Эстэтычныя стратэгіі постмадэрнізму: досвед Сярэднявечча

Зміцер Смалякоў

Мінск, 2006

У ХХ стагоддзі тэма Сярэднявечча зрабілася зноў актуальнай. Калі ХІХ стагоддзе карыстала з яго як з рамантычнай, гатычнай тэмы, то на пачатку ХХ стагоддзя з’явіліся меркаванні пра непасрэднае вяртанне эпохі як такой.

Вяртанне сакральнасці, патаемнасці прагназуе Бярдзяеў у “Новым Сярэднявеччы”. Ён звяртае ўвагу на тое, што новыя дзяржаўныя рэжымы паўстаюць у вельмі блізкай карэляцыі з самаадчуваннем Сярэднявечча. Прага да прыхаванасці, сакральнасці, рэлігійнасці, масавасці, блізкае да сярэдніх вякоў, нечакана адкрываецца ў 20-30ых гадах ХХ стагоддзя. Згаданыя характарыстыкі імплантуюцца ў мадэрновае грамадства, апаноўваюць ім, робяцца яго таталітарнай часткай. Назіранні Бярдзяева робяцца падвойна цікавымі ў часавым супастаўленні з працай Артэгі-і-Гасэта “Паўстанне мас”, так як прагнозы Бярдзяева мусяць здзяйсняцца ў тым жа тэмпаральным прамежку, што і масавізацыя грамадства па Артэгі-і-Гасэту.

Але ж час ішоў, а анансаванага вяртання Сярэднявечча па Бярдзяеву не адбылося. Таталітарныя рэжымы абрынуліся і засталася адна масавізацыя. Тым не меньш тэма Сярэднявечча усё ж вяртаецца, ужо ў эстэтычным рэчышчы постмадэрнізму: Сярэднявечча грунтоўна даследуюць поструктуралісты, яно робіцца тэмай новых еўрапейскіх раманаў, па сярэднявечных матывах здымаюць масавае кіно ў ЗША, медыявістыка робіцца папулярнай інтэлектуальнай плынню.

Умбэрта Эка звяртае ўвагу на вяртанне сярэднявечных матываў у папулярнай культуры, больш таго, ён паўтарае Бярдзяеўскую тэзу пра вяртанне Сярэднявечча1. Эка сцвярджае, што сучасны кінематограф, раманістыка ды й культура ў цэлым адчуваюць асаблівую цікаўнасць да Сярэднявечча як да надзвычайна актуальнай тэмы. Згодна з продажам раману “Імя ружы” робіцца зразумела, што Сярэднявечча вельмі выгодна прадаецца і калі яно вяртаецца не ў выглядзе Бярдзяеўскіх самотных прадчуванняў, то ў выглядзе культурнай тэмы дакладна. Не гледзечы на капіталістычную эксплуатацыю тэмы Сярэднявечча, сярод постмадэрновых аўтараў узнікае думка, што калі сучаснасць і радыкальна адрозніваецца ад Сярэднявечча, тым не меньш, яна адчувае пэўную канцэптуальна-культурную падобнасць да яго.

У той жа час, сам постмадэрнізм, як паўнавартасны інтэлектуальны стыль спараджае шматлікія культурныя стратэгіі. Ён прапануе асаблівую метадалогію па стварэнню і ўспрыманню культуры. Гэтыя стратэгіі даюць значную аўтаномію чытачу (спажыўцу інтэлектуальнай прадукцыі), якая была немагчыма ў эпоху мадэрнізму ды й увогуле на працягу ўсёй эпохі мадэрнасці, як яшчэ называюць час пасля Сярэднявечча. Акрамя аўтаноміі чытача постмадэрнізм прапаноўвае шэраг стратэгіяў для аўтараў, якія маюць на мэце стварэнне культурных прадуктаў папулярных не проста ў пэўнага элітарнага кола чытачоў, але ўва ўсім грамадстве не зважаючы на інтэлектуальны ці эстэтычны ўзровень спажыўцоў. Сціранне мяжы паміж элітарным і масавым дазваляе ствараць надзвычайна дэмакратычныя культурныя прадукты, дзе ў форме папулярнага чытва, у выглядзе цытатаў, схемаў, культурных кодаў запламбаваны сур’ёзныя культурныя і маральныя дамінанты.

