Свабода ад сябе

Зміцер Смалякоў

Мінск, 2006

За прынцып вернасці сярэднявечныя рыцары паміралі, яны рэзалі ворагаў, ахвяравалі дзецьмі, лёсам, будучыняй. Імчалі ў далёкія, варожыя краі, каб там назаўсёды застацца мёртвымі. Вернасць была іх ідэалам і нават у момант выбару паміж смерцю і вернасцю, яны вынаходзілі, што проста не могуць адмовіцца ад вернасці ў імя жыцця.

Вернасць, заснаваная на васальнай залежнасці, на клятве, якая сама па-сутнасці выключна антыхрысціянская рэч, вымушанасць існаваць па прынятых правілах, накінутых дамовай на жыццё, прыдбаных дзеля ахвярнасці ў імя сеньёра, выяўлялася праз узгодненасць з унутранай прыродай “ідэальнага” рэцара. Вернасць, якая мяжуе з рабствам, з вымушанасцю, з дэтэрмінізмам абавязкаў; вернасць, якая прымушае забывацца на наступствы: рэзаць, паміраць, хлусіць, абражаць, здзеквацца, выпальваць гарады; вернасць, якая сабой замяняе маральнасць, якая прынцыпова сама ператвараецца ў маральнасць, у сярэднявечны эталон, ідэал, праз які мусіць забывацца нават сама хрысціянская вера; варварская прага прыналежнасці, суналежнасці, кругавой парукі, хісткай іерархіі субардынаваных частак, дзе кожная знаходзіцца ў коле сваіх уласных клятваў, сваёй вернасці, дачыненняў з іншымі, прыроды ўласнай свядомасці, прыдбанай з нараджэннем; суіснаванне, гэтая залежнасць: асабістая, вербальная, моўная, падначаленасць заснаваная на клятве, на абавязку выконваць загады і патрэбы сеньёра ёсць вернасцю культурнаму ідэалу, прадукту сярэднявечных грамадства і этыкі.

Уся гісторыя новага часу, мадэрнасці, спробы вызвалення, скідання, раскладання васальнай залежнасці, гэтая апантаная прага свабоды палягае ў канцэптуальнай скіраванасць на незалежнасць ад вернасці, ад феадальнага гвалту асобы, хітрага і хісткага падначалення суверэну, задужа небясьпечнага з пункту гледжання маралі, ці ўзапраўду сказаць, з пункту гледжання камерцыі.

Мадэрнае грамадства, з яго паноўнай таталітарнасцю, рацыянальнасцю, тыранічнасцю ментальна і канцэптуальна скіравана на свабоду: спачатку ад феадалаў, потым ад царквы, а надалей і ад шлюбу. Гэтая татальная страта вернасці: феадальнай, рэлігійнай, шлюбнай адбываецца ва ўмовах ідэалу прасветленага тырана, гвалтоўнага ўмяшальніцтва ў прыватныя справы асобы, у часы ўзбуйнення дзяржавы, пранікнення яе ў сферы прыватнага жыцця чалавека, свабода прыходзіць праз эпоху імперый.

Асветніцтва нараджае навуку, паліцыю, свецкія школы, спецыялізаваныя выхаваўчыя ўстановы, навуковыя і філасофскія часопісы, турмы – спецыяльныя ўстановы перавыхавання. Яно ахапляе ўсю Еўропу, яно крочыць па Еўропе змяняючы асобу, пераплаўляючы свядомасць, пераплаўляючы самаго чалавека, праз школы, праз навуку, праз паліцыю.

Асветніцва, гэты еўрапейскі эксперымент татальнай змены свядомасці, з нянавесцю ставіцца да Сярэднявечча. Называе гэты час цёмным, пустым, страчаным, чорным, мёртвым. Асветніцтва змагаецца супраць усяго сярэднявечнага, выціскае рэлігійнасць, феадальнасць, народнасць, метафізічнасць, прыналежнасць. Яно ўсё ставіць на навуковыя, ці падобна-навуковыя рэйкі, праз школу імплантуе навуковасць, прымушае ўкараняцца паліцыяй і войскам. Асветніцтва субардынавана, таталітарна, жорстка, тыранічна навязвае ідэю свабоды, і ў першую чаргу свабоды ад феадальнай вернасці. Асветніцтва змагаецца з Сярэднявеччам нават больш апантана чым новаеўрапейская інквізіцыя з ерассю.

