Эсхаталогія

(Дыструктыўная камедыя абсурду ў адзін акт)



Дзеючыя асобы:


Тэстар – Чалавек незразумелага ўзросту і выгляду, праграміст-дызайнер

Анёла – анёл, у целе жанчыны

Д’ябл – д’ябл, у целе мужчыны


Галасы з невядомасці:

Унутраны голас – голас, які невядома адкуль з’яўляецца, размаўляе выключна з Тэстарам.

Радыё – радыё, гучыць раптоўна і не ў час. Чуюць усе, калі чуюць моршчацца.

Музыка. Ад’яжджае занавес. На сцэне няма святла. Музыка сціхае. Марудна з’яўляецца на сцэне святло.


На сцэне стул, стол, лэптоп. На стуле сядзіць Тэстар, галава Тэстара знаходзіцца на лэптопе.


Аднекуль гучаць радыйныя пазыўныя і дыктарскі голас пачынае дэкламіраваць: Гюгенс такі змог мякка здзейсніць пасадку на Тытан і зараз еўрапейскія вучоныя прымаюць інфармацыю, якая транслюецца спадарожнікам Касіні. Інфармацыя імчыць да Зямлі шляхам двух каналаў і рэкадуецца ў Еўрапейскай Касмічнай агенцыі. Сёння сапраўды святочны дзень у гісторыі еўрапейскай навукі. Вырашана склікаць прэс-канфірэнцыю а пятай гадзіне, дзе павінны выступіць вядучыя інжэнеры і менеджэры праекту. А зараз да іншых навінаў.


Тэстар падымае галаву. На твары чырванеюць адціскі клявішаў лэптопу. Тэстар падымаецца, нетрывалым крокам ідзе за кулісы і тут жа вяртаецца з куфлем кавы. Тэстар падыходзіць да століку, мацае жахлівы віхор валасоў на галаве, адпівае троху кавы, садзіцца. Імгненне глядзіць у заль. Раптоўна падымаецца са стула і рэзка дастае алюмінівую фляжку з задней кішэні штаноў. З фляжкі вылівае вадкасць у куфаль з кавай, фляжку выкідае. П’е сумесь з куфліку. Расплываецца ва ўсмешцы. Сядае зноў за стол. Глядзіць змястоўна рамантычна ў заль. Раптоўна накіроўвае свой позірк у лэптоп і пачынае енергічна ціскаць на клявішы. Чалавек аптымістычна ўсміхаецца і нават гыгыкае. Раптоўна машына пачынае нервова пішчаць. Чалавек ускоквае са стула.


Тэстар: А-ай! Зноў! Колькі можна!


Чалавек рэзка нахіляецца назад да манітора лэптопа, у яго сур’ёзны твар.


Тэстар: Сапраўды прайграў. Безнадзейна! Гэты ўзровень мяне даканае!


Аднекуль гучыць званок тэлефону. Тэстар пачынае нервова бегаць па сцэне, шукаць тэлефон. Тэлефон знаходзіць у другой задней кішэні штаноў.


Тэстар: У апарата... А так-так, добры. Што вы! Што ж вы! Не! Праца ідзе, неадкладна ідзе. Начамі не сплю, працую. Праца раніцай, праца днём, праца ўвечары, праца раніцай, праца днём... Што-што? Так, зразумела... троху тэрмін трэба падоўжыць, я ўсю ноч рашаў ураўненні, але спыніўся на шостым узроўні. На якім яшчэ ўзроўні? На шостым. Як няма? Ёсць! Для дасягнення нашай асноўнай мэты засталося зрабіць толькі крок! Адзін маленькі крок для чалавека і вялізны крок для чалавецтва! Мы на парозе гістарычнага адкрыцця! Як, сантэхніка не знаходзіцца на парозе гістарычнага адкрыцця? Вы ўпэўнены? Хм? Так-так. Будзе зроблена ў час. Я толькі зараз пра што і думаю, як выключна пра вашыя унітазы. Так-так, спадар дырэктар. Неадкладна ўсё выканаю ў час. Да сустрэчы. Бывайце.


Тэстар падыходзіць да століку і адпівае яшчэ кавы. Сядае на стул.


Тэстар: Дастаў з гэтымі унітазамі, мне за гэта грошы плацяць, ці што?!


Тэстар пачынае нешта друкаваць.


Тэстар: Штодзень толькі працую. Нічым не займаюся. Адпачыць няма калі. Галава баліць.


Адпівае з куфаля вадкасць.


Тэстар: Ууу. Аж дах зносіць. Што там у нас? Так-так.


Унутраны голас: Добры дзень.


Тэстар няўпэўнена азіраецца, а потым адпівае яшчэ.


Унутраны голас: Добры дзень.


Тэстар яшчэ больш непаразумела глядзіць навокал і нарэшце дапівае сумесь.


Унутраны голас: Добры дзень! Добры дзень! Добры дзень! Чуе мяне хто? Зямля! Зямля! Ці чуе мяне хто?


Тэстар: Хто тут?


Унутраны голас: Я Мейсцер Экхарт, маг-спірытуаліст з планеты Кіліманджара ў сузор’і Скарпіёну. Я, квазімозг галактыкі, вырашыў выйсці на кантакт з зямной формай жыцця для таго, каб паглаціўшы ментальныя якасці носьбіта зямной свядомасці, пасеіць на Зямлі перапалох і смуту, сродкам чаго захапіць гэту маленькую агідненькую планету на перыферыі галактыкі, каб выцягнуць з яе ўсе рэсурсы і прадаць іх на міжгалактычным кірмашы па дэмпенгавым кошце!


Тэстар: Бог ты мой, што праўда?


Унутраны голас: Не! Але заўсёды жадаў зрабіцца найзлейшым злодзеем! У га-га-га. У га-га-га. Гм. Знаёмся - я твой унутраны голас.


Тэстар: Не можа быць!


Унутраны голас: Мамай клянуся!


Тэстар: НЕ!


Унутраны голас: Так!


Тэстар: Ну не!


Унутраны голас: Ну так!


Тэстар: Дый нееее!


Унутраны голас: Дый таааак!


Тэстар: Не магу паверыць!


Унутраны голас: У прыбіральні, на верхней полачцы шафчыку, за бруднымі анучкамі хаваецца забаронены дзяржавай сорак другі томік сабрання сачыненняў Маркса і Энегельса другога выдання. 1974ы год, выдавецтва палітычнай літаратуры. На старонцы 261 – закладка. Спявае - “Ведь ты же, просто, советскій человек!”


Тэстар падымаецца са стула, глядзіць кудысці ўверх.


Тэстар: Няўжо і ў цябе я пазычыў грошы? Ці верыш, я зараз на мялі. Хоць забі нічога няма!


Раптоўна аднекуль чуецца рып дзвярэй: дзверы марудна адчыняюцца, рыпяць, а потым раптоўна гучна зачыняюцца.


Тэстар: Што гэта?


Унутраны голас: Здаровы сэнс вырашыў адпачыць у Егіпце ля пірамідаў. Яму неадкладна трэба падлячыцца. З табой патрэбную форму вытрымліваць складана.


Тэстар: А што такое? У чым, дарэчы, справа?


Унутраны голас: Натуральна, справа ў цябе.


Тэстар: А што са мной? Я нічога не адчуваю.


Унутраны голас: Позна табе ўжо адчуваць!


Тэстар: Я захварэў на хваробу не сумесную з жыццём і мне засталося толькі некалькі месяцаў на зямлі? Трэба неадкладна затэлефанаваць матулі, сябрам, адвакату! У мяне яшчэ ёсць шанец задаволеным злегчы ў магілу!


Унутраны голас: Ну ўжо ня трэба так пісімістычна! Усяго толькі з дахам нешта.


Тэстар: А што з дахам?


Унутраны голас: Цячэ відаць троху. Нічога небясьпечнага. І не такое вытрымліваў. Руберойду крыху, каб шыфер не варушыўся, і ўсё патрапіць на свае месцы. Не думай пра гэта. Я вырашыў звярнуцца да цябе, так як ты адзіны да каго я магу звярнуцца.


Тэстар: Адзіны?


Унутраны голас: Ня будзь я ўнутраны голас! Адзіны, мамай клянуся. Справа набывае небясьпечныя і даволі складаныя рысы. Калі ты спаў, я напісаў тваёй рукою табе ліст, прачытай яго. Ён на працоўным стале пад назовам “ЛІСТ”.


Тэстар сядае за стол. Ціскае клявішы ў лэптопе.


Тэстар: О Божа! Не можа быць! Я не магу гэтага перажыць! Нашае жыццё скончана! У нас няма аніякіх перспектываў. Навокал выключна гвалт і беззаконне. Усе канчаткова памешаныя. Геапалітычны калапс пераб’е ўсё і ўсіх! Дэкадэнс! Выраджэнне! Мы ўсе памрэм! Нам засталося толькі рыдаць і плакаць! Беражыце нашы душы! СОС!


Унутраны голас: Гэй, відаць гэта тэкст для дыктара вечаровых навінаў. Я тут падзарабляю троху. Цісьні на той, які лацінкай пісаны.


Тэстар: Зараз. Гм. Мы, унутраны голас, вырашылі выйсці з табой, мой непазбежны сябр, на кантакт, так як маецца пэўная колькасць праблемаў, якія патрэбна неадкладна вырашыць.


Унтраны голас: Як уступ? Падабаецца? Тры гадзіны думаў як распачаць, прыйшлося скарыстацца стылем імператараў. Заўсёды цягнула на вялікія маштабы.


Тэстар: Учора ноччу трансцэндзентныя сілы, якія карысталіся боскімі энергіямі, інтэграваліся ў твой кампутар і змясцілі на ягоным жорсткім дыску свяшчэнную інфармацыю. Тая інфармацыя ёсць сэнс і парадак быцця сусвета!


Унтраны голас: І гэта не жарт, хачу заўважыць!


Тэстар: Так, дзе я спыніўся, ага. На жорсткім дыску змешчана ўраўненне, якое адказвае на пытанні: хто мы? Што такое прастора і час? Калі ўтварыўся Сусвет? Як энергія перайшла ў матэрую? Хто будзе наступным прэзідэнтам? Ці насамрэч Брытні Спірс іншапланетны разведчык? Гэта вялікая і сакрэтная інфармацыя. Ты павінен зберагчы яе на жорсткім дыску свайго кампутара і нікому яе не прадаваць!


Унутраны голас: Хоць я бы прадаў. Неадкладна! Але ты не прадавай, як чалавеку табе раю.


Тэстар: І не проста не прадавай, але і сам не глядзі! Не глядзі, бо напрыканцы таго ўраўнення хаваецца смерць! Што, праўда смерць?


Унутраны голас: Ну, гэта ўжо троху перабойшчванні. Люблю казкі пра Кашчэя і ўсё такое, не звяртай увагі.


