Сем адкрытых лекцый па дэманалогіі і чараўніцтву: даследзіны вытокаў беларускай улады
Лекцыя 1
Лекцыя 3
Лекцыя 4
Лекцыя 5
Лекцыя 6
Лекцыя 7
Лекцыя 2. Лінія Багушэвіча
«І ў турму, і ў Сібір!» - і яшчэ кудысць пхне...
Гаварыў, гаварыў, ажно піць захацеў;[i]
Мы пазнаёміліся з двума супрацьлеглымі сіламі намагання аднаго класу. Гэтыя сілы прэзентавалі сябе ў рамках барацьбы паміж сабой, але ж нічога не сказалі пра сябе як носьбітаў пэўнага стану рэчаў. Яны не раскрылі сваё імя і не распавялі пра той клас, рэпрэзентантамі якога яны з'яўляюцца. Пра іх нам можа распавесці Францішак Багушэвіч: хто гэтыя сілы, адкуль яны і чаму яны паўсталі. І, вядома, тут ніяк не абыдзецца без магіі.
Адзін з самых аўтарытэтных сучасных даследчыкаў творчасці Багушэвіча, Валер Булгакаў, як мінімум тры разы згадвае пра звышнатуральнае ў творчасці Ф. Багушэвіча.
Першы раз Булгакаў кажа пра магію ў звязку да гісторыі Беларусі:
«Гістарычны пагляд Багушэвіча, ягоная гістарыяграфія не зьвязаныя з пазітывіскімі абмежаваннямі. Ягоная задача – зьняць чары з гісторыі Беларусі, змусіць яе адыграць унікальную, глыбінную ролю – адрадзіць, вылечыць, вызваліць народ, стаць сапраўдным творцам ягонага духоўнага адраджэння»[ii].
Тут Багушэвіч выходзіць на сцэну ў выглядзе таго, хто здымае чары, у гэтым выпадку, чары з гісторыі. Чары наведзеныя кімсьці, наведзеныя з адмысловай прычыны. І прычыны гэтыя пазначаюцца напрыканцы сказу. Чары наведзеныя з той мэты, каб народ быў запалонены, занядбаны, захварэлы і духоўна неадроджаны. Чары наведзены з жадання порчы, наведзены чорнай магіяй, наведзены не дзеля таго каб стварыць, але дзеля таго каб занядбаць.
Высвечваецца першая кропка ацалення – гісторыя. Чары знятыя з гісторыі, хлусня выкрытая праўдай, даюць падставы да здароўя і духоўнага адраджэння. Адбываецца ланцужковая рэакцыя незвязаных паміж сабой канструктаў культурнай рэальнасці. Зняццё чараў з гісторыі дае магчымасць духоўна акрыяць. Гістарычная праўда ацаляе народ, робіць яго здаровым. Магічнае дзеянне адбываецца не проста ў тым, што Багушэвіч разрывае гістарычныя кайданы:
Літва пяцьсот дваццаць гадоў таму назад ужо была ад Балтыцкага мора ўздоўжкі аж да Вязьмы – у сярэдзіне Вялікаросіі; ад Дынабурга і за Крамянчук, а ў сярэдзіне Літвы, як тое зярно ў гарэху, была наша зямліца – Беларусь!»[iii]
Сапраўдная магія дзеіцца тады, калі гэтае разрыванне чараў вызваляе магутныя духоўныя сілы, якія распачынаюць складаны шлях новай дзяржавы і ідэнтычнасці. Гэтыя сілы вызваляюцца ні накіраваным заклёнам, які стварае і афармляе гэтыя сілы, ні прызываннем іх з прасторы энергій. Пачатак ланцужковай рэакцыі ляжыць у зняцці чараў, калі здымаюцца повязі магіі з рэчаіснасцю. Сапраўдная магія пачынае дзеіцца тады, калі знікае сама магія і на сцэну выходзіць праўда:
«...святая місія якога – уваскрашаць мінуўшчыну, аднаўляць калектыўную памяць, прышчапляць сваім прыніжаным і атупленым суродзічам усведамленьне таго, хто яны такія і хто былі іх продкі, навяртаючы іх да праўдзівага жыцця».[iv]
У Багушэвіча з'яўляецца святая місія і місія гэта ў уваскрашэнні, аднаўленні і прышчапленні. Мы бачым як самым дзіўным чынам прыходзіць адукацыя, адукацыя, якая мае за мэту «прышчапляць». Зняццё чар дае магчымасць уваскрашаць, ды й само ўваскарашэнне асацыюецца са здымам чар. Падобна як мёртвая прынцэса ўваскрашаецца ад пацалунка маладога прынца, які сваімі дзеяннямі здымае старажытныя чары, так і для Булгакава Багушэвіч сваімі магічнымі дзеяннямі скіраванымі на адно, дзейнічае зусім на іншае. Багушэвіч уваскрашае мінуўшчыну, але тым самым стварае будучыню.