Навучнасць, гэты таталітарызм навукі, гэтае яе права на панаванне выводзіцца з самой прыроды навучнага, праз аб’ектыўнасць, бессвядомасць, безасабовасць, праз узгодненасць з самім кшталтам рэчаў. Такі крок самы звычайны для асветніцтва – усталяваць права праз саму прыроду, нібы прырода здольная даць гэтае права. І права на змену свядомасці вынаходзяць з прыроды сацыяльных стасункаў, навуковай дзейнасці, з прыроды дзяржавы, з прыроды генія, чалавека. Узгодненасць з прыродай, з дзяржаўным, навуковым, сацыяльным ёсць тым, што надае асветніцкую свабоду. Асветніцкая свабода ў спазнаных неабходнасцях, у радавых сутнасцях, у імкненні да абсалютнага духу і да т.п. Асветніцкая рыторыка скіравана на свабоду, на вызваленне, на парыванне з мінуўшчынай. Усё гэта адбываецца праз гвалт, праз жахлівыя войны, праз таталітарныя дзяржавы, праз рэвалюцыі буржуазіі супраць апошняга аплоту феадалізму – караля і каралеўства. Асветніцтва пасля кожнай рэвалюцыі выстаўляе свой фетыш на ўсеагульнае агляданне і ўзбуджаны сярэднявечны натоўп бачыць нябачныя дагэтуль колькасці адсечаных галоў.

Асветніцкая барацьба адбываецца супраць феадальнай вернасці, супраць прыналежнасці клятвай, супраць архаічнай субардынацыі, супраць ментальнага прымусу падначальвацца клятвай. Асветніцтва спачатку падначальвае сабе ментальнае забеспячэнне вернасці – царкву, потым забівае суверэна – караля і ў рэшце-рэшт спрабуе збавіцца ад самаго сябе.

Ужо напрыканцы дзевятнаццатага стагоддзя асветніцкая ментальнасць апынулася ў такой сітуацыі, калі ўсё з чым яна змагалася апынулася разбураным і вынішчаным, у той час як з федальнага, з сярэднявечнага, з вернага засталася толькі яна сама. Яе апантаная вернасць сваім ідэалам, залежнасць ад статычных маральных узораў і норм, гэтая прага падтрымліваць і ўтрымліваць свой прыватны нораў, быць узгодненым з модай, стылем і густам, гэтая вернасць навуковым ідэалам, гэтая рабская, феадальная фармалізаваная вернасць засталася выключна ў самой асветніцкай ментальнасці.

Збавіцца ад гэтай вернасці магчыма было толькі вызваліўшыся ад самой асветніцкай ментальнасці. Асветніцтва захапляецца іррацыяналізмам, яно эксперыментуе з наркатычнымі сродкамі, выплёсквае сябе ў патоку свядомасці, распачынае вялікія войны, дзе ў падсвядомай празе выжыць, збаўляецца ад самой сябе. Гэтая ментальнасць рэжа, спальвае ў камерах тысячы вязьняў, скідае атамныя бомбы, растрэльвае міліёны, яна п’е кроў і гэтым ненажэрным апетытам спальвае, знішчае, пераплаўляе сябе. Тут і такім чынам Асветніцтва можа быць іншым, яно можа збавіцца ад сябе, ад гэтай вернасці, збавіцца ад гэтага дэтэрмінізму, ад гэтай вымушанай падначаленасці клятве, вернасці хоць бы і сваім ідэалам, хоць бы і сваёй прыродзе.

Свабода ад сябе выяўляецца ў канцэптуальным вынішчэнні вернасці, хоць бы і дзяржаве, хоць бы і маралі, хоць бы і ўласнай жонцы. Вернасць нервуе, яна дае шаблоны, яна спрычыняе чалавека да пэўнага статычнага, вартага, таталітарнага, што рэдукуе свабоду як такую, што дазваляе быць свабодным выключна ілюзорна, выключна метафізічна, выключна ў сферы ўчынка, хоць і сам учынак ужо залежыць ад вернасці пэўным ментальным канструкцыям, адукацыі, інстынктам, характару, волі, лёсу. Гэты бясконцы гвалт інтылехіі, гэтая паноўная залежнасць ад статычнай патэнцыйнасці, дзе свабода выяўляецца выключна ў падзеі адбыцца, ці не адбыцца.

Гэты сярэднявечна-антычны тыран, гэтая душа, гэтая патэнцыйнасць, якая рэгламентуе выбар, яна зводзіць з тропу, тэрарызуе ментальнасць, прымушае быць верным самому сабе. Гэтым сваім учынкам, гэтым сваім ідэалам, гэтай сваёй волі, гэтаму свайму падсвядомаму, прасветленаму і аб’ектыўнаму тырану, які дзейнічае па ўзгодненай праграме таталізуючы жыццё, тыранічна і аб’ектыўна вынішчаючы магчымасць сапраўднай свабоды, сапраўднай маралі, сапраўднай адказнасці, дзе суб’ектыўнасці будзе дадзена права адбывацца так як яна хоча, і па тых схемах што яна хоча. Гэтая магчымасць маральнага ўчынку без вернасці сабе, без узгодненасці з сабой, са сваімі інстынктамі, з усім аб’ектыўным накшталт інтылехіі і да таго падобнага сваёй прыродзе.