Тэстар: Такім чынам, да цябе павінны прыйсці пакупнікі. Варожыя агенты. Хітрыя валацугі. Шукальнікі сусветнага шчасця. Аматары гвалту і ўлады. Шпіёны ў прасторы праўды. Забойцы спрадвечнай раўнавагі...


Унутраны голас: Тут я запісаўся троху, можна прапусціць да канца абзацу.


Тэстар: Тры старонкі?


Унутраны голас: Што тут паробіш, калі ў мяне такі талент.


Тэстар: Не прадавай ім інфармацыю! Ні ў якім разе не прадавай. Інакш...


Унутраны голас: Гэта апагей майго ліста. Ты адчуваеш нервовасць сітуацыі?


Тэстар: Інакш...


Унутраны голас: Не тамі, мне самаму цікава. Так часам і не памятаеш пра што пішаш.


Тэстар: Інакш дзеці будуць галадаць. На зямлі будуць адбывацца катаклізмы. І я не атрымаю грошы, якія ўчора паставіў на цябе ў таталізатары.


Унутраны голас: Мог бы гэта і не чытаць! Мяне зараз сумленне заб’е.


Тэстар: Цяпер ты ведаеш усё! Лёс Сусвету ў тваіх руках! Дык зберажыма сакрэтную інфармацыю ад патрыятычнаварожых злодзеяў! Уратуйма Сусвет ад гвалту, галоты, голаду, эпідэмій, забойстваў, генацыдаў...


Унутраны голас: Усё, хопіць, далей толькі пералік.


Тэстар: Яшчэ транаццаць аркушаў?


Унутраны голас: Можа ў мяне душа спявае! Як бы там ні было, а мне трэба ісці. Серыял пачынаецца. Я так агарчаюся калі губляю магчымасць зірнуць хоць якую серыю. Ну, бывай.


Аднекуль гучыць гук радыё. Калі гаворыць радыё, Тэстар выцягвае аднекуль з кішэні шкляную бутэлечку, нервова ходзіць па сцэне, п’е з бутэлечцы вадкасць.


Радыё: А зараз па заяўцы ветэрана сацыялістычнай працы, Інэсы Львоваўны Крыштаповіч, што пражывае ў горадзе Копыль, прагучыць фрагмент радыйнага аповеду, “Жылі-былі тры каўбоі”: - Ты лічыш Севярын, што твой бацька зрабіў мне зло? Не, ты памыляешся! Зло ў гэтым горадзе магу рабіць толькі я! Толькі ў мяне ёсць ліцэнзія на гэту абавязковую, сацыяльна-патрэбную справу. І ліцэнзія гэта, Севярын, не выдаецца сходам мясцовых дэпутатаў, і шэрыф не можа даць яе, як ліцэнзію на адстрэл бешаных шакалаў! І пастар царквы, Севярын, не дае ліцэнзіі той, ліцэнзія тая вядома ж не індульгенцыя, Севярын. Я сам выдаў сабе гэтую ліцэнзію! Сёння, я забіў твайго бацьку, Уладзімера Уладзімеравіча. Забіў тваю маці, Ганну Валер'еўну. Забіў сястру, Дуню. Забіў брата, Антоля. Забіў дзеда, Апанасія Вертах. Забіў эканомку, пакаёўку, конюха і твайго любімага сабаку, Джэка, Севярын. Але ты не павінен крыўдзіцца на мяне, гэта толькі мая праца, я гэтым жыву. Ты ж ведаеш, Севярын, што чалавек не можа жыць без працы: нехта працуе фермерам, нехта гандлюе анучамі, нехта служыць шэрыфам, нехта налівае за стойкай бару, а нехта страляе людзей. Вось таму, Севярын, я і забіў твайго бацьку, Уладзімера Уладзімеравіча, тваю маці, Ганну Валер'еўну, сястру, Дуню, брата, Антоля, дзеда, Апанасія Вертах, эканомку, пакаёўку, конюха і твайго любімага сабаку Джэка, Севярын. Як бачыш, я не магу па-іншаму, я павінен працаваць, але ж калі ты, Севярын, падрасцеш і табе захочыцца мне адпомсціць, ведай жа, маё імя Афанасій Пятровіч!


Гучыць званок у дзверы.


Тэстар: Каго там яшчэ?


Тэстар ідзе за кулісы, адтуль тут жа выходзіць чалавек з неадкладна чорнымі, сярэдняй даўжыні валасамі, бярэ стул Тэстара, ставіць яго збоку стала, сядае. За ім адразу вяртаецца з-за кулісаў Тэстар.


Д’ябл: Ёсць чаго паесці?


Тэстар: Прабачце?


Д’ябл: Паесці, Тэстар! Сюды д’ябл прыйшоў, спакушаць цябе будзе!


Тэстар: А як жа там: “Д’ябла клікацюць тройчы”!


Д’ябл: Гэта ў нямецкай класіцы тройчы, а ў нашай практыцы, д’ябл сам прыходзіць. Сам прыходзіць і яго, між іншым, па закону гасцінасці, харчаваць неабходна! Д’ябл не можа рабіць прапановы ад якіх немагчыма адмовіцца на такі суцэльна галодны страўнік! Што такое?


Тэстар: Не падобны ты да д’ябла. Я бы нават сказаў зусім.


Д’ябл дастае з-за пазухі пенку для ўкладцы валасоў і настаўляе на галаве сабе рогі.


Д’ябл: А так?


Тэстар: Падобны. Толькі чаму адразу па форме не з’явіўся?


Д’ябл: Чаму не з’явіўся – вядома. Не змог бы ты вытрымаць увесь цяжар майго сапраўднага твару. А так я распавёў кім з’яўляюся і ўжо пасля ўявіўся як ёсць!


Тэстар: Зараз прынясу супу.


Тэстар сыходзіць за кулісы. Д’ябл дастае з-за той жа пазухі скручаны з бутэлькі бульбулятар, дастае мяшочак з зеленаватым парашком. Кладзе троху парашку ў бульбулятар. Падпальвае. Зацягваецца. Кладзе бульбулятар на стол. Расплываецца ва ўсмешцы. Вяртаецца Тэстар з талеркай супу і стулам для сябе. Ставіць суп перад д’яблам, а стул перад сталом. Сядае на стул, глядзіць на д’ябла.


Д’ябл: Блакітныя крышталі ўсе выйшлі капітан, у нас болей няма паліва...


Тэстар глядзіць з непаразуменнем. Д’ябл расплываецца ва ўсьмешцы, бярэ лыжку і пачынае есці.


Д’ябл: Трэці дзень працую, няма часу паесці нават. Жонка хвалюецца. Казала, што рогі паадкручвае! А ведаеш, што для мяне значаць рогі! Рогі – гэта галоўны мой атрыбут. Ня будзе рогаў, ня будзе пасады! Калі па-праўдзе, дык гэты фармалізм мяне даканае. Вечна ў метро аб поручні імі стукаюся, аж галава баліць!


Тэстар: Што, праўда жонка ёсць?


Д’ябл: Не, але ж я д’ябл, вымушаны хлусіць. Ты сам падумай: такі рагаты і з жонкай! Агіда субяседнікаў. Аўтарытэт ніжэй плінтусу. Не, па статусу немагчыма! Між іншым, у мяне да цябе справа ёсць. Вось ліст з прапановай.


Д’ябл дастае з-за пазухі аркуш паперы і працягвае яго Тэстару. Тэстар глядзіць на аркуш і з радасным нерваваннем шэпча.


Тэстар: Пятнаццаць тон золата. Горы дыямантаў. Вазы перлаў. Вагоны срэбра. Транаццаць газа-нафтавых скважынаў. Слава і вядомасць. Любоў публікі. Каханне тысячаў малодзенькіх дзяўчын. Задавальненні, якія ніхто на зямлі ніколі не адчуваў. Мудрасць космасу. Праўда свету. Чыстае святло пазнання. Цеплыня незамутнённага розуму. Суцэльнае вынішэчнне усіх непатрэбных афектаў. Прафісыйныя здольнасці акапунктуры. Здольнасць адчыняць у жанчынах энергію лакшмі без практыкі тантрызму і майстэрства ягіна. Моц джына. Радасць дзіцяці. Мудрасць наймудрэйшага. Інфармацыя пра сховішча багаццяў камуністычнай партыі...


Д’ябл: Адкуль гэта? А, то будзе выключна забароненыя прапановы! Выключна! Вось. Часам бывае загаворваешся, усё што заўгодна паабяцаць можаш. Дык вымушаны запісваць, а то ніякіх сродкаў на прапановы не напасешся. Вось тое, што трэба.


Д’ябл працягвае іншы аркуш.


Тэстар: Любое матэрыяльнае жаданне з рассрочкай спаўнення на тры гады? Гэта прапанова, ці кідалава аццкае?


Д’ябл: Ты прабач, у нас карэнным чынам зменьшылі бюджэт. Рэсурсы даражаюць, а пекла энергаёмістая вытворчасць, таму без рэсурсаў ніяк. Мне ж яшчэ і зарплату чарцям выпісваць трэба, што згадзіся, таксама на вялікія страты штомесяц вымушае. Насамрэч, тваё пажаданне я здольны ажыццявіць. Хе-хе


Тэстар: Якое яшчэ пажаданне?


Д’ябл: Мне ўсё вядома пра цябе, чым ты займаешся. Быў у мяне калісьці кліент, таксама вялікі аматар дызайну сантэхнічных сродкаў. Добры чалавек, слаўны муж і шэрыф горада Лондана, Томас Мор. Прадаў мне душу за шаснаццаць начных гаршчкоў з чыстага золата. Дарэчы, рэалізаваў ён іх хутка, як эксклюзыўныя сувяніры з востраву Утопія. Камерсант!


Тэстар: А я тут пры чым?


Д’ябл: А як жа праца, сантэхніка, унітазы і ўсё такое?


Тэстар: Я ніколі не быў у задавальненні ад сваёй працы. Тым больш мне не вядома, што табе трэба?


Д’ябл: Ну што можа быць трэба мне ад такой істоты як ты? Вядома ж не душа! У нас там і так перанаселенасць, душы змяшчаць няма куды. Катлы перапоўненыя! Тары не хапае! Напладзілі грэшнікаў сваім атэізмам! Як не хацеў, а прыйшлося Фёдара Міхалыча падбухторываць, каб за веру агітаваў. Гэта, між іншым, даволі цяжка было зрабіць. Гэта, між іншым, усё ж такі Фёдар Міхалыч.


Тэстар: Які яшчэ Фёдар Міхалыч?