Жыццё нацыі і дзяржавы ёсць вынікам не магічнай аперацыі. Жыццёвыя сілы і інтэнцыя да стварэння прыгнечаны злымі чарамі. Народ і дзяржава маюць вялікую патэнцыйную моц, якая прыгнечана порчай. Зняццё гэтай порчы, адкрыццё праўды, уваскрашае не тым, што заклён павяртае з нябыту тое, што памерла, але ж наадварот, здымае фантомы, якія супынялі буянне жыцця. Аперацыя Багушэвіча хутчэй нагадвае выразанне злаякаснай пухліны здаровага чалавека, чым павяртання да жыцця спарахнелага трупа.
Але не гледзячы на ўсе гэтыя спробы магіі, зняцця чараў, акрыяння і ацалення Булгакаў кажа нам, кім на спраўдзе з'яўляецца Багушэвіч. У гэтым месцы Булгакаў трэці раз пазначае звышнатуральнае ў творчасці Багушэвіча. І справа тут не ў магіі і не ў зняцці чараў, справа тут у тым, што Багушэвіч - «жрэц моўнага культу[v]».
« Як і іншыя эўрапейскія ідэолагі культурнага нацыяналізму, Багушэвіч быў схільны да сакралізацыі нацыянальнай мовы, дарма што яна ў той час не была мовай біблійных тэкстаў альбо рэлігійнай практыкі»[vi].
Раптоўна, паміж тэорыі практычнай магіі і чараўніцтва над гісторыяй з'яўляецца мова. Яна як новы чарадзейны канструкт зусім не звязана з тым, што мелася да разгляду раней. Раней Багушэвіч здымаў чары з гісторыі і тым самым распачынаў ланцужковую рэакцыю, цяпер жа выявілася што ён слугуе моўнаму культу, сродку без якога можна было бы абыйсціся, але які аказаўся надзвычай істотным.
Са слоў Булгакава робіцца зразумелым і іншае: па-першае, Багушэвіч сакралізуе мову, па-другое, сакралізуе мову, якая не з'яўляецца мовай біблійных тэсктаў альбо рэлігійнай практыкі. І нарэшце трэцяе: Багушэвіч з'яўляецца як і іншыя, эўрапейскім ідэолагам культурнага нацыяналізму.
На ўсіх узроўнях адчуваецца дзіўны водар містыкі і ажыўшых фантомаў (у тэрмінах сучаснай навукі – уяўных супольнасцяў). З аднаго боку мае месца стварэнне непраўдзівага ўзроўня свядомасці, з іншага ж сакралізацыя і служэнне. Сакралізацыя, якая адбываецца ці то на ўваскрашэнні гісторыі, ці то на прафанацыі мовы называючы яе «святой», тым самым раскрываючы ўсе карты. Усё ж такі, кім для нас з'яўляецца Багушэвіч, магам які здымае чары? Жрэц, які служыць культу? Ці ілюзіяніст, які стварае чарговую эўрапейскую ідэалогію? На жаль Булгакаў адказы на гэтыя пытанні даць не можа, іх можа даць Карл Маркс.
Звернемся да Маркса ў вышуку адказаў, якія паўсталі напачатку гэтай лекцыі.
Ува «Ўнёску у крытыку Гегелеўскай філасофіі права» Маркс намацоўвае будучае развіццё падзей. Па сутнасці, гэтая праца ёсць уводзінамі ў самаго Маркса, у Маркса спрактыкованага ў чарадзействе, у Маркса, тэарэтыка магіі. Маркс раскрывае механізм магіі, прэзэнтуе сувязі, на першы погляд, незвязаных элементаў. Дзейнічае дзеля ўласнага чарадзейнага мастацтва, бо выкрываючы адну магію, мы робім існымі чары іншага кшталту.