Гэты інтэлектуальны імператыў (сціранне мяжы паміж эдітарным і масавым) характэрны і для Сярэднявечча. Больш таго, постамдэрнізм звяртаючыся да масавага, звяртаецца да сярэднявечных культурных стратэгій, якія падаюцца ў мадэрным, навуковым выглядзе. Менавіта постмадэрнізм паказаў, што Сярэднявечча не знікла цягам Новага часу, яно не было пераадолена Асветніцтвам. Сярэднявечча засталося існаваць ў пабытовых, у не-элітарных колах, у выглядзе структураў, у выглядзе ментальнасці, у выглядзе бесвядомага ўспрыняцца культурных кодаў. Мадэрнае панаванне элітарнага не дазваляла зразумець, што Сярэднявечча не знішчана, наадварот сама мадэрнасць існуе выключна ў абмежаваным гета навукі, высокага мастацтва, элітарнай музыцы і выкшталцоўных формаў літаратуры. Масавізацыя мастацтва, сціранне мяжы паміж элітарным і пабытовым накіравалі святло на Сярэднявечча як на культурную стратэгію. Постмадэрнізм з’явіўся навуковым паўторам Сярэднявечча, капіталістычным рэмэйкам хрысціянскай цывілізацыі сярэднявечнага Захаду.

Хоць Бахцін тэарытычна падзяляе сярэднявечную культуру на царкоўную і карнавальную2, аднак само Сярэднявечча жыло ў аднамерным ментальным свеце, дзе ўсялякія культурныя падзелы былі вынішчаны самой культурнай сітуацыяй. Сярэднявечны чалавек у сваім побыце мысліў у тых жа формах, што і сучасная яму тэалогія за кафедрамі[2:251]. Мяжы паміж элітарным і звычайным не было. Мадэрновы падзел на высокае і нізкае, на элітарнае і неэлітарнае, на царкоўнае і свецкае па просту адсутнічаў. Пабытовыя жаданні эліты (царкоўных іерархаў, знаці, каралёў) супадалі з жаданнямі самых бедных сялян. Гэта праяўлялася як у гатунках і колерах адзення, так і ў песнях якія былі папулярны як сярод феадалаў, так і сярод простага люду[1:407]. Падзел сярэднявечнага грамадства хутчэй нагадваў постмадэрновую стужку, дзе героі дзеляцца не на цывілізаваных і варвараў, а на багатых і бедных, на слабых і моцных[1:314].

Гэты жывы падзел даваў падставы для шырокага выкарыстання сексуальных матываў у сярэднявечнай літаратуры. Узапраўду, Сярэднявечча не абмяжоўвала сябе схаластычнасцю, рэлігійнасцю ці феадальнай залежнасцю. Сярэднявечны люд прагнуў сапраўдных герояў, сапраўдных пачуццяў, сапраўдных жывых эпізодаў, таму не дзіва, што ў сярэднявечнай літаратуры герой заўсёды быў прыгожы, сексуальны і моцны. Гэткія акалічнасці не супрацьстаялі рэлігійнасці, проста такім быў жывы густ сярэднявечных мас, які, у сваю чаргу, пранікаў у тэалогію [2:117-131]. У Сярэднявеччы мастацтва неадрыўна звязана з жыццём, яно пазбаўлена штучнага тэарытызавання, яно выяўляецца ў пабытовых формах, у тых формах, што былі пашыраны сярод сярэднявечнага насельніцтва.

Падобную аднамернасць густу постмадэрнізм выкарыстоўвае ў стварэнні сваіх мастацкіх прадуктаў. Менавіта ў постмадэрнізме гульня адбываецца не на ўзроўні элітарнага, а на ўзроўні пабытовага. Менавіта ў постмадэрністычных стратэгіях элітарнае і звычайнае супадае, ператвараецца ў адно цэлае, губляецца каштоўнасць самаго падзела на элітарнае і неэлітарнае. Постмадэрнізм як і Сярэднявечча апілюе не да высокасці ці элітарнасці культурнага прадукту, а выключна да запатрабаванасці, да чалавечага ўспрымання, да ўтылітарнага выкарыстання культуры. Постмадэрнізм вяртаецца да жыцця масаў, хіба што гуляючыся і выкрываючы тыя звычкі, забабоны і вераванні.