Д’ябл: Які-які, самы сапраўдны Фёдар Міхалыч. Яго калі саслалі яшчэ, з ім пэўныя стасункі наводзіць пачаў, дапамог яму троху. Думаў яго ў сваіх хітрых планах выкарыстаць. Так атрымалася, што і без плана норма дзесяць разоў выкананая. Прыйшлося казаць, каб да Бога грэшнікаў вяртаў! Так ужо цяжка было яго ў гэтым запэўніць. Але, дзякуй пеклу, за мяжу пераехаў. Тады справа як па масле пайшла. Гэтыя літаратары вельмі любяць Радзіму за мяжой. Нібы тая мяжа ў іх нейкія чакры адчыняе. Прасіў яго! Казаў яму! Ордэн выпісаць абяцаў!


Тэстар: Дык што калі не душа?


Д’ябл: Што можна яшчэ жадаць ад чалавека ў стагоддзе дамінавання інфармацыі? Ты ж сам ведаеш: веды – гэта моц! Сапраўдная моц! Я бы нават сказаў МЕГА! Менавіта мегамоц, вартае, выключна патрэбнае слова. Хто валодае інфармацыяй, той валодае сітуацыяй, а валодаць сітуацыяй мне зусім бы не пашкодзіла. Якое дзесяцігоддзе запар прашу дазвалення душы банкіраў і адвакатаў спальваць, а не перавыхоўваць, нічога не атрымліваецца. Яшчэ троху і гэтыя акулы прыватызуюць пекла, а мяне выкінуць у рэчаіснасць бяз выходнай дапамогі. Трэба неадкладна прымаць меры! Сусвет на парозе карэннага перадзелу. Добры супчык, між іншым, мне вельмі падабаецца.


Нарэшце д’ябл падняўся са стула і пачаў хадзіць вакол Тэстара.


Д’ябл: Ня будзь ужо такім несвядомым. Ты ж не маленькае дзіця, усё добра разумееш. Тут нават сцены маюць вушы, таму прыходзіцца шаптацца. Што табе трэба? Скажы, не пашкадуеш. Я ж бачу, як тваё лібіда прагне, дык не прымушай яго, не трэба гвалтаваць цела, проста пажадай.


Тэстар: Намя ніякага лібіда. Хіба толькі што агіда ад немагчымасці пераадолець шосты ўзровень у гэтай гульцы, але ты тут мне нічым дапамагчы не зможаш.


Д’ябл: Як жа не змагу, вядома змагу! Змагу табе параіць: кінь дурное! Скажы лепш, што табе трэба!


Гучыць званок у дзверы. Тэстар падымаецца і ідзе за кулісы. Д’ябл даядае суп. З-за кулісаў выходзіць маладая жанчына, на плячох яе абавязкова накідка, у рукох трымае капялюш дзіўнай дыскападобнай формы.


Анёла: Я ляжу: уся прыгожая, расфуфыраная, намазаная, апранутая, мяккая, неверагодная, на ложку ўся ў шакаладзе без жадання высоўваць напудраны носік на вуліцу і тут мяне прымушаюць неадкладна бегчы. Па што, адкажыце мне спадары паважаныя, з якой то мовіць бы нагоды. Ручкі мае бялюткія не звыкліся з ветрам, а сёння, як на жаль, вецер проста не мае аніякіх аналагаў з мінуўшчыны. І вось я, уся прыгожая, расфарбаваная, намазаная, апранутая што лялька, выбігіаю ад сябе і імчу сюды! А тут ужо ён! Бачу нават і харчуецца, падхарчаваўся нават відаць. Хіба што дома не харчуюць?!


Д’ябл: Не, не харчуюць.


Анёла: І дзе справядлівасць? Дзе справядлівасць, пытаюся я ў вас, кавалеры паважаныя, ардэноў непісаных! Не! Тут справядлівасці няма. Няма справядлівасці, бо нават у такое агіднае, нават жорсткае надвор’е няшчасная жанчына вымушана бегчы сюды. Сюды, на ўскраіну горада, куды немагчыма камфортна дабрацца. Божа мой, нават баюся выкарыстаць то слова. Як вульгарна, фі, ЗА КАЛЬЦАВУЮ! Сюды, у гэтую маленькую, агідненькую, мяшчанскую кватэрку. Як гэта ўсё цяжка і не варта вялікароднай асобы, яшчэ і ў вольным, то Бог, не замужнем стане! І дзеля чаго бегчы? Дзеля чаго? Ці ведаеце, нейкай рагатай асобе захацелася наведаць непазбежна бязвартаснага апошняга недачалавечка, якому пашэнціла на шчасце валодаць ключамі ад сусветнага шчасця. Што глядзіш? Жанчына сецсі жадае. Хіба анёлаў яшчэ не бачыў?


Тэстар: Я іх то іншымі сабе ўяўляў.


Святло гасне. Промень накіроўваецца толькі на жанчыну, тая скідае накідку і апранае капялюш. Капялюш атрымліваецца ў якасці німба, на спіне памахваюць апярэннем крылы. Жанчына зноў апранае накідку, здымае капялюш, з’яўляецца святло.


Анёла: А так?


Тэстар: Значна лепш.


Д’ябл бярэ стул Тэстара і падстаўляе Анёле збоку ля стала. Анёла сядае.


Анёла: Прынясі Тэстар піць, надта ж смага катуе. Таксоўкі – гэта суцэльны жах! Я так стамілася...


Тэстар сыходзіць за вадой.


Д’ябл зноў набівае зеленаваты парашок у бульбулятар запальвае, зацягваецца. Анёла таксама дастае пакецік толькі ўжо з белым парашком, насыпае сабе на руку парашок і вынюхвае з трубачцы. Абедзве асобы расплываюцца ва ўсмешках. Вяртаецца Тэстар са стулам і вадой. Ставіць ваду ля Анёлы, стул ставіць ля стала. Сядае. Зачыняе лэптоп. Глядзіць на гасцей.


Анёла: Лета лепшая пара для міжпланетных круізаў. Кракет на шостай палубе! Бадмінтон – вартая гульня культурнай паненкі вышэйшага грамадства.


Д’ябл: Касмічны пыл псуе скуру.


Анёла: У мяне ёсць фантастычны крэм! Я ім звычайна карыстаюся ў прасторы статычных зорак.


Д’ябл: Якая вы прыгожая, калі ў варожым стане!


Анёла: А вы, відаць, у бязбожным.


Д’ябл: Усё што заўгодна за Вас і вашыя бялюткія крылы.


Анёла: Упалюй лісіцу і прынясі мне як дар.


Д’ябл: Прыйдзецца схлусіць, дык Вы зноў лаіцца будзеце.


Тэстар пазірае з непаразуменнем.


Анёла і д’ябл вяртаюцца ў нармальны стан, але сядзяць усё ж троху неяк прыбіта.


Анёла: Дык пра што, рагаты, ты з ім дамаўляўся? Відаць зноў нейкія хітрыкі вырашаеш. Калі сазнацца, дык я і манкіравана парадкам ад такога, проста чорнага нахабства. З-за гэтых усіх неадкладных справаў нават манікюр часу зрабіць не было. Ужо не кажучы пра тое, што і на прыватнае жыццё я мусіла зусім забыцца!


Д’ябл: Нічога. Выключна нічога. Так, лёгкая размова не пра што.


Тэстар: Мне мой унутраны голас казаў пра вас, але я яму не верыў.


Унутраны голас: Гэй, не выдавай мяне. Яны цябе не зразумеюць.


Тэстар: А вось і ён, чуеце?


Д’ябл: Вой, ён яшчэ і з галавой не сябруе.


Анёла: Справа зразумелая, шызафрэнік. Ну і на кой чорт, табе чорт, спатрэбіўся гэты няшчасны?


Тэстар: Я нават даволі шчаслівы. Я так добра зараз сплю!


Анёла: Спіць ён! А па боскіх сетках хто лазіць, хакер недарэзаны. З-за цябе начамі персанал не спіць, высочвае, хто там па свяшчэнных сайтах лазіць, інфармацыю крадзе. І такі хітры-хітры, хітры-хітры.


Унутраны голас: Не выдавай мяне, Тэстар, выручку падзелім fifty-fifty.


Анёла: Ляжу такая ўся ў шакаладзе, гляджу навуковы канал: Касіні ўжо інфармацыю з Гюгенса перадае, а тут. Падкідайся. Ляці. Ратуй сусвет, нібыта іншых спраў у жанчыны няма. Аніякага часу на сябе выкарыстаць не магу. Адныя толькі праблемы з табой Тэстар. Вады нармалёвай і то прынесці не можаш. Што гэта? Хіба ж вада? Якая гэта вада, адкажыце мне. Эх (робіць некалькі глыткоў). Каналізацыя, дай Богу душу.


Унутраны голас: fifty-fifty!


Анёла: У мяне такое ўражанне складаецца, што ты, Тэстар, не проста неўдачнік нейкі. Ты, Тэстар, проста балячка на нашым целе. Табе што, жыць не падабаецца, можа з лёсам праблемы якія? Дык ты скажы, я табе лёс скарыктую! Гэта проста. Ці там да доктара завесці, можа ў дзяцінстве ў цябе траўма была якая, што зараз прага да чужых файлаў з’явілася. А можа ты злодзей нейкі, накшталт гэтага, з пенкай для валос?


Д’ябл: Я і пакрыўдзіцца магу.


Аёнла: Пакрыўдзіцца ён, мачо, цап цябе за нагу. З якой нагоды, хлопчык? У цябе праблемаў куры не клююць, а ён крыўдзіцца збіраецца. Што за людзі пайшлі, памылкі прыроды! Як там банкіры твае?


Д’ябл: Па-ціху.


Анёла: Ну ўжо і добра такі. Бо даходзяць да мяне чуткі благія, што робіцца ў пекле не тое нешта! Можа дапамогу табе ўчыніць, ці там на курсы павілічэння кваліфікацыі адправіць?


Д’ябл: Калі толькі на экватар, да маразоў не звыкшыся мы.


Анёла: На полюс да белых медзвядзёў! Па экватарах ганяць дык і ніякіх грошай на вас не напасешся! Дык пра што размова, спадарства?


Д’ябл: Я тут пра Фёдара Міхалыча распавядаю. Не кожнаму даводзіцца сустрэцца з талентам, а тым больш класікам.


Анёла: Легенда вядомая, сама чула. Толькі вось складаецца ў мяне ўражанне нібы тут справа класікамі не абмяжавалася. Здаецца мне, назраваў тут хаўрус нейкі, і хаўрус той, законамі не дазволены.


Д’ябл: Як жа так?


Анёла: А вось так. Бачу чорт, што экзістэнцыялізм, чорт пабяры, на цябе благое ўздзеянне аказвае. Казала табе: кінь дурное. Не, не слухае! Камю! Сартр! Цьфу! Я ж благога не параю! Глядзі што зараз з табою адбываецца! Вера ў жыццё – пагублена! Сэнс існавання – страчаны! Што ні дзень – адная рутына. Яшчэ троху і ў Бога паверыш. Якая карысць з цябе такога, апатычнага будзе. Вось да чаго стасункі з класікамі даводзяць. Спачатку вы Фёдара Міхалыча, а потым Фёдар Міхалыч вас! Закон прыроды гэта, ці там што яшчэ, не ведаю нават.