Для Маркса змены – ёсць рэвалюцыя. Толькі рэвалюцыя ёсць тым паказчыкам зменаў агрэгатнага стану матэрыі. Змены якія ажыццяўляюца ў свеце чалавека – заўсёды рэвалюцыя. Інспірацыя гэтых зменаў – ёсць інспірацыяй рэвалюцыі. Што тычыцца самой рэвалюцыі, то:
«Толькі рэвалюцыя радыкальных патрэбаў можа быць радыкальнай рэвалюцыяй і выглядае на тое, што дакладна патрабуюцца перадумовы і глеба для такіх патрэбаў»[vii].
То бок ex nihilo nihil fit. Маркс цалкам знаходзіцца ў рэчышчы дэтэрмінізму на што і паказвае пальцам. Зменам ў матэрыяльным свеце папярэднічаюць змены ў свеце патрэбаў. Каб такія змены адбыліся павінны быць спрыяльныя перадумовы і глеба, з якой павінны вырасці змены. Пытанне перадумоваў і глебы ляжыць надзвычай істотна, бо дзе той крытэр і дзе той набор мікра і макраэлементаў, карыснага ўгнаення для таго, каб былі ўзрошчаны тыя змены. Нельга пакінуць без увагі і чулыя рукі фермера, якія ў гэтай працэдуры вырошчвання цудадзеных умоваў і перадумоваў адыгрываюць магчыма не апошнюю ролю.
У той жа час Маркс застаецца непрадказальна шчырым у сваіх высновах, ён кажа пра тое, што:
«Тэорыя выяўляецца ў людзях на столькі, на колькі з'яўляецца выяўленнем патрэбаў гэтых людзей»[viii].
Іншымі словамі, любы загавор, любы заклён, любое шаманскае прамаўленне чарадзейных словаў дзейнічае ў сацыяльным асяроддзі да той ступені, да якой яны з'яўляецца выяўленнем патрэбаў гэтага асяроддзя. То бок ні словы, ні загаворы, ні якія заўгодна тэорыі не з'яўляюцца інспіратарамі зменаў у сацыяльным свеце. Любыя выдумкі, любыя лозунгі, культавыя кнігі, чарадзейныя світкі, шаптанні і прамовы дзейсны толькі тады, калі з'яўляюцца вытворнымі ад тых перадумоваў і той глебы, якія забяспечваюць змены людскіх патрэбаў. Магічныя заклёны і загаворы маюць матэрыяльную прыроду і іхняя моц, іхняя інтэнсіўнасць, іхняя працягласць залежыць не столькі ад моцы самаго мага, колькі ад гэтай выяўленасці тэорыі ў патрэбах народа.
Нацыянальныя міты, пра якія часта распавядаюць сучасныя сур'ёзныя даследчыкі, у тым ліку Валер Булгакаў, ёсць дзейнымі толькі ў той ступені, у якой з'яўляюцца выяўляльнікамі патрэбаў. Любая сакралізацыя, нарацыя і ідэнтыфікацыя здольныя акрыяць толькі тады, калі маецца матэрыяльны падмурак для гэтага, перадумовы і глеба. Нацыянальны міт – гэта не заклён які набыў сваю матэрыяльную форму пасля прамаўлення і дзякуючы самаму прамаўленню. Нацыянальны міт – гэта тэорыя, якая знайшла сваю выяўленасць у патрэбах народа. І пытанне павінна было паўстаць інакш: Багушэвіч змяніў тыя патрэбы ці знайшоў трапныя словы для ўжо аб'ектыўных патрэбаў?
Але ж любыя патрэбы можна стрымліваць, на перадумовы забывацца, а глебу можна засеіць іншымі культурамі. Любыя патрэбы можна выявіць у разнастайных тэорыях, альбо наогул выключыць з тэорыяў, выкінуць на маргінес. Любы матэрыяльны інтарэс можна змясціць у патрэбнае рэчышча, альбо звярнуўшы гэтае рэчышча на вадзяны млын, альбо наўпрост вывесці трубу ў адстойнік.