Узапраўду, Сярэднявечча як і постмадэрнізм не абмяжоўвае сябе прыватнасцямі, унікальнасцямі і неардынарнасцямі. Сярэднявечнае мастацта зводзіць кожнага чалавека да пэўнага тыпу, які хаваецца за адмысловай колькасцю агульных месцаў. Гэты тып дзейнічае па сваіх схемах і матывах, ён пазнавальны сярод чытачоў, спажыўцоў культурнага прадукту[1:314]. Такія тыпы выяўляліся не толькі ў выглядзе адпаведных схемаў паводзінаў, яны падобна да герояў сучасных блокбасцераў мелі і адпаведны знешні выгляд: “Знатныя мелі белыя альбо рыжыя валасы, а таксама залатыя валасы, колера льна, вельмі часта ў іх валасы віліся, блакітныя “праўдзівыя” вочы. (...) Біограф надзяляў героя дасканалым наборам арыстотылеўскіх і стаічных якасцей, неабходных асобе яго рангу” [1:314].

Цікава звярнуць увагу, што гэты набор агульных месцаў выкарыстоўваецца постмадэрнізмам не толькі для стварэння арыгенальных мастацкіх прадуктаў, але і ў якасці асноўнай цэлі кпінаў самаіроніі пад час стварэння другасных мастацкіх твораў. Іранізаванне з гэтых тыпаў, агульных месцаў, адпаведных якасцей з’яўляецца асноўнай рухаючай сілай для стварэння пародый на фільмы экшн, эпік, ці на адпаведныя літаратурныя шэдэўры.

У той жа час, у Сярэднявеччы тэорыя, то бок “высокае”, не адрывалася ад жыцця, ці калі больш дакладна, то жыццё не адрывалася ад тэорыі. Звычайнае, пабытовае жыццё абапіралася на догмы, пастулаты, інтэлектуальныя прадукты сярэднявечнай тэалогіі. Тэалогія была ўплецена ў жыццё. Кожная тэарытычная каштоўнасць укаранялася ў жыццё, вынаходзіла сваё месца ў жыцці. Сярэднявечная тэалогія ўяўляла сабой частку народнай гаспадаркі. Тэалогія не ўяўляла сабой адасобленую ад гэтага свету навуку, яна была неад'емнай у пабыце. А таму нават самыя складаныя, самыя схаластычныя формы праяўляліся ў народным жыцці, высвечваліся ў ім, рабіліся яго часткай.

Такі прыклад зліцця тэорыі з практыкай дае адказ, чаму цытаванне, як асаблівую метадалогію культурнага жыцця, першым засвоіла Сярэднявечча. Менавіта сярэднявечная культура выкарыстоўвала цытаванне не толькі як інтэлектуальны прыём, але і ў якасці пабытовай звычкі. У Сярэдявеччы нават самы “цёмны” селянін у сваіх штодзённых стасунках мог выкарыстоўваць цытаты са св. Фамы Аквіната, альбо з бл. Аўгусціна. Цытуючы ў практыцы, сярэднявечны чалавек яднаўся з тэорыяй свайго часу. Выкарыстоўваючы цытаты з Бібліі, з патрыстаў, схаластаў ён матэрыялізаваў думку, ператвараючы яе ў пабытовую, жывую з’яву. Матэрыялізацыя любой думкі, жаданне прапанаваць думку ў пэўным самазначным выглядзе праяўляецца ва ўсіх сферах жыцця, ад сямейных стасункаў да судовай практыкі. [2:256]

Кожны эпізод чалавечага жыцця набываў рысы самавартаснага феномену, асаблівага аповеду, вельмі важнай і вельмі істотнай гісторыі. Любая падзея, любое выказванне рабілася прадметам пошуку адпаведнасці ў Святым пісанні, у выслоўях схаластаў, альбо ў гістарычных працах сярэднявечных храністаў. Гэтае жаданне надаваць глабальнасць кожнаму пабытоваму эпізоду вылілася ў патрэбу надаваць любой, нават самай банальнай падзеі значнасць маральнага ўзору[2:256]. Падобна да гэтага, постмадэрнізм кожную, нават самую звычайную, самую банальную гісторыю імкнецца прапанаваць у выглядзе культурнага шэдэўра, унікальнага феномену, культурнага ўзору і тое не пазбаўлена рацыі. У пабытовых формах абстракцыі маралі набываюць матэрыяльны выгляд, яны ператвараюцца з тэорыі ў практыку, яны выліваюцца на вуліцы і прапаноўваюць сябе ўвазе кожнага. І прынцыпова не істотна, што постмадэрнізм ставіцца да гэтага як да своеасаблівай гульні, для сярэднявечнага чалавека то было нечым падобным. Сярэднявечны люд таксама гуляўся з гэтымі канструкцыямі, ствараючы своеасаблівую цывілізацыю гульні [2:8-37].