Д’ябл дастае з-за пазухі пісталет і накіроўвае яго на Тэстара.


Д’ябл: Хопіць! Надыйшоў час радыкальных мераў!


Анёла: Нечаканы паварот! Малайчына. Дзе пушку набыў? Відаць жа нелецэнзаваная цацка!


Д’ябл: Цацка можа і неліцэнзаваная, а страляе! Сам учора правяраў, ні адной абоймай забаўляўся!


Анёла: Занадта ты, чорт, тэлевізар глядзіш, як я пагляджу! Не глядзі тэлевізар, ад яго, кажуць, суіцыду шмат!


Д\ябл: І хай сабе! Бачу нашая размова падыходзіць да завяршэння. Думаю, што ўсім будзе лепш, калі мы з Тэстарам дамовімся па-сяброўску, а вы, мадмуазэль, зачынеце на ўсё гэта вочы.


Анёла: З якой такой нагоды?


Д’ябл: Як жа. Я застрэлю Тэстара, чаго прычынай будзеце вы, Анёла. Не дальнабачна гэта – грэх на сябе браць, асабліва калі ў нашых мілых, бялюткіх, свяшчэнных жылах цячэ кар’ерысцкая кроў. Метафара вядома біялагічная, на жаль іншую выдумляць няма калі.


Анёла: І не спрабуй ужо. Што скажаш, Тэстар?


Тэстар: А што я магу сказаць?


Унутраны голас: Нічога не гавары! Чуе маё сэрца, пераб’юць яны адзін аднога.


Д’ябл перадзёргвае затвор.


Д’ябл: Хопіць размоваў! Тэстар, мне файлы патрэбны!


Тэстар: Якія такія файлы?


Д’ябл: Ключы ад Сусвета! Новыя скрыжалі! Апошняя біблія! Вялікае ўраўненне! Як табе інакш растлумачыць?


Анёла: Памятай Тэстар, абіраеш ты, а не абставіны.


Д’ябл: А нічога, патрапіш у пекла, дык там свае людзі! Уладкую цябе на цёплае месца, будзеш жыць-пажываць. Шыкоўныя льготы, вакацыі штомесяц, малако за працу з таксічнымі рэчывамі і ўсё такое.


Тэстар: Таксічнымі рэчывамі?


Д’ябл: Гарачая ртуць, нічога небясьпечнага для здароўя. Усё стэрыльна, як у нас кажуць. Тым больш, чаго табе на тым свеце баяцца?! Паміраць збіраешся, ці што? Лепш скінь файлы на дыскетку і мне перадай.


Анёла: Прабачце, паважанае спадарства, я не магу глядзець, як бяздарна вырашаецца лёс сусвета. Калі ты, Тэстар, вырашыш аддаць яму файлы, я вымушана буду застрэліць цябе!


Анёла таксама дастае пісталет і накіроўвае яго на Тэстара.


Тэстар: А адзін на аднога вы не маглі б накіраваць зброю. Вырашыце пытанне ўласных інтарэсаў паміж сабой.


Д’ябл: Прабач, але гэта адна з адмоўных рысаў бессмяротнага існавання. Хацеў бы застраліцца – не магу, укладку сапсую толькі.


Д’ябл і Анёла трымаюць на мушцы Тэстара. Тэстар адчыняе лэптоп, але раздаюцца званкі тэлефонаў. Усе адрываюцца ад вельмі напружанай сітуацыі і раствараюцца ў камунікацыі з невядомымі субяседнікамі, якую хвіліну працягваецца размова з тэлефоннымі апаратамі. Тэстар сядзіць на стуле, Анёла і д’ябл ходзяць вакол стала, гучна стасуючыся з тэлефонамі. Раптоўна ўсе разам сканчаюць размаўляць па тэлефонах і сітуацыя вяртаецца да першапачатковага стану. Пісталеты зноў накіраваны на Тэстара.


Д’ябл: А вас не вучылі адключаць тэлефоны, калі вакол жывыя субяседнікі?


Тэстар: Мне начальнік тэлефанаваў, за унітазы хвалюецца.


Анёла: А мне што, толькі сярод трупаў па тэлефоне размаўляць можна?


Д’ябл: Ну, і пазней затэлефанаваць будзе магчыма, мы тут, дарэчы, лёс сусвету вырашаем.


Анёла: Можа тым адказам па тэлефоне я некаму жыццё ўратую?


Д’ябл: Так-так, праз трубку прыляціце і прыгалубіце. Згадзіцеся, вы дрэнна выхаваны.


Анёла: Агідныя словы, ад агіднай істоты!


Д’ябл: Вядома, якім бы я добрым і харошым не быў, якім бы я не быў мяккім і шчырым, усё адно буду благім і чорным! Бо я па сваёй сутнасці ёсць благі і чорны. У той час калі вы мусіце быць такой халоднай, чэрствай, фанабэрыстай, ганарыстай і ўсё адно заставацца чыстай і светлай, бо вы па сваёй сутнасці ёсць чыстая і светлая. Дзе на гэтым свеце справдлівасць?


Анёла: Мой Бог, ваша злобнасць, пазбаўце нас ад пілязопскіх сінтэнцый! Дарэчы, ты сам размаўляў.


Д’ябл: Мне можна.


Анёла: Чаму гэта табе можна, а нам не?


Д’ябл: Натуральна я д’ябл, а таму вымушаны рабіць дрэнна.


Тэстар: Спрадвечная барацьба дабра і зла.


Д’ябл: Так, сітуацыя папахвае маніхействам.


Анёла: Ніякага маніхейства, спадарства. Справа зразумелая: маецца лэптоп са скрадзенай інфармацыяй і маюцца яе, інфармацыі, аматары. Каб вырашыць канфлікт, які быў вымушаны скласца, нам трэба прыйсці да пэўнага роду кансэнсуса.


Тэстар: Перабіць адзін аднаго?


Анёла: Ну што так радыкальна! У цябе ж, Тэстар, нават дзяцей няма.


Д’ябл: Вядома, адкуль у праграміста дзеці, ды й навошта яны яму? Дарэчы, забыў прапанаваць, дзяцей хочаш?


Тэстар: Я пра гэта яшчэ не думаў.


Д’ябл: Хутчэй бы ўжо, твой біялагічны дзетародны ўзрост абмежаваны. Тым больш доўга думаць – дрэнна для здароўя. Я ж табе дзяцей без аніякіх пабочных апірацый прапаноўваю.


Тэстар: Якіх яшчэ апірацый?


Д’ябл: Як жа! Не трэба будзе займацца ўсёй гэтай цяжкай, а часам нават і вельмі надакучлівай справай! Я табе дзяцей адразу аформлю, а то яшчэ працуй, старайся, рабі. Ад гэтага нехта асалоду атрымлівае, ці што? Вільгаць, пот і гукі суседзям знізу сон і стабільнасць псуюць. Потым плач, анучы, памперсы тыя ж сярод ночы. А тут нашчадкаў табе паўнагадовых прэзэнтую, адукаваных і са сваёй жылплошчай.


Анёла: Абяцаць ты майстар!


Д’ябл: Вядома з такім стажам. Такі так?


Анёла: Не-не, так справа не пойдзе! Па-першае і я прапанаваць гэта магу, хоць эскадрылію буслоў з торбамі, а па-другое, навошта мне яшчэ прапаноўваць, калі я і гвалтам узяць здольная?


Д’ябл: Па-другое, па-другое, нічога вы не можаце, паважаная. Вы – Анёла, а значыць па часцы гвалту абмяжаваныя крыламі!


Анёла: І што гэта значыць?


Д’ябл: А тое, што вы толькі і можаце, што тут сядзець і рэплікі паміж нашай з Тэстарам размовай устаўляць. Лукавыя, дарэчы, рэплікі. Невядома яшчэ, хто тут каго спакушае!


Анёла: Ты мяне абвінавачваеш у працоўнай несуадноснасці?


Д’ябл: Ні ў якім разе! Да чаго, адкажыце тады дайшоў гэты свет, калі нават анёлы ліпавыя? Магчыма, што вы проста перабойшчваеце трошку. Можа ў вас фантазія шалёная. Ці мастацкі склад розуму.


Тэстар: У любым выпадку, так справу не вырашыць. (Тэстар дастае з-за пояса фляжку, п’е, вяртае фляжку на месца) Трэба сесці, супакоіцца і дамовіцца. Прыбярыце зброю.


Унутраны голас: А ты малайчына, нават я ад цябе такога не чакаў!


Д’ябл: Добра, можа так і лепей будзе. (сядае за стол)


Анёла кладзе пісталет на стол. Таксама сядае. Усе глядзяць адзін на аднога, д’ябл пачынае зноў забіваць парашком сабе бульбулятар.


Радыё: І напрыканцы нашага выпуску навуковае паведамленне: еўрапейскімі вучонымі былі праведзены шыракамаштабныя доследы па трансгрэсіі кварка, якія скончыліся выдатнымі поспехамі... А зараз праслухайце працяг радыйнай навэлы “ Жылі-былі тры каўбоі”: Загадчык бардэлю прышчурыў вока і мовіў наступнае: “- О, гэта быў добры час. Дзяўчынкам жылося добра! Мне жылося добра! Усім нам жылося добра! І вось аднойчы заходзіць гэты Афанасій Пятровіч. Я ж, вядома, выходжу сустракаць яго, пытаюся: "Чаго жадаеце, шаноўны Афанасій Пятровіч, - а ён мне ў адказ. – Нічога, я сам вазьму тое, што мне трэба!" Мовіў ён гэта і накіраваўся на кухню дзе рабіла ежу мая жонка. Жонка ўжо тады была масіўнай жанчынай. Хіба ж здек, чалавеку 56, а на кухні ўсё жыццё. Цэлюліт з'ядаў яе ногі, бюст зваліўся амаль да пояса і твар яе быў абрабаваны чырвонымі выспамі. Яна амаль пазбавілася валасоў, яе вочы згасалі. Я сам цураўся яе хворага цела, а ён падыйшоў да яе, узяў за талію і крыкнуў мне тры словы: " Я абіраю яе!" Я, вядома, ўсё мог стрываць, але ж гэта было вышэй маіх сілаў. Я чалавек вельмі рэлігійны, я не магу спакойна глядзець, як гвалтуюць маю жонку. Тады я пабег наверх, узяў свой новенькі "Браўнінг", пагукаў ахоўнікаў: Ваську Лысага, Пецьку Фаянца, Саньку Лашча і Пецярыма Сарокіна. Усе яны трымалі драбавікі, усе яны былі моцнымі і хуткімі хлопцамі. Тады мы ўсе вярнуліся на кухню, дзе Афанасій Пятровіч ужо распрануў маю няшчасную Гэлачку. Той шаўковы, ружовенькі халацік, які я прэзэнтаваў Гэлачцы на патнаццацігоддзе нашага сумеснага жыцця, быў таптаны яго бруднымі ботамі. Я быў вельмі прывязаны да гэтага халаціку, ты ж разумееш мяне, хлопчык?