На гэтыя патрэбы прэтэндуюць дзесяткі тэорыяў, сотні праектаў і тысячы прагных да грашовай узнагароды рук. Веданне матэрыяльнай перадумовы пашырэння тэорыі не дае нам анічога ў веданні чаму і з якой прычыны у гэтай какафоніі дзесяткаў розных тэорыяў перамагаюць адзінкі. Чаму ўвогуле тэорыі застаюцца пачутымі ў гэтым хаосе разнастайных гукаў, апісанняў патрэбаў і выйсцяў з крызісаў. Як ў гэтых складаных перадумовах прарастае расток новай культуры. Культуры якую трэба акуратна абрабляць, у той час як яна пачынае расці як бабыль і забівае ўсё навокал.
Апроч гэтай тэарытычнай какафоніі застаецца яшчэ адна надзвычай істотная вытворчая задача. Што тычыцца ўмоваў і перадумоваў, а таксама тэорый іх апісання, то справа тут выглядае надзвычай лёгка. У гэтай справе нам дапаможа лагічныя працэдуры індукцыі і дэдукцыі. На любых патрэбах можна пабудаваць вынікі, якія будуць выяўляць гэтыя патрэбы. Іншымі словамі, матэрыяльнае можа даволі лёгка ўздзейнічаць на духоўнае, што асабліва яскрава бачна на прыкладзе шызафрэніі. Сапраўдныя праблемы прыходзяць тады, калі Маркс аб'яўляе адзінаццаты тэзіс аб Феербаху:
«Філосафы раней імкнуліся інтарпрэтаваць свет, але сэнс у тым, каб яго змяніць».
Мы апынаемся насупраць прорвы. З аднаго боку – філасофія, якая ёсць эталонам тэорыі, тэарытычнасці ў сэнсе абстрактанасці. Гэты ўзровень абстрактнасці да такой ступені глыбокі, што выключна невідавочна, як уздзейнічае на канкрэтныя рэчы. Маркс першапачаткова сказаў пра перадумовы і глебу. Ён дакладна сказаў аб матэрыяльнай прыродзе любых тэорыяў. Маркс дакладна запэўніў, што любая магія ёсць дзейснай тады, калі яна як мага бліжэй набліжана да рэчаіснасці. Тут жа перад намі стаіць задача зменаў самой рэчаіснасці сіламі філасофіі. Мы павінны словамі ўздзейнічаць на рэчаіснасць, каб рэчаіснасць паддавалася і афармлялася. Перад намі задача найвышэшага дыялектычнага ўзроўню. Ад таго, ці вырашаецца гэтая задача залежыць пытанне імансіпацыі, вызвалення.
Імансіпацыя, вызваленне кажуць нам з аднаго боку пра патрэбы, з іншага пра шматлікаць тэорыяў і прыгнячэння адных іншымі. Прыгнечанасць бачна ў першую чаргу ў тэарэтычнай фальсіфікацыіі патрэбаў, навядзення чараў на буйныя жыццёвыя сілы. Вызваленне – гэта зняцце чараў, зняцце чараў не з матэрыяльнага носьбіта, але з духоўнай крыніцы буяння. Сэнсам матэрыяльнага прыгнятання ёсць не матэрыяльная выяўленасць рэчаў, але своеасаблівасць адносінаў. Супыненне, прыгнёт і гашэнне ёсць ацэнкай адносінаў, што не мае прамога выяўлення ў матэрыяльных рэчах. Іншымі словамі ні механізацыя, ні бізун, ні нагайкі імперскіх казакоў не з'яўляюцца формамі прыгнятання. Формай прыгнёту ёсць фальсіфікацыя рэчаіснасці, а вызваленне ёсць унармаванне адносінаў.
У шматлікасці перадумоваў і глебы мы апынаемся ў прасторы пануючых ідэй, шматлікасці дзяржаўных і недзяржаўных газет, кніг, іншых філасофскіх і навуковых трактатаў. Перадумовы для змены патрэбаў апісаны ў іншых праектах, з'яўляюцца часткай мура, які вырас на шляху гэтых перадумоваў, а самі перадумовы, як і глеба былі выкарыстаны іншымі на будаўніцтве гэтага мура.
У Нямецкай ідэалогіі Маркс цалкам не мае сумневу адносна словаў, ідэяў, а таксама адносна матэрыяльных умоваў патрэб, якія яны выяўляюць:
«Ідэі пануючага класа ў любую эпоху з'яўляюцца пануючымі ідэямі, таму клас які ёсць пануючай матэрыяльнай сілай грамадства, у той жа час ёсць ягонай пануючай інтэлектуальнай сілай[ix]».