Сярэднявечная прага да цытавання выявілася ў вялікай колькасці літаратурных паўтораў, дзе старой гісторыі надавалі новую форму. Менавіта форма, выкшталцоўнасць паказу з'яўлялася асноўным запатрабаваннем Сярэднявечча. Адсутнасць новых ідэяў, новых стыляў кампенсавалася шматлікасцю каментароў, перапрацовак, альбо як то ў постамдэрновых тэрмінах, рэмэйкаў і рэтэйкаў. Старыя гісторыі змяшчаліся ў новых дэкарацыях, збітыя тэмы знаходзілі другое жыццё ў нечаканых акцэнтах, падзеі мінуўшчыны ажывалі ў сучаснасці. Гэтак тэма смерці “Тотэнтанц”, альбо танец смерці, зрабілася моднай на прыканцы Сярэднявечча. Яна апявалася паэтамі, рабілася прадметам напісання прозы. Гэтая тэма не ўяўляла сабой нейкі экзістэнцыйны матыў у душах сярэднявечных людзей, проста ў рэчышчы фармальнай абмежаванасці тэмы, сярэднявечныя аўтары знаходзілі магчымасць творчасці. Няхай і сюжэты, і высновы сціраліся, прыядаліся, баналізаваліся, усё адно, не звяртаючы ўвагу ні на банальнасць тэксту, ні на таўталагізаванасць высноў, сярэднявечныя аўтары працягвалі звяртацца да збітага матыву, ствараючы, бадай што, самую вялікую колькасць твораў, якую дагэтуль яшчэ не бачыў свет[2:329-333].

Калажаванне таксама было папулярна ў Сярэднявеччы. Калі быць да канца праўдзівым, дык любы сярэднявечны прадукт мастацтва ўяўляў сабой калаж. Спажывец прадукцыі павінен быў здагадвацца, пазнаваць матывы ў творчасці аўтараў. Матывы, элементы іншых, больш знакамітых твораў рабіліся часткамі новых работ. Больш таго, некаторыя творы самі па сабе складаліся выключна з гэтых частак. Прычым гэткая дзейнасць ніякім чынам не ўспрымалася як плагіят. Па сутнасці, было важна апірацца на пэўную распрацаваную тэхніку, на пэўныя распрацаваныя матывы, выявы. Асноўным жа абавязкам аўтара была ўвага да дэталяў. Менавіта ў дэталях, а не ў творы самім па сабе выяўляўся сярэднявечны аўтар [2:292-310].

Варта дадаць, што творчасць сярэднявечнага аўтара заўсёды была скіравана на рынак. Яго творчасць заўсёды заказвалася і з гэтага мастак павінен быў ствараць не нешта ўласна са сваёй экзістэнцыі, але ж хутчэй з жаданняў і меркаванняў заказчыка. Менавіта заказ робіцца асноўнай рухаючай сілай сярэднявечнага мастацтва [2:310-311]. Гэтак заказы каталіцкай царквы і феадалаў спарадзілі самыя лепшыя і самыя каштоўныя творы сярэднявечнага мастацтва.

Усё гэта сыходзіла з самой сярэднявечнай культуры, дзе самавартасць тэксту гублялася ў колькасці каментаванняў. Праца каментатара, альбо скрыптара робіцца асабліва вартай і асабліва карыснай выключна ў сувязі з народнай гаспадаркай і выкарыстаннем тэорыі ў паўсядзённым жыцці. Вельмі часта, звярталіся не да першакрыніцы, а менавіта да аўтарытэтнага каментатара, прычым каментары маглі трактаваць першакрыніцу такім чынам, якім было патрэбна самім каментатарам. Больш таго, гэтая дамінанта выгады вылівалася ў пабытовых стасунках тым, што самі людзі пачыналі выкарыстоўваць каментары такім чынам, якім ім было выгодна. Гэткі прыём выкарыстоўвалі як на судовых паседжаннях так і ў прыватным жыцці [2:255-276].

Па сутнасці для Сярэднявечча як і для постмадэрнізму тэкст валодае рызаматычнасцю. Каментары неад’емна звязаны з першакрыніцамі, першакрыніцы самі ператвараюцца ў каментары, альбо каментары ператвараюцца ў першакрыніцы. Узапраўду тут нельга казаць пра аўтарытэты. Аўтарытэты губляюцца ў масівах спасылак, якія не абмяжоўваюць сябе дакладнымі дадзенымі кніг і аўтараў. Увесь тэкстуальны масіў культуры пераплаўляецца ў адно цэлае, ацэнтраванае, пераплеценае, звязанае і завязанае на сабе. Па сутнасці, вывучэнне першакрыніцаў адбываецца па каментарах і па каментарах саміх каментароў. На некаторыя першакрыніцы пісаліся тысячы каментароў, а на кожны каментар пісалася яшчэ дзесяць.