- Так, так, Сан Саныч, я ўсё разумею.

- Ёсць такія, што прывязаны да свайго каня, ёсць прывязаныя да любімага сабакі, а я, хлопчык, быў прывязаны да гэтага шаўковага, ружовага халаціку маёй жонкі. Я вельмі любіў яго. Халацік той – памяць пра наш шчаслівы і Богам дазволены шлюб. Я кажу яму: " Афанасій Пятровіч, бяры любую жанчыну ў маім бардэлі, а толькі не чапай Гэлачку! Не, - адказаў ён мне, - я хачу яе і я бяру яе!" Тады мы накіравалі сваю зброю на яго, але стрэліць не паспелі. Ён забіў усіх: і Ваську Лысага, і Пецьку Фаянца, і Саньку Лашча, і Пецярыма Сарокіна не пашкадаваў ірад. Раніў мяне ў нагу і прамоўвіў наступнае: "Буду прыходзіць у твой бардэль кожны тыдзень! Кожны тыдзень буду браць яе! За яе табе тры шылінгі платы. А зараз выходзь адсюль і больш на вочы мае не трапляйся!" Пасля гэтага ён выкінуў мяне з пакою, а сам прыняўся за маю Гэлачку. Дык вось, Севярын, да чаго я гэта ўсё, да чаго я тут табе ўсё гэта распавядаю, не забіваў я Афанасія Пятровіча! Не мог я пусціць кулю па гэтым высокім чалавеку ў вялікім капелюшы з шырокімі палямі.


Анёла: Добра Тэстар, хопіць нам тут у гулькі гуляцца. Як ты ажыццявіў свой хітры намер? Як табе адкрыліся веды да мудроных кодаў боскіх сайтаў? Якім чынам ты скраў ураўненне?


Тэстар: Я не ведаю. Праўда.


Д’ябл: Я тут зусім на днях чытаў Камю...


Анёла: (убок) Вядома, што ж яшчэ ты мог чытаць.


Д’ябл: Дык вось, ён там піша, нібы на пачатку мінулага стагоддзя ў Чэхіі быў вельмі вялікі голад, працы не было і людзі ўсе былі бедныя. Тады адзін чалавек пакінуў сваю маці і сястру дома, дзе яны трамалі маленькі гатэльчык, а сам з’хаў за акіян зарабіць грошай. Ён там разбагацеў, ажаніўся і праз пятнаццаць год вярнуўся назад у Чэхію з жонкай і дачушкай, багаты і шчаслівы. Каб здзівіць матулю і сястру, ён пакінуў жонку і дачку ў іншым горадзе, а сам спыніўся у гатэльчыку сястры і маткі. Яго сястра і матуля ўбачылі вялікія грошы, якія чалавек спецыяльна паказаў ім, прыйшлі да яго ноччу, абрабавалі, яго самаго забілі і пахавалі ў садзе. Калі на наступны дзень прыехалі жонка і дачка таго чалавека і калі адкрылася кім забіты з’яўляўся, то сястра ўтапілася, а маці павесілася.Дык вось Тэстар, ведаеш да чаго я гэта ўсё?


Тэстар: Да чаго?


Д’ябл: Не трэба хлусіць, Тэстар!


Тэстар дастаў зноў фляжку, выпіў.


Тэстар: Я не хлушу.


Д’ябл: Насамрэч, мне зусім абыякава, якім чынам ты атрымаў ураўненне, мне патрэбна яно самое.


Анёла: Вось, чорт, мяне ўжо на працягу якога стагоддзя, чорт пабяры, цікавіць адное пытанне: навошта табе гэтае ўраўненне? Бо мне так здаецца, што калі б ты нават і ведаў на што, дык за цягам часу забыў.


Д’ябл: Як жа ж, памятаю. Хачу скінуць Бога і на месца яго сесці!


Анёла: І гэта ўсё? Проста сесці на яго месца?


Д’ябл: Не, не толькі! Хачу, каб усё па-мойму было!


Анёла: Гэта як, па-твойму?


Д’ябл: А так, што зло зробіцца дабром! Чэрствасць зробіцца мяккасцю! Боязь зробіцца адвагаю! Грэх зробіцца справаю святою і гэтак далей, і да таго падобнае!


Анёла: Ты жадаеш банальна перавярнуць усё з ног на галаву? І ўсё? Не, згадзіся, гэта нікуды не гадзіцца. Я ўпэўненна, што павінна быць іншая прычына.


Д’ябл глядзіць з безвыходнасцю ў заль. Бачна, што яму цяжка.


Д’ябл: З таго моманту, калі я пачаў спрачацца і атрымаў за гэта мянушку - д’ябл, я займаўся толькі адным – выдумляў хітрыя козні супраць Бога. Я спрачаўся з яго законамі, з яго парадкамі, з яго норавамі, хоць сам быў часткай яго законаў, парадкаў і нораваў. Я ішоў супраць цёку, спрачаўся з тым, што мяне самаго нарадзіла. Падобны да старажытнагрэцкага героя, я ішоў супраць лёсу, ведаючы ў яго непазбежнасць і наканаванасць. Я рабіў усё насуперак таму, што павінна было атрымацца і вядома, як вынік, ў мяне нічога не атрымлівалася. За ўсю тую, шалёную гістарычную бясконцасць марнасці маіх намаганняў, я пачаў разумець абсурд. Абсурд свайго існавання ў выніку бяссэнсоўнасці маёй дзейнасці. Што бы я не рабіў, што бы не чыніў хітрага, усё адно ў мяне нічога не магло атрымацца, бо рабілася гэта насуперак тым законам, па якім існуе сусвет. Маё існаванне страціла сэнс. Мае хітрыкі зрабіліся рутыннымі і я страціў веру ў будучыню, я страціў веру дабіцца сваёй асноўнай мэты: перамагчы ў спрэчцы за асабістую годнасць. Спачатку я ціха пакутваў, хаваючы пакуты ў сэрцы. Потым я пачаў гуляць у карты і ўжываць наркотыкі. З кожным днём мне рабілася ўсё хужэй і хужэй. Маё існаванне было напоўнена бязглуздасцю і абсурдам, ад бессэнсоўнасці я не ведаў куды падзецца. Да мяне прыйшло разуменне, што любыя мае дзеянні будуць бессэнсоўнымі, бо яны ў сваім зародку не мусяць ажыццявіць маёй мэты! Каб дасягнуць асноўнай цэлі майго існавання, каб магчыма было даказаць маю правату, мне патрэбна было перамяніць законы Сусвету, што відавочна было немагчымым! Але ўчора мне затэлефанаваў нехта і распавёў пра тое, што ключы ад Сусвету знаходзяцца ў Тэстара на жорсткім дыску. Гэты нехта распавёў, дзе знайсці Тэстара, як выкупіць ураўненне. Я...


Анёла падымае пісталет і страляе ў д’ябла. Гучыць стрэл. Д’ябл падае.


Тэстар: О Божа, ты яго забіла!


Д’ябл: (Падымаючыся са стула) Ты мяне забіла!


Тэстар: Ён жа бессмяротны.


Анёла: Падумала: можа хлусяць чуткі?


Д’ябл дастае пісталет і накіроўвае на Анёлу, Анёла трымае пісталет накірованным на д’ябла. Сітуацыя напружаная, гэтыя абодва героі пільна сочаць адзін за адным, відавочна нервуюцца. Раздаецца вясёлая музыка тэлефоннага званка. Тэстар глядзіць навокал, узіраецца, чырванее.


Тэстар: Ой, гэта мяне. (Падымае трубку свайго мабільніка) Але. Так. Унітазы... Ведаеце, вы тут троху не па часе затэлефанавалі. У мяне даволі напружаныя перагаворы адбываюцца. Дома. Да мяне прыйшлі. Вельмі рэспектабельныя людзі. Я больш не магу размаўляць, я ператэлефаную пазней. Добра? Да пабачэння. (Выключае мабільнік, глядзіць колькі хвілін праразмаўляў, хавае мабільнік у кішэнь) Прабачце. Дык, што там у нас?


Д’ябл: Навошта ты зрабіла гэта?


Анёла: Мне надакучыла слухаць гэты маразм. Яшчэ троху і я бы разрыдалася. А там макіяж пацёк бы, то-сё, карацей, чорт, адныя праблемы ад цябе, чорт пабяры.


Тэстар: А проста сказаць, нельга было? Навошта страляць адразу?


Д’ябл: Сапраўды, навошта страляць?


Анёла: Пакуль там яшчэ скажаш! А ў мяне слёзы, можа быць, наварочваюцца. Я ад напружання і спачування слова вымавіць не магла!


Тэстар: На аркушы бы напісала.


Анёла: Дзе ж той аркуш? А пісталет вось ён, тут. (Яна зноў страляе ў д’ябла. Д’ябл зноў падае)


Тэстар: О Божа, хопіць страляць тут! Так і забіць каго атрымаецца!


Д’ябл зноў падымаецца, адзежа ў яго дыміцца.


Д’ябл: Колькі можна? Насамрэч, гэта не так ужо і бяссшкодна!


Анёла: Ні чарта, цябе чорт не бярэ! Ну што тут паробіш!


Са злобы Анёла стукае ручкай аб стол. Адбівае далонь. Жаласліва глядзіць на яе. Потым дастае пакецік, высыпае на стол бялюткі парашок і нюхае.


Анёла: Божа, якая я няшчасная жанчына! На маім жыццёвым шляху – адныя чэрці, аніводнага нармальнага мужыка. Такога хоць з гарматы страляй, адзін сэнс толькі будзе, а дакладней, яго, сэнсу, адсутнасць. (Анёла раптоўна распрамляецца ў спіне, непаразумела глядзіць у заль) Мой кумір – спадарыня Церашкова. Хачу ў космас, бачыць космас. (Анёла тупіць погляд і глядзіць у стол)


Тэстар: Што гэта з ёй?


Д’ябл: Адмоўныя наступствы універсуму. У яе няма надзеі, ёй няма да чаго прышчапіцца, таму яна вымушана марнаваць час. Так заўсёды бывае, калі часу бясконцасць, а рабіць няма чаго. Безвыходнасць...


Тэстар: Сапраўды?


Д’ябл: Не, але ж я д’ябл, вымушаны хлусіць. Можа запрацавалася трошку...


Д’ябл і Тэстар уважліва разглядаюць Анёлу. Анёла раптоўна адчыняе вочы.


Анёла: Чаго трэба?


Тэстар: Нічога.


Д’ябл: Вы, паважаная, ужо зусім неяк дзіўна сябе зараз паводзілі.