Гэты пануючы клас, афармляе сваё бачанне перадумоваў і глебы. Менавіта ён з'яўляецца той сілай, якая піша падручнікі і выдае газеты, удзельнічае ў навуковых семінарах і распаўсюджвае новыя погляды. Сэнс усёй гэтай дзейнасці сфальсіфікаваць для ўласнай выгады перадумовы, навесці на іх чары, зрабіць так, каб забяспечыць як мага доўгае існаванне свайго класа як пануючага. Дзейнасць пануючай інтэлектуальнай сілы ёсць бязконцым шаптаннем над хворымі органамі, паўтарэннем адных і тых жа словаў. Завучванне ісцін адных, каб на іх месца маглі прыйсці іншыя, бясьпечныя ідэі. Дзейнасць што Багушэвіча, што Маркса ў гэтых умовах ёсць вызваленнем, разбурэннем карумпаваных адносінаў, ува ўмовах татальнага ідэалагічнага прэсінгу. Для абодвух гэтых постацей паўстае пытанне змены патрэбаў, што пры ўмове глебы і перадумоваў зрабіць невыносна складана ў атачэнні пануючых ідэй.
Што тычыцца «пазітыўнай магчымасці нямецкай імансіпацыі» то Маркс ведае адказ:
«Адказ: У фармуляванні класа з радыкальнымі аковамі, класа грамадзянскай супольнасці які не з'яўляецца класам грамадзянскай супольнасці, нерухомасці, якая ёсць раскладаннем любой нерухомасці; сферы, якая мае універсальны характар дзякуючы сваім універсальным пакутам і мэтам не частковай правільнасцю, бо няма частковай неправільнасці, але неправільнасць суцэльная, увекавечаная супраць гэтага; які можа заклінаць не гістарычным, але толькі чалавечым, імем; які не застаецца на баку аднабаковага анты-тэзіса да наступстваў, але ўва ўсіх антытэзісах да ўсіх перадпасылак Нямецкага ладу; сферы, нарэшце, якая не можа вызваліць сябе без вызвалення сябе з усіх іншых сфераў соцыуму і таму вызваляе ўсе астатнія сферы соцыуму, які, літаральна, ёсць суцэльнай стратай чалавека і па столькі можа выйграць сябе толькі праз суцэльны пера-выйгрыш чалавека»[x].
Іншымі словамі, вызваленне ёсць не ў фармуляванні таго, што ўжо ёсць, але тое, што не сфармулявана. Мы падыходзім да праблематыкі ХХ стагоддзя, але тым не меньш застаемся ў рэчаіснасці ХІХ. Мы ўжо бачым аб'ектыўны характар матэрыяльнага фактару, але ў сферы зменаў, у сферы імансіпацыі вымушаны звяртацца да лагічна-лінгвістычных законаў фармулявання. Гэтае фармуляванне ёсць перадпасылкай «Маніфеста камуністычнай партыі», але тым не меньш, Маркс ужо ведае пра зброю, якая павінна паўстаць у будучыні. Гэтая зброя мацнейшая за чароўнаю палачку, а па колькасці і радыкальнасці змен нагадвае ядзерную бомбу. Ад прамаўлення назвы гэтай зброі яшчэ якіх сорак год таму ў людзей пачыналі дрыжаць рукі і экстатычна закатваліся вочы. Маркс застаецца да канца шчырым, а таму называе ўсё сваімі імёнамі. Ён не хавае ні функцыю, ні назву гэтага класа:
«Як філасофія знаходзіць сваю матэрыяльную зброю ў пралетарыяце, так пралетарыят знаходзіць сваю духоўную зброю у філасофіі»[xi].
Каб быць канкурэнтназдольным у атачэнні духоўнага і матэрыяльнага прэсінгу любой ідэі, любой тэорыі патрэбна матэрыяльная зброя, прылада, якой яна будзе абрабляць гэтую глебу для сваёй культуры. Зліццё духа і матэрыі павінна быць найглыбейшым дзеля фармулявання і афармлення зброі ў выглядзе зброі. Маркс па сутнасці стварае пралетарыя, афармляючы яго з наёмнага працоўнага. Ён так доўга апісвае яго, уяўляе, распрацоўвае, факусуе і настройвае, што ў рэшце рэшт духоўнае ўліваецца ў матэрыяльнае робячыся зброяй матэрыяльнага, у той час як матэрыяльнае робіцца зброяй філасофіі.