Да такога адчування тэксту Сярэднявеччам вельмі пасавалі бы думкі Барта3. Менавіта сярэднявечны спажывец тэксту, чытач, сыходзячы з уласных жаданняў і патрэбаў трактаваў любы тэкст ў любым, зручным для яго рэчышчы. Такая практыка пашыралася як на свецкае жыццё, так і на рэлігійныя ўстановы. То было распаўсюджана і ў судах, і на рынках, і ў гарадскіх ратушах.

Варта звярнуць увагу на тое, што большасць характэрных для Сярэднявечча матываў вяртаюцца ў постмадэрнізме ў выглядзе пастышу. Гэта і калажаванне, і заказны характар мастацтва, нават сексуальная прырода героя і яго тыпічнасць робяцца аб’ектамі постмадэрновай іроніі.

На практыцы Сярэднявечча выявіла сябе як эпоха масавага грамадства. Асаблівую важнасць набылі групы, грамадства ў цэлым: “Спрабуючы наблізіцца да людзей Сярэднявечча праз іх індывідуальнасць, мы абавязкова запэўніваем сябе, што індывід, які належыў, як і ў любым іншым грамадстве, адразу да некалькіх абшчынаў і групаў, не столькі запэўніваўся ў сабе, колькі раствараўся у гэтых згуртаваннях (...) Ад адзіночкі варта было чакаць выключна злачынстваў. Адасабленне лічылася за вялікі грэх” [1:340-341].

У той жа час постмадэрнізм выявіўся як мадэрновая гульня з гэтымі сярэднявечнымі матывамі, элітарны занятак з неэлітарным матэрыялам. І сапраўды, постмадэрнізм выкрывае сябе як іронія, як кпін з масавізацыі грамадства. Гэты інтэлектуальны стыль у сваіх стратэгіях карыстаецца той жа зброяй што і масавае грамадства. Выкрываючы структуры масавай свядомасці постмадэрнізм выкрывае сябе як элітарны занятак, але ж які ўплецены ў тканіну культурных стасункаў масавага грамадства. Гуляючыся са структурамі масавізацыі, постмадэрнізм не грэбуе гуляцца і з уласнай метадалогіяй, якая выкарыстоўвае ўсё тыя ж стратэгіі масавай культуры, называючы гэтую дзейнасць самаіроніяй.

У той жа час, такая своеасаблівая постмадэрновая крытыка масавай культуры набывае сваё ўласнае жыццё і пачынае жыць адасоблена ад самаго постмадэрнізму. Ужо само масавае грамадства пачынае іранізаваць з сябе засвойваючы постмадэрнізм як звычаёвую інтэлектуальную стратэгію, гэткім чынам вынішчаючы яго элітарнасць, засвойваючы яго падобна да таго, як Сярэднявечча засвоіла тэалогію, нават у яе самых радыкальна-тэарытычных формах схаластыкі. Падобна да таго, як тэалогія спрафанізавалася ў звычаёвасці Сярэднявечча, была раскрадзена на цытаты, каментары і прымаўкі, так і постмадэрнізм быў адаптаваны да масавага грамадства. Атрымаўшы санкцыю на існаванне ў выглядзе не інтэлектуальнай стратэгіі, але ў выглядзе стратэгіі эстэтычнай. Эстэтыка постмадэрнізму ёсць самае масавае, самае пабытовае яго ўкараненне ў культуру. Па сутнасці постмадэрнізм як культурная з’ява сам па сабе зрабіўся эстэтычнай стрэтэгіяй масавага грамадства. Засвоены масавай культурай, постмадэрнізм адкрыўся тым, што самай вартай ягонай эстэтычнай стратэгіяй з’яўляецца ён сам.


Літаратура

  1. Ле Гофф Ж. Цивилизацыия средневекового запад. – Екатеринбург: У-Фактория, 2005. – 560 с.

  2. Хёйзенга Й. Осень Средневековья. – М.: Наука, 1988. – 539 с.

1 Эка У. Заметкі на палях імя ружы // http//:www.lib.by/frahmenty/eka6.html

2 Бахтин М. Творчество Франсуа Рабле и народная культура Средневековья и Ренессанса

2002-2010 ©апіруйце і множце!