Прага змяніць уласную душу, вырваць, ці змяніць тое, што вырваць і змяніць нельга, выканаць сваю волю і жыць па ўласнай волі, па самаму хрысціянскаму, самаму біблійнаму прынцыпу ўласнага выбару, выбару цалкам вольнаму ісці, ці не ісці! Магчымасць абіраць, гэтая па-зафармальная, па-зааб’ектыўная магчымасць, якая не звяртае ўвагі на ўласную патэнцыйнасць ёсць права генія быць звычайным чалавекам.

Патэнцыйнасць, праектнасць апынуліся яшчэ больш тыранічнымі за любога зямнога тырана з усімі ягонымі забабонамі, клятвамі і прагай крыві. Гэтая прыналежнасць сабе, якую Еўропа спрабавала выправіць праз феномен іншага, гэты іншы з такімі ж патрэбамі змянення сябе, гэты апантаны і статычны нораў, гэтае жыданне змяніць сябе, гэтае наркатычнае, пірсінговае, пластычна-хірургічнае жаданне заснавана выключна на адным – быць свабодным ад сябе! Свабодным праз волю, праз іншага, праз законы, якія рэгламентуюць схему выхаду з сябе, выхаду ў рэчаіснасць, выхаду ад уласнай дурасці, ад магчымасці завядзення сябе і грамадства ў багну, дзе вернасць сабе вымушае галасаваць за тэранаў, ісці на вайну, саджаць на трон ці звяргаць каралёў, засоўваць галаву ў пятлю і рэзаць нязгодных. Гэтая вернасць ментальным канструкцыям, уласнай прыродзе, уласным ідэалам, што замінае зірнуць на праблему цалкам суб’екатыўна і ў гэтай суб’ектыўнасці вынайсці свой і цалкам вольны варыянт. Хіба толькі што іншага можна прадукаваць як па Бадрыяру, тым самым рэдукуючы свабоду ад сябе! Гэтая пастка ўласнай дурасці, уласнай прыроды, уласнай вымушанасці сябе сабой, гэта тое, чым захапляюцца заходнія тэорыі выпрцоўваючы сваіх іншых ва універсітэтах і на старонках газет.

Чалавечая воля, як і сама прага здзяйсняць сваю волю, уласна да свабоды ніякага дачынення не мае. Яна мае дачыненне да інтэлехіі, да душы, да інстынкту, да свядомасці і падсвядомасці, да прыроды. Усё аб’ектыўна спантаннае, бессвядома тэранічнае, гэтае запраграмаванае “я”, праз вернасць сабе спрачыняе дзейнічаць па “аб’ектыўных” схемах. І гэтыя схемы даследуюць навукоўцы: сацыолагі, псіхолагі, палітолагі, словам асветніцкія мутанты па вывучэнню асветніцкай ментальнасці. Яны даследуюць гэтае “я” і прапануюць схемы яго выкарыстання ў народнай гаспадарцы.

Уласна кажучы маральнасць, гэтая выспа ўчынку, магчымасць дзейнічаць вольна ад патэнцыйнасці, то заканадаўча, то ўзорна, то схематычна ў выглядзе этыкі, у выглядзе філасофскага монстра свядомасці этыкаў, апантана выпрацоўвала вернасць этычнаму, гэтаму новаму суверэну, ад якога Ніцшэ адсунуўся, а Розанаў спрафанізаваў. Пагражаючы сваевольствам этычнае выпрацоўвала залежнасць, вернасць статычным ідэалам, хоць паміж сваевольствам і свабодаю заставалася прорва магчымасцяў, якія былі вынішчаны Дастаеўскім, гэтым літаратурным велікаросам, экзістэнцыяльным Барухам Спінозай у якога мысленне адбывалася выключна пад ціскам прыроды і ў імя яе.

Этычнае, экзістэнцыйна зразуметае, адчувае сябе ў адасобленасці ад прыроды, нават ад самой прыроды этычнага. Гэта магчымасць суб’ектыўнага прарыву да маральнасці, суб’ектыўнай магчымасці адказваць за ўласныя ўчынкі не па факце, не па фармальнасцях, не па абставінах, не па матывах і не па меркаваных наступствах ці чаканнях. Гэта магчымасць адказваць на бязвернасці, на адсутнасці вернасці ідэалам, грошам, статусу, сувязям, самому сабе. Гэта прага перажываць.

Перажытае, у сваю чаргу забываецца, яно вынішчаецца аб’ектыўнымі, прыроднымі, бессвядомымі дапаможнікамі змены свядомасці, бо бессвядомае не можа быць больш праўдзівым за свядомую хлусню. Свабода ад сябе адчыняе магчымасць выбару паміж віндэттай і мірам, паміж злобай і дабрынёю, яна адчыняе вялікую колькасць магчымасцяў дзеяння. Яна дае магчымасць вялікага выбару. Выбару з кола шматлікіх варыянтаў, дзеля магчымасці быць сабой, а не быць з сабой узгодненым.

2002-2010 ©апіруйце і множце!