Адна філасофія, адна ідэя стаіць не проста ў апазіцыі да матэрыяльных чыннікаў прыгнячэння, але і ў апазіцыі да ідэалагічных прадуктаў забеспячэння гэтых чыннікаў. Такія прадукты вар'ююцца ад сапраўднай магіі да фокусаў і ілюзій. У адных умовах пануючы клас можа прапанаваць сапраўдныя дзівы эквелібрыстыкі, у іншых – фокус, ілюзію ці нават падман з абрабаваннем кішэняў. Сілы гэтыя да такой ступені моцныя, што нават у прафесійных «вызваляльнікаў» здаюць нервы. У 1917 годзе Ленін больш не піша тэарытычных работ. Ленін у цягніку накідвае красавіцкія тэзісы, якія больш нагадваюць інструкцыю па авалоданні ўладай, чым на сродак перамогі словам. Час словаў прайшоў, наступіў час авалодвання зброяй і ўзброенымі жаўнерамі. У красавіку 1917 года словы страчваюць свае магічныя якасці, Ленін збіраецца змяняць свет зброяй, гвалтам, працоўнымі жылістымі рукамі, словам усім тым, што ўздзейнічае відавочна, неапасродкавана, дэтэрмінічна навукова.
Для Багушэвіча таксама існуе матэрыяльны прыніжаны клас, які ён выклікае да жыцця. Выкліканне гэта на столькі рэлігійна, а генэзіс класу на столькі біблійны, што самі сабой з'яўляюцца старагебрайскія алюзіі. Падобна як старагебрайскі YHWH у кнізе роду кідае абяцанне: «...а ад дрэва пазнання дабра і зла не ясі, бо ў той дзень, як будзеш есці ад яго – памрэш»(Gen 2:17), Багушэвіч дае сваё: «... не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!»[xii] Даецца радыкальная забарона, якая ёсць прычынай усёй далейшай гісторыі. Гісторыя толькі пачынаецца с забароны, так запускае складаны механізм які будзе доўга раскручвацца павялічваючы амплітуду.
У той жа час, мова прыходзіць як рэабілітацыя, а не як табу. Рэабілітацыя відавочная толькі праз прызму нематы і здольнасці быць пачутым. Мова ў першую чаргу з'яўляецца інструментам і па Багушэвічу, беларуская мова з'яўляецца надзвычай файным інструментам. Яго прадмовы ёсць магіяй, якая дае бязмоўнаму мову. Мова, якая з'яўляецца матэрыяльнай зброяй толькі на судзе, што падцвярджаецца вершамі Багушэвіча. Суд не чуе не таму, што ён не разумее «святую» мову, а таму, што сам па сабе не здатны пачуць.
Пасля Багушэвіча праблема мовы пераходзіць з юрыдычнага аспекту ў анталагічны. Барацьба за мову ёсць барацьбой за голас ў судзе. Робіцца відавочным, што суд сам па сабе не з'яўляецца шчырым, ён глухі, ён не здольны пачуць. Вырак суду не залежыць ад мовы на якой вы размаўляеце. Суд будзе бязлітасцівы і да Кручкова, і да Зносака, і да Самасуя. Суд – гэта вырак і вырак неапраўдальны. Так было, так ёсць і так будзе да таго самага часу, пакуль прыніжаныя не будуць пачутыя на сваёй мове. Вяртанне да лакальнай (беларускай) мовы агульнапольскага патрыёта Багушэвіча, можа быць зразумета толькі гуманістычным памкненнем: зрабіць так, каб нямы быў пачуты ўва ўстанове, дзе слова значаць усё – у судзе.
Гэтае метафізічнае, нават містычнае стаўленне да суду характэрна не толькі для Багушэвіча. Складаецца ўражанне, што суд пасля расейскага ўварвання да нашага часу амаль не змяніўся. Гэтая містычная практыка, здольная пазбавіць чалавека апошняга, нават ўласнага жыцця, базуецца не на законах, але на нейкіх д'яблскіх жаданнях, патрэбах і прадчуваннях. У прадмове да «Дзядоў» Адам Міцкевіч робіць наступную заўвагу: «W tajemnej procedurze rosyjskiej oskarżenni nie mają sposobu bronienia się, bo często nie wiedzą, o co ich powołano; bo zeznania nawet komisja według woli swojej jedne przyjmaje i w raporcie umienszcza, drugie uchyla»[1][xiii].