Анёла: Ужо і адпачыць стамлённай жанчыне нельга. Вы толькі што і здатны, як нас, няшчасных, змяшчаць на кухні, запрыгоньваць нашыя магчымасці, рабіць бязвартаснымі нашыя вартасці! А потым, толькі што і чуеш: Вы, пажаная, неяк дзіўна сябе паводзілі! А можа вам падлячыцца, гаспадынька! Ірады! Прыгнятальнікі! Гвалтаўнікі! Хто даў вам такое права?


Д’ябл: Ты ж не жанчына нават!


Анёла: Жанчына сёння! Сёння жанчына! І паводзіны ў мяне жаноцкія, адэкватныя. (Анёла зачыняе вочы і запракідвае галаву. Так знаходзіцца ў нерухомасці. Д’ябл бярэ ўжо пусты стакан Анёлы, бяжыць за кулісы, тут жа вяртаецца з вадой у стакане. Частуе вадой Анёлу. Трасе яе за плечыка.)


Д’ябл: Супакойся. Прачынайся. Ну, бачыш. Усё добра. Усё выдатна. Супакойся.


Анёла: Ты хочаш заняцца са мною сэксам?


Д’ябл: Чаму гэта?


Анёла: Звычайна, калі мужчына некага пачынае так ласкава і міла супакайваць, гэта толькі і значыць можа, што ён хоча сэксу. Я пра гэта ў кніжцы чытала. Добрая кніжка. Відаць жа праўду надрукавалі! Яшчэ і ў часопісе глянцавым тое ж. Значыць дакладна праўда, прэса хлусню не піша, а то б што гэта была б за прэса?


Д’ябл: Ды не! Я б каб і хацеў дык не змог бы. У мяне ірэктыльная дысфункцыя на псіхалагічнай глебе.


Анёла: Што за людзі пайшлі зараз, без функцыі!


Д’ябл: Я між іншым, па гэтай справе не хвалююся. Гэта нават і прыемна троху: магу займацца інтэлектуальнай справай не звяртаючы аніякай увагі на непатрэбныя афекты. Магчыма, гэта здарылася ад дэпрэсіі, хаця, думаю, што хутчэй ад наступстваў нездаровай псіхалагічнай абстаноўкі на нашым прадпрыемстве. Дык што не так з табою, можа дапамагчы чым?


Анёла: Дык усё не так са мною. Усё! І ты, і ён, і гэтае ўраўненне не так са мною! Мы тут ужо колькі там часу сядзім і я дагэтуль ня ведаю што рабіць!


Тэстар: Можа вырашыць усё СМС-галасаваннем?


Д’ябл: Так, сапраўды, давайце ўсё вырашым СМС-галасаваннем! Тэстар зараз напіша паведамленне на якім-небудзь модным форуме. Што там зараз моднага, Тэстар?


Тэстар: Трэба згадаць. Там нейкі індустрыяльны праект мусіруецца. Нешта пралітарска-мадэрністычнае.


Анёла: О, уяўляю сабе: фарбаваныя бландынкі, скалечанымі ацэтонам доўгімі кіпцюрамі ціскаюць на клявішы ўласных мабільнікаў і галасуюць за апакаліпсіс! Шыкоўна! Лепш ужо няма куды!


Тэстар: Хачу заўважыць, што такім чынам зараз вырашаюцца ўсе пытанні: прымаюць на працу, пакідаюць людзей, выдаляюць людзей, ратуюць людзей і нават... нават не пацураюся таго слова – з’ядаюць такім чынам зараз!


Анёла: Вар’ятня! Бяры чорт ураўненне і з канцом усё. Надакучыла, гары яно гарам.


Д’ябл: А можна?


Анёла: Я пажартавала, прабач. Сумленне мне не даруе вырашаць сусветныя пытанні галасаваннем, тым больш СМС. Давайце ўжо косці кінем, справядлівей будзе.


Д’ябл: Косці... Можна і косці, па часцы азартных гульняў я майстар.


Анёла: То і відаць, што майстар. Усё, што можна прагуляў, за электрычнасць заплаціць няма чым, у пекле дровамі грэецеся.


Д’ябл: Чаму дровамі? Магмай.


Анёла: Хай сабе і магмай, што з таго, выдаткі не вярнеш.


Д’ябл: А няма чаго сродкі ў сумнеўную вытворчасць інвіставаць, вас за лапу ніхто не цягнуў.


Анёла: Вядома не цягнуў! Нехта бажыўся і плакаў, а можа той лапе і на лапу даў... дурная справа не хітрая! Што ты Тэстар там робіш?


Тэстар увесь час размовы д’ябла і Анёлы гуляецца ў гулькі на мабільным тэлефоне.


Тэстар: А? Што? Гм, прабачце, часам адарвацца ад гулек не магу. Змейка...


Анёла: Вар’ятня. (Анёла зноў высыпае парашок і зноў нюхае) Я люблю парады і сентыментальныя сінемадрамы! Праз дваццаць хвілін Шцірлец прачнецца. Спрацуе гадамі выпрацаваны рэфлекс. Сабачка прафэсара Паўлава, гы-гы.


На яе Тэстар і Д’ябл глядзяць з непаразуменнем


Тэстар: Стрэс?


Д’ябл: Жанчыны... слабыя істоты!


Раптоўна зноў гучыць радыё.


Радыё: А зараз мы перарываем трансляцыю пятнаццатага пленуму партыі “За усеагульную маскуліннасць народаў” і працягваем слухаць радыйную п’есу “Жылі-былі тры каўбоі:

- Ведаеш, Севярын, раней мяне клікалі Чорны Каёт, але бледнатвары Афанасій Пятровіч прыйшоў аднойчы ў нашае ціхае паселішча, схаванае ў глыбокіх далінах свяшчэннай зямлі, дзе было шмат бізонаў і птушак. Афанасій Пятровіч дастаў свой вялікі чорны Кольт Армі 44ага калібра і пачаў забіваць усіх у нашым паселішчы. Тады я, Жоўты Месяц, Мужны Кулак і Ціхі Шакал пахапалі свае тамагафкі і рушылі на барацьбу з крывавым Афанасіям Пятровічам. Але Афанасій Пятровіч перамог нас: ён забіў Жоўты Месяц, Мужнага Кулака, Ціхага Шакала, збіў мяне да паўсмерці і зрабіў сваім нажом гэтыя раны. Потым, Афанасій Пятровіч расстраляў усіх нашых мужчын, усіх дзяцей нашага паселішча, згвалтаваў усіх нашых жанчын. З кожнага ён здымаў для сябе скальп у якасці трафея. Ён зрабіў гэта, а потым падыйшоў і прамоўвіў наступныя словы: "Ты Чорны Каёт, добры ваяр, але твой час быць Чорным Каётам прайшоў. У цябе цяпер няма ні паселішча, ні сяброў, ні знаёмых, ні жонкі. Наракаю цябе Каёт, Адзінокім Каётам!" Ён паведаміў мне пра гэта, а потым сеў на свайго каня Балівара і знік у бясконцым лесе. З таго моманту не было аніводнага дня, каб я не жадаў забіць Афанасія Пятровіча.

Адзінокі Каёт нарэшце адарваўся ад кропкі на сцяне вігвама і паглядзеў Севярыну ў вочы:

  • Не, Севярын, я не забіваў Афанасія Пятровіча!


Анёла: (У шчаслівай усмешцы і з раскосымі вельмі даступнымі вачамі) Слухай, Тэсатр, адкуль гэта ўвесь час радыё гучыць?


Тэстар: Тут, калі дом будавалі, дык забрукавалі радыё ў сценку, відаць, разам з радыйнай разеткай, вось яно і гарлапаніць час ад часу. Я звыкся дык і не звяртаю ўвагі.


Анёла: Звар’яцець можна. А што яшчэ тут у цябе забрукавалі?


Тэстар: Здаецца, што больш нічога не забрукавалі. Хіба толькі, што забылі забрукаваць.


Анёла: Добра, хопіць тут. Дай мне, Тэстар, ураўненне і я пайшла.


Д’ябл: З якой гэта такой нагоды?


Тэстар: А з той, што мне больш за ўсіх трэба.


Д’ябл: Можа і мне больш за ўсіх трэба?!


Анёла: Табе не трэба! Ты нават рабіць не ведаеш што з ім. Хучэй за ўсё згубіш дзе-небудзь, а верагодней прапьеш.


Д’ябл: Я?


Анёла: Вядома не я. Мне яно для справы трэба.


Д’ябл: Для якой такой справы?


Анёла: Рамонт зраблю. Надакучыла мне такая Зямля, зраблю другую, лепшую!


Анёла падымаецца са стула. Бярэ пісталет, спрабуе яго схаваць у сукенцы, але пісталет падае на стол і страляе. Тэстар падае. Анёла схіляецца над Тэстарам.


Анёла: Ой. Ён што, памёр?


Д’ябл: Я думаю, што так.


Анёла: Зусім?


Д’ябл: Канчаткова.


Анёла: Трэба масаж сэрца рабіць. Што там яшчэ ў гэтакіх выпадках робяць?


Д’ябл: Сухары сушаць.


Анёла: Па хуткую дапамогу патэлефанаваць, неадкладна! Я серыял глядзела, там і не такіх ратавалі! Мілашка доктар Картэр.


Д’ябл: А сэнсу?! Бачыш, ён ужо і пабялеў.


Анёла: Спужаўся, вось і пабялеў. Ты бы рабіў чаго чорт, чорт цябе пабяры.


Д’ябл: А што мне рабіць? Адукацыі медыцынскай у мяне няма!


Анёла: Божа, што ж гэта рабіць? Што рабіць?


Д’ябл: Выразаць ныркі і сэрца.


Анёла: Фі, як жахліва. І навошта гэта?


Д’ябл: На чорным медыцынскім рынку прадалі б. Прыбытковая справа, між іншым.


Анёла: Ай ну цябе. Што рабіць? Што рабіць?! Я забіла чалавека, гэта немагчыма! Гэта супярэчліва! Давай падымем яго хаця б, ці што.


Яны падымаюць і ставяць на ножкі табурэтку. Спрабуюць пасадзіць на табурэтку Тэстара. Тэстар увесь час спаўзае і на табурэтцы сядзець не можа. Анёла нарэшце усаджвае Тэстара, каб галава не спадала, кладзе галаву на апору сагнутай рукі Тэстара.


Анёла: А няма чаго чалавеку боскімі матэрыямі займацца. Месца яму там няма, адна смерць. Сам вінаваты. Яшчэ і ўнутраным голасам прыкрываўся. Які жах. Трэба супакоіцца.


Д’ябл: Так, цяпер і яму, і ўнатрунаму голасу яго, хе-хе, канец! З канцом! На канец! Хе-хе.


Анёла: Гэта нам канец!


