнага бестселлера «Таямніцы кухні: падарожжа па кулінарнаму закуліссю» са сваім аднакурснікам, гаспадаром сеткі рэстаранаў у Нью-Ёрку. Вось маленькая вытрымка з дыялогу:
«- Дык ты ж раскрыў усе сакрэты» - завапіў Астар, - па панядзелках у рэстаранах рыба часта чатырохдзённай даўніны, што недаедзены хлеб вяртаюць на сталы, што соўс – гэта проста спосаб схаваць неўдачу кухара і ўвогуле – палова рэстараннай ежы робіцца з аб'едкаў і абрэзкаў таго, што засталося пасля ўчорашняга дня.
- Дык жа ж лепшых рэстаранў гэта не тычыцца, - спрабаваў абараніцца Тоні, але астар не даў яму скончыць:
- У цябе напісана – у большасці рэстаранаў! Хто там будзе разбірацца? І тое добра бы, але навошта распавядаць, што робіцца на нашых кухнях? Навошта людзям ведаць, што ўсе італійскія, французскія і нават японскія стравы на самой справе робяць мексіканцы і хлопцы з Поэрта-Рыко? Што кухары – гэта хеўра вырадкаў, бандытаў і нелегальных імігрантаў, пакрытых шрамамі і татуіроўкамі, якія ўвесь час кідаюць хітрыя жарты, рэжуць сябе да крыві і трахаюць усё, што рухаецца – ад кліентак да афіцыянтак!
- Але ж яно так і ёсць!
- Я ведаю!, але ўсім ведаць гэта зусім не абавязкова! Людзі ідуць да нас не за ежай, а за легендай, рамантыкай, атмасферай! А цяпер яны будуь уяўляць сабе хеўру павароў-адмарозкаў, якія незразумела што робяць ля іхняй адбіўной.
[3]Гофман апісвае цікавую сітуацыю з каралевай Англіі. Для забеспячэння свайго сімвалічнага вобразу каралева выдала загад, які забараняе бачыць служачым, як яна адпачывае пад час паездак у вазку на тэрыторыі замку. У выніку гэтага, каб не заспець каралеву ў неспадабаным выглядзе, нават вялікія мужы Англіі былі вымушаны скокаць у кусты пры набліжэнні каралеўскага вазка. Іншая гісторыя з каралевай англіі сведчыць пра тое, што у час вандровак пры праездзе праз хоць якое маленькае мястэчка каралеву будзілі, каб толькі грамадзяне не засьпелі сваю каралеву ў неспадабаным выглядзе.
[4]Чаргінец зьняважыў памяць Натальлі Арсеньневай. Наша Ніва перадрук з Хартыі97 http://www.nn.by/index.php?c=ar&j=16236
[5]Гапава, А. Нацыя «паміж» і ў мары аб сваіх жанчынах. Http://knihi.com/frahmenty/11hapava.htm «Гаворка ішла не столькі пра тое, што народ хоча разаўляць па-беларуску, а больш пра тое, што народ не хоча купляць напісаныя намі кнігі, глядець наша тэлебачэнне, падпісвацца на нашыя газеты...».
[6]Булгкакаў: «Выцісканьне з публічнай сферы, а не правапіс». Наша Ніва, перадрук з радыё Свабода. http://www.nn.by/index.php?c=ar&j=18877
[i]Фуко, М. Слова и вещи. Археология гуманитарных наук. - СПб.: A - cad , 1994. СС - 54 - 62
[ii]Тамсама с. 55
[iii]Тамсама с. 56
[iv]Тамсама с. 56
[v]Тамсама с. 57
[vi]Тамсама с. 59
[vii]Тамсама с. 61
[viii]Бёмэ, Я. Аврора или утренняя звезда в восхождении. - Спб.: Амофра., 2008. с – 399.
[ix]Бёмэ, Я. Аврора или утренняя звезда в восхождении. - Спб.: Амофра., 2008. с – 421.
[x]Бёмэ, Я. Аврора или утренняя звезда в восхождении. - Спб.: Амофра., 2008. с – 406.
[xi]Бёмэ, Я. Аврора или утренняя звезда в восхождении. - Спб.: Амофра., 2008. с – 412.
[xii] Фуко, М. Слова и вещи. Археология гуманитарных наук. - СПб.: A - cad , 1994. с. 166
[xiii]Акудовіч, В. Паўстанне аўстайдэраў // Код адсутнасці. - Мн.: Логвінаў, 2007. с – 48.
[xiv]http://zjniec.livejournal.com/1481.html
[xv]Гофман, И. Представляя себя другим, ст. 47
[xvi]Тамсама, с. 74
[xvii]Тамсама, с. 74
[xviii]Маркс, К. Капитал Т1, с – 81.
[xix]Тамсама, 82.
[xx]Тамсама, 82.
[xxi]Тамсама, 82.
[xxii] Тамсама, 82.
[xxiii] Тамсама, 84.
[xxiv] Тамсама, 86.