У гэтай немагчымасці быць пачутым у судзе, у сітуацыі, калі народ з'яўляецца «алёгос» выяўляецца матэрыяльны падмурак зменаў патрэб. Адмена Статута, карумпаванасць суддзяў, новая юрыдычная мова, нешчыры суд – дабрабыт, эканамічныя выгоды, банальная магчымасць жыць на роднай зямлі зрабілася невідавочнымі. Якія заўгодна пазітыўныя эканамічныя зрухі, адсутнасць вайны, шчырая праца – зрабіліся другаснымі ў дачыненні да суда; усе высілкі праходзяць марна, калі ў справу умешваецца суд. Суд здольны адабраць маёмасць, накласці спагнанне, штраф, здольны адправіць кармільца ў Сібір на катаргу, можа адабраць жыццё. «Здаецца, што само жыццё пішацца на абрыўках судовых вырокаў ды няўцямна-афіцыёзных цыркулярах калянійнае адміністрацыі»[xiv]. Суд ператвараецца з інструмента структурацыі рэчаіснасці ў інструмент яе хаатызацыі. Толькі цяпер робяцца магчымі як заклінальнікі словамі, так і змагары за родную мову.
Як для Маркса істотным з'яўляецца пераадоленне адчужанасці паміж людзьмі, прадуктамі і родавай сутнасцю чалавека, так для Багушэвіча першаснай патрэбай ёсць пераадоленне прорвы паміж словамі і выракам суду. Па сутнасці адзінае месца, дзе словы відавочна ўздзейнічаюць на матэрыяльныя чыннікі, не працуе спраўна. Тут словы таксама не ўздзейнічаюць, фальсіфікуюцца паказанні сведкаў, прымаецца пад увагу толькі слова пракурора. Вырак не залежыць ні ад адваката, ні ад светкаў, ні ад рэчаіснасці[2].
Такім чынам перад намі паўстае прыгнечаны клас. Гэты клас і ёсць увасабленнем і адчужанасці, і кансерватызму, ён аб'ядноўвае ў сабе і шаманаў і экзарсістаў, настаўнікаў і невучаў. Асноўнай кропкай рэпрэзентацыі гэтага класу з'яўляецца прынцыповае маўчанне. Ён церпіць ад таго, што не валодае моўным апаратам, які ў сімвалічнай прасторы можа даць адпор прыгнятальніку.
Амбівалентнасць гэтага класу палягае ў стратэгіі выжывання. Калі адчужанае крыло спрабуе адаптавацца, прызываючы ў дапамогу чужую, незразумелую мову, то кансерватыўны элемент спрабуе легітымізаваць сваю ўласную мову. І першыя, і другія жадаюць быць пачутымі, у іх розныя стратэгіі, але ж падмурак іх аднолькавы. Можа таму яны блазнуюць адзін аднога, кпяць у канкурэнцыі за выжыванне.
Пазіцыя Багушэвіча стасоўна стратэгіі выжывання - відавочная, ён за легітымізацыю тутэйшай мовы. Падобна да змея ў кнізе роду, у прыгнятаемым класе нараджаецца сумнеў у Багушэвічавай стратэгіі выжывання. Сумнеў гэты існуе на працягу гісторыі Беларусі, як лінгвацэнтрычнага феномену. Гэты сумнеў дажывае і да нашых дзён, пакуль не агалошваецца Акудовічам як гром сярод яснага неба: «Беларусь ніколі не будзе толькі беларускай». Аднекуль з глыбінь савецкай Расеі спачатку з'яўляецца Заходнерусізм, потым Савецкая Беларусь апагеям якой сталася звядзенне беларускага да арнаментаў і цымбалаў, а пасля з'явілася Рэспубліка Беларусь, дзе беларускамоўныя беларусы лічацца хутчэй недабеларусамі чым сапраўднымі беларусамі. Адным словам, пачаўся працэс канкурэнцыі шматлікіх праектаў. Мы зноў апынуліся ў сітуацыі шэпту, какафоніі і хаосу разнастайных замоваў, загавораў, заклёнаў і праклёнаў.