Д’ябл: Чаму гэта нам? Я толькі сведка. Тым больш выпарацца магу, амаль як вадкасць.


Анёла: Вось то і бачна, што ты сіроп, а не мужчына!


Д’ябл зноў набівае бульбулятар. Анёла высыпае парашок на стол. Д’ябл паліць. Анёла спрабуе панюхаць, але чыхае і здувае ўвесь парашок.


Анёла: Ррррррр! Усё з рук валіцца.


Тэстар спаўзае і зноў падае на пол. Анёла зноў высыпае парашок на стол і нюхае.


Анёла: Анілгіляцыя. Успышка святла і вецер...


Д’ябл: Мілыя светлыя дамы. Я раб ваш, ей-Богу раб. Нічога з гэтым парабіць не магу. Цалаваць ручкі вашыя буду, ножачкі, пальчыкі. Пясочак цалаваць буду па якім хадзілі вы. Я так вас люблю, такая ў мяне пяшчота нарадзілася, такая любоў, мілыя мае, добрыя, сонечныя дамы.


Анёла: Немагчыма трываць гэтакі жахлівы і бяссэнсоўны маразм, такой няшчаснай і Богам пакрыўджанай істоты. Сіротка ты няшчасная. Рагуля...


Д’ябл: Мілыя мае, давайма радавацца, святкаваць жыццё. Шчасце навокал! А мы яго не заўважаем, не бачым мы яго. Кожны з нас вінаваты, а як дык і больш за ўсіх. – Валіцца д’ябл на калені пачынае цалаваць ногі Анёлы – Мілая мая, добрая, прыгожая, чулая, як люблю цябе! Птушкі спяваюць чуеш?


Анёла: Чую набліжэнне другога прыходу. – Раняе галаву на стол, але тут жа падымае і глядзіць у вочы д’ябла – збярыся. Чорт, збярыся, бо чорт пабяры, чорт ты альбо бык рагаты?!


Д’ябл больш-меньш прымае аформленны выгляд


Д’ябл: Эх Тэстар, ты быў сапраўдным малым! Навошта ты яго забіла? Ніяк уцяміць не магу. На акрываўленыя вілы, зліваю дзікую тугу!


Анёла: Паэт-выраджэнец! О, ёсць ідэя!


Д’ябл: Ёсць хвілінка – ёсць ідэя у дзяўчынкі. Хе-хе.


Анёла падымаецца, ідзе за кулісы. Тут жа вяртаецца з вяроўкай. Робіць пятлю, пятлю апранае на шыю Тэстара. З вялікімі цяжкасцямі садзіць Тэстара на стул. Тулава Тэстара большай часткай ляжыць на стале. Д’ябл глядзіць на гэта апатычна. На ягоным твары задаволеная рэлаксаваная ўсмешка. Голас д’ябла мяккі і прыемны.


Анёла: Падумаюць, што павесіўся.


Д’ябл: А перад гэтым застраліўся ў жывот.


Анёла: Гэта ў яго з-за пояса пісталет выпаў. Выпаў на стол калі Тэстар вешаўся, і стрэліў. Бывае. Лепш бы дапамог жанчыне.


Д’ябл: А скудку? Відаць жа цяжкі. Можа лепш у вакно яго скінуць?


Анёла: У вакно? А што, гэта думка! Спачатку застраліўся, а потым зваліўся ў вакно.


Д’ябл: Так хоць верагодней, а то каб ён яшчэ і павесіўся.


Анёла: Бывае, што вешаюцца.


Д’ябл: Калі страляюцца?


Анёла: Хто страляецца, а хто і вешаецца.


Д’ябл: А ён застраліўся ў жывот, а потым павесіўся?


Анёла: Чаму не? Спачатку павесіўся, а потым застраліўся.


Д’ябл: Давай лепш яго ў ванну, а там кіслатой. Ці кватэру запалкамі падпалім. Напускаем газу і падпалім.


Анёла: Дзе ты бруда таго набраўся?


Д’ябл: Тэлевізар гляджу.


Анёла: І шмат чаго там у тэлевізары?


Д’ябл: Ну так, шмат. Дарэчы, літаральна на днях глядзеў пра вудуізм.


Анёла: Што там?


Д’ябл: Трупы ўскрасалі. Іх спачатку закапвалі, а потым яны самі раскопваліся, як чарапачкі вылупімшыся з яек, і працавалі на плантацыях цукровага трасняку. Такі хітры магічны феадалізм атрымліваецца, хе-хе!


Анёла: Слухай, чорцік, мілы, давай яго ўскрасім!


Д’ябл: Ускрасім?


Анёла: Так, падымем, ажывім, рэінкарнуем. Ён будзе жывы-здаровы, нічога такога. Ніхто і не заўважыць. Ён жа праграміст! Што ён жывы, што паўжывы – выгляд адзіны, неякі! Ты жа майстар па ўсім гэтым акультным штукам. На тое і ёсць у прыродзе ты, чорт, каб чортавымі справамі, чорт пабяры, займацца.


Д’ябл: Трэба ж тут то-сё абсталяваць, заклёны трэба. Прымочкі, колбачкі, спіртовачкі.


Анёла: А не дуры галавы, кампутар жа ёсць, паглядзім.


Д’ябл: Ай, бязглуздасць! Бачыш які ён, зусім мёртвы, такіх нават рэанімацыя не ўскрасае, а ты са сваім вудуізмам спакою не даеш. Калі б то адрэналіну яму ў сэрца, ці там дыфебрыліятарам чаго.


Анёла: Дык то ж рэанімацыя, а то, чорт пабяры, чорт. Мужчына ты ў рэшце рэшт альбо не.


Д’ябл: Я, бадай што, чорт.


Анёла: Ну дык здзейсні свой каварны намер, ускрасі яго!


Д’ябл: Хто каго спакушаць павінен?


Анёла: Не вінаватая я, што ты апатычны такі. Вось так і жывем пагана, таму што апатычныя ўсе! Да дзейнасці не прыдатныя!


Д’ябл: Я толькі зараз разумець пачаў: гэта ты мне ўчора тэлефанавала! Гэта ты мне распавяла пра Тэстара і ўраўненне. Ты накіравала мяне сюды. Дык можа і Тэстара ты забіла невыпадкова! Усё, што здарылася невыпадкова!


Анёла: Прыбяры гістэрыку. Як плачка расплакаўся. Вось чорт, на маю галаву чорт.


Д’ябл: Ты! Ты ўсё гэта выдумала! Толькі не ведаю навошта. Навошта? Га?


Анёла: Што ты заладзіў! Дапамог бы лепш.


Д’ябл: Не буду я дапамагаць. За гэта і тэрмін даць могуць! У цябе свае каварныя планы! А я гады сваёй вечнасці на кутузку псаваць не згодны!


Анёла: Аніякіх планаў. Так атрымалася.


Д’ябл: Прабач, але я чакаць больш не хачу. Пайду адсюль.


Анёла: Чакай... Тут насамрэч не ўсё так проста. Вось, глядзі, што ў мяне ёсць.


Д’ябл: Што гэта?


Анёла: Схема выкарыстання ўраўнення.


Д’ябл: (бярэ паперу, глядзіць на яе) Што тут у цябе? Сутнасць існавання? Бачу праўдзівыя шляхі працякання рэчаіснасці. Бачу сэнс усёй той гульні, якая варушыцца ў нашым свеце. Я бачу, што з чаго складаецца, калі пачало складацца і калі складацца закончыць. Гэта ж сусветны закон! Дыялектычнае адзінства існавання ўсяго, што існуе ў гэтым свеце. Нічога сабе схема!


Анёла: Што такое? (Глядзіць на паперу) Ты дагары нагамі паперу трымаеш, перавярні.


Д’ябл: А, прабач. (Глядзіць зноў) Бачу, што жадаеш ты усё перарабіць на свой манер, пры гэтым вынішчыўшы ўсё жывое, што існуе. Хочаш кіраваць усім, што пераробіш. Ты жадаеш вынішчыць як зло, так і дабро, прыгажосць і агіднасць. Ты жадаеш знішчыць супрацьлегласці і на іх месца ўсталяваць адзіны нейтральны сымбаль існавання?


Анёла: Так, так, хачу!


Д’ябл: Але навошта? Навошта вынішчаць усё: і зло і дабро, і сябе і мяне. Тут жа столькі ўсяго прыгожага: і сакура вясной, і Кіёсі Курасава, Мона Ліза Леанардо, Джымі Хэнрыксан, зялёная трава на ўскраінах гарадоў, чыстая і празрыстая музыка Баха, статуя Калгасніцы і Працоўнага ў рэшце рэшт.


Анёла: Яе разабралі!


Д’ябл: Сэнс існавання пагублены! І хай, Курасаву яны разабраць не здатны!


Анёла: Дурань ты! Які ж ты дурань! Ты столькі год запар чыніш свае злобныя козні, што зусім страціў розум. Хіба ж ты не бачыш, што для Яго (Анёла падымае палец уверх) мы ўсе роўныя па ступені яго любові да нас. Мы ўсе для яго аднолькавыя перад яго вачамі. І ты, і я, і гэты недарэчліва мёртвы Тэстар, мы ўсе роўныя перад ім. А значыць роўныя нулю! Хіба ж ты не разумееш, што мой шлях на шмат лепшы, чым той якім мы існуем цяпер! Ты са сваёй балбатнёй можаш толькі спрачацца і нічога не можаш перарабіць. Ты енчыш, галосіш, а ўсё толькі дзеля таго, каб даказаць, што лепшы чым чалавек. Што ты, нябёсная істота, не роўная па сваёй сутнасці агіднай жывёле, якая злезла з пальмы і пачала кіраваць планетай! Ты як маленькі сапсаваны дзіцёнак, спрабуеш звярнуць увагу бацькоў на сябе і даказаць ім сваю правату. Яны не бачаць сапраўднасці, яны не разумеюць, што ты больш варты іх любові чым іншыя! Што менавіта ты іх сапраўднае дзіця, а не нехта там неродны, варожы табе і тваім меркаванням. Ты толькі што і хацеў, дык то выправіць памылку свайго Таткі. А я, я, я хачу выправіць самаго Татку. Гэтага хітрага, злобнага дзеда-дыміюрга. Хахахахаха!


Д’ябл: Але чаму? Чаму ты такая злая, незадаволеная. Што не так? Навошта ты азлобілася на ўвесь сусвет? Я не магу зразумець!


Анёла: А так. Хачу і буду! (спявае) “Кто людям помогает, тот поступает зря! Хорошімі деламі, прославіться нельзя! Ха-ха-ха-ха-ха-ха”


Д’ябл: Проста захацелася?


Анёла: Вядома ж не! Я не нейкі там злы геній на экране тэлевізара, якому, дзякуючы чалавечай бязглуздасці, перасадзілі хітры і каварны мозг, пры гэтым ужывіўшы ген зла. Прычым зрабілі гэта проста так, таму што цікава было! Таму што некаму часаліся рукі. Была прага ўтварыць што-небудзь! Што-небудзь чалавечае, бязглуздае, ідыёцкае! Не! Я не такая, я зусім не такая. Я за справядлівасць! Калі для Яго мы ўсе аднолькавыя (яна пальцамі паказвае коскі), то справядлівей будзе, калі ўсё у сусвеце будзе роўна нулю! Усё будзе нейтральным. Нават Ён сам, гэты слабы неўдачнік будзе нейтральным, нулявым, пустым! Уся брахня пра раўнавагу дабра і зла насаджана дурнымі прыматамі з адчынінымі чакрамі. Гэтыя гамініды з палкамі-капалкамі і лядна-агневым земляробствам здатны толькі капацца ў зямлі і лупіцца на вогнішча! Калі Бог самы добры, шчыры і светлы, пра якую раўнавагу ідзе гаворка?! У мяне ж сапраўдная раўнавага, ха-ха, такая раўнаважная раўнавага, што ўсім дастанецца!


Д’ябл: А навошта табе Я? Нешта зусім не разумею.


Анёла: Ты жа Сізіф! Абсурдны параліцік, які катае камень па гары, з першапачатковай надзеяй на тое, што калі-небудзь камень закоціць куды трэба! Але з цягам часу ты страціў нават надзею! А для маёй справы няма нічога лепш за нябёсную істоту, якая згубіла нават надзею! Пазнаеш Сізіфа ў сябе самом? Хахаха. Смешная сітуацыя, чорт пабяры! Ці не так, чорт?


Д’ябл: Не магу паверыць: мяне, д’ябла, выкарыстоўваюць у д’яблскіх планах. Гэта па меньшай меры не шчыра!


Анёла: Якая шчырасць у час тэлевізійнай рэкламы і публічнай палітыкі?! Шчырых нават на працу не бяруць! Шчырасць занадта дорага каштуе. Танней набыць зубную пасту і свечку паставіць у храме. Адчыніць лядоўню, разагрэць харч, есці і не пакутаваць ад настпустваў сумлення! Ад рудымента накшталт копчыка! Ты разумееш пра што я, чорт пабяры, чорт?


Чорт: Гэта жахлівей тэрарызму будзе!


Анёла: Затэлефануй у Белы дом і скажы, што анёлы канчаткова знахабелі, чорта дураць.


Анёла бярэ свой стакан і залпам дапівае ваду.


Анёла: Дык вось, чорт. Каб распачаць свой неверагодна хітры і каварны план, для актівізацыі ўраўнення, мне патрэбна каб сістэма перайшла ў нераўнавагу. Мне патрэбна пазбавіцца стабільнасці!


Д’ябл: А я тут пры чым? Я што, краевугольны камень, ці яшчэ якая хітрая штука старажытнай архітэктуры? Да эканамістаў звярніся, дэстабілізацыя гэта іх профель!


Анёла: Не! Мне патрэбен ты. Ты, чорт пабяры, той стабілізуючы элемент сістэмы. Гэта з-за цябе свет трымаецца ў раўнавазе, таму змяніць што-небудзь практычна немагчыма. Ты прыбраў да сваіх рук усё зло якое магчыма на гэтым свеце. Ты адзін маеш права спакушаць, рабаваць, забіваць! Ніхто іншы як ты, чорт. Ты захапаў, прыбраў, прыватызаваў, скраў, прысвоіў, адчудзіў, прысавакупіў! Ты пазбавіў магчымасці іншых права на зло, захапіўшы ўсё зло ў свае рукі! Прабач, але мне прыйдзецца цябе забіць. Без крыўды, нічога асабістага!


Анёла дастае нейкую бліскучую прыладу.


Д’ябл: Пачакай, я пяку смачныя тарты!


Анёла: Ты, чорт пабяры, падабаешся мне, праўда. Я думаю, што ты нават мілы. Але я вымушана забіць цябе, інакш усе намаганні дарма! Я баюся страціць надзею і ператварыцца ў апатычную істоту накшталт цябе, безназоўнага!


Д’ябл: Дранікі!


Анёла: Нічога не паробіш, тут замешана палітыка. Прыйшоў, відаць, час табе і тваім дранікам!


Д’ябл: Чакай! Бог ты мой, я ж бессмяротны!


Анёла: Я ведаю! З чаго ты думаеш я ў цябе страляла?! Правярала. Да апошняй хвіліны не верыла ў гэтакі маразм бессмяротнасці, а атрымалася праўда. Нічога, у мяне маецца запасны варыянт – варыянт Б – гэтая бліскучая штука. Бачыш?


Д’ябл: Што за штука?


Анёла: Гэта бліскучая штука была распрацавана прагрэсіўнымі савецкімі інжэнерамі спецыяльна для вынічшэння бесмяротнасці! Яна ляжала на абаронным сховішчы і працавала адкрывачкай піўных бутэлек! Развітайся з бесмяротнасцю!


Раптоўна пачынае гучаць радыё.


Д’ябл: Дзякуй Богу. Што можа быць хужэй прагрэсіўных савецкіх інжэнераў?!


Анёла прыслухоўваецца


Радыё: А зараз праслухайце завяршэнне радыйнай байкі “Жылі-былі тры каўбоі”

Севярын стаяў пасярод заходнега тракта і паліў цыгарэту. Нікога не было на тракце. Севярын стаяў адзін. Ён глядзеў на зоркі. Ён слухаў грукат свайго сэрца. Ніхто з каўбояў не мог дапамагчы яму. Усе абставіны складаліся супраць яго, Севярына. Ён прыгадаў усё, што здарылася за апошнія дні. Але там не было адказу на яго адзінае пытанне: хто забіў Афанасія Пятровіча? Севярын дапрасіў усіх у горадзе. Ён распрацаваў усе версіі. Ён заўважыў усе ўлікі і ўлікі яму не дапамаглі.

  • Што мне за кошт як чалавеку, калі я не магу спраўдзіць свой намер, - закрычаў Севярын у зорнае начное неба. – Што я за чалавек, калі не здольны вырашыць задачу, якая стаіць перад мной, чалавекам?!

Пракрычаўшы гэта, Севярын дастаў з кабуры рэвальвер і застраліўся.


Анёла: Зглузду з’ехаць можна!


Д’ябл: Ну! Прынамсі, так звычайна і бывае. Жыве чалавек у сваёй кватэры, жыве. На працу ходзіць. Раманы круціць. Тэлевізар глядзіць вечарамі, крэкерамі харчуецца. А тут, нечакана, бац, аднойчы, часам ноччу, з’яжджае з глузду. А потым санітары, уколы, працэдуры. Шпіталь нікога яшчэ не злекаваў. Сёдня ты чалавек, а заўтра садавіна. Шокавая тэрапія. Што паробіш... лёс.


Анёла: Але да справы. На чым мы спыніліся? Відаць на дэканструкцыі!


Д’ябл: Заўсёды думаў, што менавіта я, а не нехта іншы зменіць існуючы парадак. Табе не сорамна псаваць байкі пра Армагедон, сусветны суд, вайну святла і цемры, пра вялікія воіскі і гераічныя подзвігі?


Анёла: Трэба падумаць... НЕ!


Д’ябл: Так і думаў, бессаромная!


Раптоўна гучыць тэлефонны званок. Вясёлая клясічная музыка.


Анёла: Што яшчэ?


Д’ябл: Гэта тэлефон Тэстара. (убок) І сапраўды ратуе жыццё! Хто б мог падумаць!


Анёла: Як не ўчас. Яны нібыта наўмысна псуюць мае планы! Што рабіць? Спачатку забіць, а потым адказаць на званок, ці спачатку адказаць, а потым забіць?


Д’ябл: Тэлефон званіць!


Анёла глядзіць з неапаразуменнем.


Д’ябл: Тэлефон званіць, кажу!


Анёла: Ну так...


Д’ябл: Тэлефон званіць!


Анёла: І...?


Д’ябл: Што і?! Падымі ў рэшце рэшт гэтую трубку. Аж нервы бяруць!


Анёла нахіляецца да Тэстара, лазіць па кішэнях, пераварачвае цела Тэстара.


Анёла: Дзе тут гэты тэлефон? У гэтых кішэнях згубіцца можна!


Нарэшце падымае трубку.


Анёла: Але... Вы не туды патрапілі. Што за людзі! Пра што гэта мы?


Д’ябл: Усё пра круізны лайнер ды летнія вакацыі. Зараз такія танныя пуцёўкі ў Турцыю. У газэце аб’явы чытаў. Ты, Анёла, была калі-небудзь у Турцыі?


Анёла: Хітры? Вось толькі я хітрэйшая! Развітайся з жыццём, чорт цябе пабяры, чорт.


Анёла настаўляе на д’ябла бліскучую прыладу.


Анёла: Ах, дарэчы, ніколі не падабалася мне Турцыя. Спякотна і туркі навокал!


Раздаецца выбух. Д’ябл падае. Пачынае гучаць апакаліптычная музыка. Спачатку ціха, але з кожнай наступнай хвілінай грамчэй і грамчэй. Анёла скідае нагой са стула Тэстара, садзіцца на яго месца. Чырвонае святло сягае на твар Анёле. Анёла ціскае на клявішы лэптопа. Музыка робіцца грамчэй. Вось яна ўжо дасягое свайго апагею. Анёла падкрэсленна ціскае клявішу Enter, зачыняе лэптоп. Залазіць на стол. Падымае рукі дагары. Глядзіць кудысці ў столь. Навокал лунаюць чырвоныя, зялёныя, фіялетавыя промні. Музыка ужо льецца адзіным вакхічным струменем. Здаецца, што апакаліпсіс ужо распачаўся. Праз музыку чуецца гістэрычны жаночы смех Анёлы, але раптоўна ўсё сціхае. Цемра. Запаляецца святло.


На сцэне стул, стол, лэптоп. На стуле сядзіць Тэстар, галава Тэстара знаходзіцца на лэптопе.

Аднекуль гучаць радыйныя пазыўныя і дыктарскі голас пачынае дэкламіраваць: Гюгенс такі змог мякка здзейсніць пасадку на Тытан і зараз еўрапейскія вучоныя прымаюць інфармацыю, якая транслюецца спадарожнікам Касіні. Інфармацыя імчыць да зямлі шляхам двух каналаў і рэкадуецца ў Еўрапейскай Касмічнай агенцыі. Сёння сапраўды святочны дзень у гісторыі еўрапейскай навукі. Вырашана склікаць прэс-канфірэнцыю а пятай гадзіне, дзе павінны выступіць вядучыя інжэнеры і менеджэры праекту. А зараз да іншых навінаў...

Тэстар раптоўна падымае галаву, са стогнам ашалела глядзіць у заль.

2005
2002-2010 ©апіруйце і множце!
Зміцер Смалякоў