[1] У той жа прадмове Міцкевіч прыгадвае расейскага сенатара Навасельцава, якога прыслалі ў Вільню для навядзення «парадку» і надзяліі неабмежаванай уладай. Сэнсам працы Навасельцава быў разгром літаратурных таварыстваў філаматаў і філарэтаў. Асаблівасцю юрыдычнай дзейнасці Навасельцава было тое, што ён «стаўся і аскаржальнікам, і суддзём, і катам». Адразу з'яўляюцца паралелі з савецкай судовай сістэмай, дзе суд меў падобныя паўнамоцтвы (згадайма тройкі). Прыгадваецца і сучасная сістэма судоў РБ, дзе суддзя грае ролю пракурора, а патрапленне ў суд аўтаматычна мае на ўвазе жорсткі прысуд. Прычым, у сучасных судах РБ таксама без адэкватнай прычыны адныя сведчанні прымаюць да ўвагі другія не. У звычайнай судовай практыцы прымаюць да ўвагі сведчанні міліцыянтаў, які здзяйсняюць затрыманне. Сведчанні сведкаў прымаюць да ўвагі вельмі рэдка (З апошніх гучных працэсаў узгадваецца суд над Андрэям Кімам, дзе справа відавочна развалілася, было даказана лжэсведчанне міліцыянтаў, але тым ня меньш, суд не прыняў пад увагу не змантаваны міліцыяй відэазапіс, які сведчыў усё адно на карысць Кіма, не на працэсуальныя памылкі следста, і асудзіў Кіма на некалькі год зняволення). Што тычыцца самой справы філаматаў і філарэтаў, то Міцкевіч выражае агульную думку адносна гэтага працэсу: «Усе пісьменнікі, якія ўзгадваюць пераслед на Літве, згаджаюцца, што ў справе віленскіх вучняў было штосці містычнае і таямнічае». Мы маем доўгую гісторыю, калі абвінавачаныя даведваліся пра тое у чым іх будуць абвінавачваць акурат перад выракам. Што у Расійскай Імперыі, што ў БССР, што ў РБ суд з'яўляўся структурай містычнай, незразумелай, па-за законамі логікі і юрыспрудэнцыі. Адзінае, на што могуць спадзявацца вязьні, дык толькі на «веру і цуды».
[2] Паказальнымі з'яўляюцца чуткі, якія ходзяць стасоўна міністра ўнутраных спраў РБ. Магчыма, гэта сумнеўная думка, але такія чуткі хутчэй ілюструюць беларускую судовую сістэму, чым выглядаюць недарэчным кур'ёзам. Выпадак з піцерскім вандроўнікам: http://serni.livejournal.com/769100.html?page=26#comments і выпадак з фанатамі піцерскага Зеніта: http://www.11sector.ru/index.php?subaction=showfull&id=1226065885&archive=&start_from=&ucat=&
[i] Багушэвіч, Ф. У судзе //Творы: для сярэд. І ст. шк. Узросту. - Мн.: Маст. Літ., 2001. с – 255.
[ii] Булгакаў В. Гісторыя беларускага нацыяналізму. Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2007. ст. 211
[iii] Багушэвіч, Ф. Прадмова да Дудкі беларускай // Творы: для сярэд. І ст. шк. Узросту. - Мн.: Маст. Літ., 2001. с –22.
[iv]Булгакаў В. Гісторыя беларускага нацыяналізму. Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2007. ст. 222
[v]тамсама, ст.214
[vi]тамсама, ст. 214
[vii]Marx, K. Introdaction to A Contribution to the Critique of Hegel's Philosophy of Right (перакл. З англіскай мой) // http://www.marxists.org/archive/marx/works/1843/critique-hpr/intro.htm
[viii] Там сама
[ix]Marx, K. The German Ideology (Rulling Class and Rulling ideas) // http://www.marxists.org/archive/marx/works/1845/german-ideology/ch01b.htm
[x]Marx, K. Introdaction to A Contribution to the Critique of Hegel's Philosophy of Right (перакл. З англіскай мой) // http://www.marxists.org/archive/marx/works/1843/critique-hpr/intro.htm
[xi] Тамсама
[xii] Багушэвіч, Ф. Прадмова да Дудкі беларускай // Творы: для сярэд. І ст. шк. Узросту. - Мн.: Маст. Літ., 2001. с –22.
[xiii] Міцкевіч, А. Дзяды. Т1. - Мн.: Медысонт, 1999. с – 12.
[xiv] Бабкоў, І. Багушэвіч і бяздомнасць // Каралеўства Беларусь. - Мн.:Логвінаў., 2005. с – 52.